ПІЯЖЭ́ ((Piaget) Жан) (9.8.1896, г. Неўшатэль, Швейцарыя — 16.9.1980),

швейцарскі псіхолаг. Вучыўся ва ун-тах Неўшатэля, Цюрыха, Парыжа. У 1926—54 праф. ун-таў Неўшатэля, Жэневы, Лазаны. З 1929 дырэктар ін-та Ж.​Ж.​Русо ў Жэневе. Заснавальнік Міжнар. цэнтра генетычнай эпістэмалогіі ў Парыжы (1955). Навук. працы ў галіне агульнай псіхалогіі, псіхалогіі мыслення і дзіцячай псіхалогіі. Стваральнік канцэпцыі інтэлекту і генетычнай эпістэмалогіі. Распрацоўваў праблемы узаемаадносін псіхалогіі і логікі, вывучаў пераўтварэнне ўнутр. структуры разумовай дзейнасці у ходзе антагенезу. Лічыў, што функцыянаванне і развіццё псіхікі адбываецца пры адаптацыі індывіда да асяроддзя (асіміляцыі), а таксама прыстасавання да канкрэтных сітуацый (акамадацыі). Аўтар прац «Псіхалогія інтэлекту» (1946), «Уводзіны ў генетычную эпістэмалогію» (т. 1—3, 1949—50) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Речь и мышление ребенка. М., 1994;

Избр. психологические труды: Психология интеллекта. Генезис числа у ребенка. Логика и психология. М., 1994;

Суждение и рассуждение ребенка, СПб., 1997.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРЫЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. interiorisation ад лац. interior унутраны),

пераход звонку ўнутр. У псіхалогіі фарміраванне ўнутр. структур псіхікі ў выніку засваення знешняй сац. дзейнасці. Паняцце ўведзена франц. псіхолагамі П.​Жанэ, Ж.​Піяжэ, А.​Валонам. У псіхааналізе выкарыстоўваецца пры тлумачэнні працэсу фарміравання структур несвядомага.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТА́НТНАСЦЬ у псіхалогіі,

адноснае пастаянства ўспрымальных характарыстык аб’екта (яго велічыні, формы, колеру) пры параўнальна шырокім дыяпазоне змены ўмоў успрымання (аддаленасці, ракурсу, асветленасці і інш.). Уласцівасць К. пацвярджае ўмоўна-рэфлекторны характар чалавечага ўспрымання, забяспечвае адносную стабільнасць успрымання навакольнага свету, адлюстроўвае адзінства прадмета і ўмоў яго існавання.

Праблему К. разглядаў Р.​Дэкарт і ўпершыню апісаў К. успрымання велічыні і формы. Заканамернасці фарміравання К. ўспрымання ў дзіцяці і ўзаемасувязь К. з прадметнасцю ўспрымання даследавалі Э.​Брунсвік (Аўстрыя), Ж.​Піяжэ (Швейцарыя), Б.​Г.​Ананьеў (Расія) і інш. Эксперым. даследаванні К. формы праводзілі Р.​Таўлес і Брунсвік, К. колеру — А.​Гельб, Д.​Катц.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭЛЕ́КТ (ад лац. intellectus пазнанне, розум),

здольнасць мыслення, рацыянальнага пазнання; сукупнасць усіх пазнавальных здольнасцей індывіда (памяць, пачуцці, адчуванні, уяўленні і інш.). Тэрмін з’яўляецца лац. перакладам стараж.-грэч. паняцця «нус» (розум). У эпоху антычнасці Арыстоцель і Платон лічылі «нус» вышэйшай разумнай часткай чалавечай душы. У сярэдневякоўі адны філосафы (Фама Аквінскі) лічылі, што воля падпарадкоўваецца І., а другія (У.​Окам, Дунс Скот) сцвярджалі адваротнае. Схаласты ўжывалі паняцце «Божы І.», якое атаясамлівалася са здольнасцю да звышпачуццёвага спасціжэння духоўных сутнасцей. У ням. класічнай філасофіі І. — здольнасць розуму ўтвараць абстрактныя паняцці (І.​Кант) або разумовая здольнасць да абстрактна-аналіт. расчлянення (Г.​Гегель). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі розныя колькасныя і стат. метады вымярэння і ацэнкі І. (спец. тэсты). У некат. канцэпцыях І. атаясамліваецца з сістэмай разумовых аперацый, стылем і стратэгіяй вырашэння праблем, з эфектыўнасцю індывід. падыходу да канкрэтнай сітуацыі. У зах. псіхалогіі І. разглядаецца як здольнасць біяпсіхічнай адаптацыі чалавека да наяўных умоў жыцця (Ж.​Піяжэ, В.​Штэрн і інш.). Індывід. ўзровень развіцця І. абумоўлены ўплывам біял.-генет. і сац. фактараў (асаблівасці сацыялізацыі чалавека, сямейнага выхавання, сац. кантактаў і інш.). Для абазначэння тэхн. сістэм, здольных да адаптыўных паводзін і вырашэння разнастайных задач, выкарыстоўваецца паняцце «штучны І.».

Літ.:

Сухарев В.А. Психология интеллекта. Донецк, 1997;

Айзенк Г. Узнай свой собственный коэффициент интеллекта: Пер. с англ. М., 1995;

Воробьев А.Н. Тренинг интеллекта. М., 1989;

Кирнос Д.И. Индивидуальность и творческое мышление. М., 1992.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці і факты псіхічнага развіцця дзіцяці. Цесна звязана з сац. псіхалогіяй, педагогікай, фізіялогіяй, геранталогіяй і інш. Дз. п. мае значэнне для практыкі выхавання і навучання ў сям’і, дзіцячых дашкольных установах, школе. Веданне Дз. п.навук. аснова для распрацоўкі навуч. праграм, дыягностыкі псіхічнага развіцця дзяцей, павышэння эфектыўнасці выхаваўча-адукац. працэсу і інш. Псіхал. метады: назіранне, гутарка, аналіз вынікаў дзіцячай дзейнасці (выяўленчай, муз., мастацка-моўнай) эксперымент, тэставанне і інш. Асн. прадмет Дз.п. — раскрыццё агульных заканамернасцей псіхічнага развіцця ў антагенезе, устанаўленне ўзроставых перыядаў гэтага развіцця (гл. Узроставая псіхалогія), прычын і механізмаў пераходу ад аднаго перыяду да другога; важная роля адводзіцца асваенню дзецьмі гісторыка-культ. спадчыны, далучэнню іх да сусв. культуры, сацыялізацыі ў працэсе выхавання і навучання.

Дз.п. ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. Яе стваральнік Д.​Тыдэман. У галіне Дз.п. ў розныя часы працавалі В.​Прэер, В.​Штэрн, К.​Грос, І.​М.​Сечанаў, К.​Дз.​Ушынскі і інш. Дз.п. стваралася працамі шэрагу вучоных (Ж.​Піяжэ, З.​Фрэйд, С.​Л.​Рубінштэйн, М.​І.​Лысіна, В.​В.​Давыдаў, В.​А.​Круцецкі і інш.). У Беларусі праблемы Дз.п. распрацоўваюцца на кафедрах псіхалогіі БДУ, Бел. пед. ун-та, Брэсцкага ун-та, Нац. ін-та адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Розныя ўзроставыя перыяды дзяцінства даследавалі бел. вучоныя Л.С.Выгоцкі, Р.​І.​Вадэйка, А.​П.​Ерась, Е.​А.​Панько, Ю.​М.​Карандышаў, Т.​М.​Савельева, Ф.​І.​Івашчанка, Н.​А.​Цыркун, Л.​Г.​Лысюк, Я.Л.Каламінскі, Л.​У.​Фінкевіч, А.​С.​Сляповіч і інш.

Літ.:

Валлон А. Психическое развитие ребенка М., 1967;

Выготский Л.С. Собр. соч. Т. 4. Детская психология. М., 1984;

Бондаренко Е.А. О психическом развитии ребенка. Мн., 1974;

Обухова Л.Ф. Детская (возрастная) психология. М., 1996.

Е.​А.​Панько.

т. 6, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)