ПУШЫ́ЛАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (23.11.1840, С.-Пецярбург — 30.12.1897),
рускі скрыпач. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1866, кл. Г.Вяняўскага). Выступаў з 1852. У 1864—90 канцэртаваў у Пецярбургу і правінцыяльных гарадах Расіі. З 1893 канцэртмайстар і саліст аркестра Мінскага гарадскога тэатра, з 1894 адначасова выкладчык Мінскай муз. школы. Часта ўдзельнічаў у канцэртах Мінскага муз.літ. т-ва. З сярэдзіны 1890-х г. саліст аркестра опернага т-ра, выкладчык муз. школы ў Вільні, з 1895 выкладчык муз. вучылішча Рас. муз. т-ва ў Саратаве. Яго ігра вылучалася высакароднасцю і чысцінёй гуку, шырынёй і спеўнасцю тону, вытанчанасцю адценняў, эмацыянальнасцю, высокім тэхн. майстэрствам.
А.Л.Капілаў.
т. 13, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ МУЗЬІЧНАЯ ШКО́ЛА.
Існавала ў канцы 19 ст. ў Мінску. Адкрыта ў студз. 1894. У школе выкладаліся ігра на фп. (выкладчыкі С.Шацкіна — кіраўнік школы, С.Галіна-Хаванская, І.Дабржэвіч, Р.Масткова, М.Ліпольд), скрыпцы (К.Пушылаў, Б.Шалоўскі), сольныя (Н.Карафа, М.Страмавухава) і хар. спевы, тэорыя музыкі (Ліпольд); усе педагогі мелі вышэйшую муз. адукацыю. Выкладанне вялося «па кансерваторскай методзе». Даваліся абавязковыя вучнёўскія і адкрытыя публічныя канцэрты са складанымі праграмамі (творы В.А.Моцарта, Л.Бетховена, Ф.Мендэльсона, Ф.Шапэна і інш.).
Літ.:
Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999. С. 122—123.
В.П.Пракапцова.
т. 10, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНЯ́ЎСКІЯ (Wieniawscy),
польскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Люблін (Польшча).
Генрык (10.7.1835—12.4.1880), скрыпач, педагог, кампазітар; адзін з найбуйнейшых скрыпачоў-віртуозаў 19 ст., прадстаўнік рамант. школы. Скончыў Парыжскую кансерваторыю па класе скрыпкі (1846) і кампазіцыі (1848). У 1848—60-я г. канцэртаваў у Еўропе (напачатку з братам), набыў еўрап. вядомасць. У 1860—72 прыдворны саліст, кіраўнік і ўдзельнік квартэта Рускага муз. т-ва. У 1862—68 праф. Пецярбургскай, у 1874—76 Брусельскай кансерваторый. У 1872—74 разам з Рубінштэйнам гастраляваў у ЗША. Як кампазітар узбагаціў скрыпічны рэпертуар, асабліва ў галіне жанравай скрыпічнай п’есы і маст. эцюда. Сярод твораў: 2 канцэрты (1853, 1870), «Легенда» (1860), «Скерца-тарантэла» (1855), мазуркі, паланэзы для скрыпкі з аркестрам. Сярод яго вучняў К.Пушылаў, В.Салін, Э.Ізаі. Яго імя носіць міжнар. муз. конкурс (скрыпачоў — у Варшаве з 1935, адноўлены з 1952 у Познані, з 1957 таксама кампазітараў і лютністаў).
Юзаф (23.5.1837—11.11.1912), піяніст і кампазітар. У 1846—50 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Удасканальваўся ў Ф.Ліста. З 1848 выступаў у дуэце з братам, потым з сольнымі канцэртамі ў краінах Еўропы. У 1866—67 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Кіраўнік Варшаўскага муз. т-ва (1875—78), арганізатар сімф. канцэртаў. З 1878 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод муз. твораў пераважна фп. мініяцюры.
Літ.:
Григорьев В. Генрик Венявский. М., 1966;
Grabkowski E.H. Wieniawski. Warszawa, 1985.
Л.А.Сівалобчык.
т. 4, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)