ПУХА́ЕЎ (Аляксандр Спірыдонавіч) (н. 1.9.1926, с. Схліт Карніскага р-на, Паўд. Асеція),

асецінскі пісьменнік, перакладчык. Скончыў Тбіліскі ун-т (1953). Друкуецца з 1946. Першая кніга вершаў «Сябры свету» (1956). Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Лірыка» (1958), «Вершы» (1961), «Месяцавыя ночы» (1965), «Усмешка гор» (1968), «Дарога і песня» (1972), «Летнія дажджы» (1974), «Дабрыня» (1978), «Памяць» (1981), «Жаданні» (1984) і інш. Паэзія П. прасякнута тонкім лірызмам, любоўю да Радзімы, свайго народа, яго мовы і гісторыі. Шмат вершаў і паэму «Песня пра Брэсцкую крэпасць» прысвяціў Беларусі. Складальнік і адзін з перакладчыкаў на асецінскую мову бел. твораў («Маленькая анталогія беларускай паэзіі», 1976; «Анталогія беларускага нарыса», 1990). Пераклаў на асецінскую мову асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, А.​Асіпенкі, Р.​Барадуліна, М.​Калачынскага, К.​Кірэенкі, Г.​Кляўко, К.​Крапівы, П.​Панчанкі, Ю.​Свіркі, В.​Тараса; перакладчык кнігі выбранай лірыкі Я.​Купалы «Летняя раса» (1982) і інш. На бел. мову творы П. пераклалі Калачынскі, Кляўко, А.​Салтук, Свірка, У.​Папковіч.

А.С.Пухаеў.

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЛЕ́ЎСКІ (Сяргей Васілевіч) (н. 24.12.1954, в. Бабча Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. празаік, паэт. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1977). Працаваў у раённым перыяд. друку, у абл. газ. «Віцебскі рабочы». З 1990 (з дня заснавання) — гал. рэдактар віцебскай абл. газ. «Народнае слова». Аўтар кн. паэзіі «Адам і Ева» (1999), прозы «Апостраф» (2000). Публікуецца ў час. «Полымя», «Крыніца», «Маладосць», у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і інш. Асобныя творы Р. перакладзены на рус. і ням. мовы.

А.​С.​Пухаеў.

т. 13, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ГЕР (сапр. Джанаеў Іван Васілевіч; 2.11.1896, с. Сіндзісар, Паўн. Асеція — 3.5.1947),

асецінскі паэт, літаратуразнавец; класік асецінскай л-ры. Скончыў Паўн.-Асец. пед. ін-т (1930). Літ. дзейнасць пачаў у 1913. Матывы абяздоленага жыцця горцаў-беднякоў, іх спадзяванні — асн. змест яго дарэв. паэзіі. Пафасам рэв. барацьбы, сац. перамен прасякнуты паэмы «Мулдар» (1930), «Гыцы» (1934), «На беразе Церака» (1939). Паводле матываў нар. песень і паданняў напісаны паэмы «Сын Уахатага — удалы Гуйман», «Танец Бадэляты» (абедзве 1935) і інш. Тэме подзвігу асецінскага народа ў Вял. Айч. вайну прысвечана паэма «Чырвонаармеец будзе спавядаць» (1945). Разам з Т.​Епхіевым напісаў драму «Коста» (1939). Лірыка Н. адметная навізной вобразаў, форм і жанраў. Даследчык асецінскага фальклору, нарцкага эпасу, творчасці асецінскіх пісьменнікаў.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Орджоникидзе, 1978;

Думы Осетии: Стихи и поэмы. М., 1981.

А.​С.​Пухаеў.

т. 11, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́ЕЎ (Грыс) (Рыгор Дзамбалатавіч; 15.10.1913, с. Рук, Паўднёвая Асеція — 17.11.1999),

асецінскі паэт, драматург, перакладчык. Нар. паэт Паўн. Асеціі (1973). Скончыў Маск. тэатр. ін-т (1935), вучыўся на Вышэйшых літ. курсах пры Літ. ін-це імя М.​Горкага (1955—57). З 1935 акцёр Паўн.-Асецінскага драм. т-ра, у 1946—48 яго дырэктар. Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў вершаў «У крылатыя гады» (1933), «Салдат» (1948), «Жыццё і смерць» (1963), «Сем чэркесак» (1967) і інш., драм. твораў у вершах (трагедыя «Чэрмен», 1949). Паэзія П. адметная музыкальнасцю, кампазіцыйнай стройнасцю, дакладнай апрацоўкай формы. Пераклаў на асецінскую мову асобныя вершы Я.​Купалы, М.​Багдановіча, некат. творы У.​Шэкспіра, А.​Пушкіна, М.​Лермантава.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1959;

Пятый кинжал: Стихи. Баллады. Поэмы. Орджоникидзе, 1972.

А.​С.​Пухаеў.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)