ПУСЭ́Н ((Poussin) Нікала) (15.6.1594, г. Лез-Андэлі, Францыя — 19.11.1665),
французскі жывапісец; адзін з пачынальнікаў і найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў К.Варэна. Зазнаў уплывы А.Карачы, Даменікіна, Рафаэля, Тыцыяна; вывучаў ант. мастацтва, трактаты Леанарда да Вінчы і А.Дзюрэра; займаўся перспектывай, анатоміяй і матэматыкай. Працаваў ў Парыжы (1612—24 і 1640—42) і Рыме (з 1624). З ранніх работ захаваліся ілюстрацыі да «Метамарфозаў» Авідзія, «Энеіды» Вергілія, твораў Ціта Лівія, Дж.Марына (каля 1622—24). Творчасць 2-й пал. 1620—30-х г. вызначаецца стылявой разнастайнасцю: творы высокага грамадзянскага гучання («Смерць Германіка», 1626—27), у духу барока («Пакутніцтва св. Эразма», каля 1628—29); асаблівай актыўнасцю колеравага ладу, блізкага традыцыям венецыянскай школы, адметныя карціны на міфалагічныя і літ. тэмы: «Венера спіць», «Нарцыс і Рэха», «Рынальда і Арміда» (усе каля 1625—27), «Царства Флоры» (каля 1631—32), «Танкрэд і Эрмінія» (1630-я г.). У творах 1630-х г. класіцыстычныя прынцыпы выяўляюцца праз яснасць кампазіцыйнага рытму, які ўспрымаецца як адлюстраванне разумнага пачатку і надае веліч высакародным учынкам чалавека: «Аркадскія пастухі» (каля 1629—30), «Выкраданне сабінянак» (каля 1635), «Натхненне паэта» (1635—38), «Ізраільцяне збіраюць манну» (каля 1637—39), «Знаходжанне Майсея» (1638). З 1640-х г. развіваў прынцыпы ідэальнага пейзажа, прадстаўляў прыроду як увасабленне дасканаласці і мэтазгоднасці. Часта ўводзіў у пейзаж міфалагічныя персанажы: («Кармленне немаўляці Юпітэра», 1640; «Пейзаж з Паліфемам», каля 1649; «Пейзаж з Геркулесам» 1654; «Арыён», каля 1650—55; «Апалон і Дафна», 1664), выкарыстоўваў біблейскія казанні, праз якія ў духу стаіцызму выражаў ідэю пра лёс як пачатак, што рэгулюе ўзаемаадносіны чалавека і свету («Св. Іаан на Патмасе», каля 1644—45; серыя «Поры года», 1660—64). Некат. творы гэтага перыяду вызначаюцца разважлівасцю, перавагай абстрактнай ідэі над пачуццём («Час выратоўвае Ісціну ад намераў Зайздрасці і Разладу», 1642; «Сем таінстваў», 1644—48), узмацненнем этыка-філас. пафасу («Майсей высякае ваду са скалы», «Эліазар і Рэвека», абодва каля 1648; «Адпачынак на шляху ў Егіпет», каля 1658).
Тв.:
Рус.пер. — Письма. М.; Л., 1939.
Літ.:
Гликман А.С. Никола Пуссен. Л.;
М., 1964;
Золотов Ю.К. Пуссен и вольнодумцы // Советское искусствознание, 1978. М., 1979. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКХАНА́ЛІІ,
у Старажытным Рыме святкаванні, містэрыі ў гонар Дыяніса (Вакха). Першапачаткова да ўдзелу ў вакханаліях дапускаліся толькі жанчыны, пазней і мужчыны. З 2 ст. да н.э. набылі характар оргій. У 186 да н.э. на вакханаліі сенацкім указам накладзены абмежаванні. У пераносным сэнсе вакханаліі — дзікі разгул, оргія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́НІС,
грэчаская назва фінікійска-сірыйскага бога расліннасці і ўрадлівасці. У міфалогіі Грэцыі Адоніс — каханы Афрадыты. Паводле міфаў, памёр ад раны, але ўваскрэс і ўзнёсся на неба. Культ Адоніса вядомы з 2-га тыс. да н.э., паўплываў на ўзнікненне міфа пра ўваскрэсенне і ўзнясенне Ісуса Хрыста. Да міфа аб Адонісе звярталіся ў л-ры Авідзій, Лопэ дэ Вэга, У.Шэкспір, у жывапісе — Тыцыян, Рубенс, Пусэн і інш.
Да арт.Адоніс. Венера і Адоніс. Маст. П.П.Рубенс. Каля 1614.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ДА (Prado),
Нацыянальны музей жывапісу і скульптуры Прада, мастацкі музей у Мадрыдзе. Створаны ў 1819 на аснове ісп. каралеўскіх калекцый, размешчаны ў спец. пабудаваным для яго будынку ў стылі позняга класіцызму (1785—1830, арх. Х. дэ Вільянуэва). У зборы шырока прадстаўлены ісп. жывапіс 15—19 ст. (Эль Грэка, Х. дэ Рыбера, Ф.Сурбаран, Д.Веласкес, Б.Э.Мурыльё, Ф.Гоя), карціны італьян. майстроў 16 ст. (Рафаэль, Андрэа дэль Сарта, Тыцыян); зберагаюцца творы нідэрландскай школы жывапісу 15—16 ст. (Рагір ван дэр Вейдэн, Х.Босх, А.Мор), фламандскай (П.П.Рубенс), франц. (Н.Пусэн) школ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ХРЫСЦІ́ЦЕЛЬ (каля 8 да н.э. — каля 28 н.э.),
біблейскі прарок і аскет. У 27—28 пачаў прапаведаваць у пустыні каля р. Іардан: абвяшчаў надыход «царства божага», заклікаў да пакаяння і даваў воднае хрышчэнне. Сярод ахрышчаных быў Ісус Хрыстос, на якога І.Х. указаў як на чаканага месію; яго вучні Андрэй, Сымон, Якаў і Іаан сталі вучнямі Ісуса. За публічнае асуджэнне сувязі цара Галілеі Ірада Антыпы з Ірадыядай зняволены і абезгалоўлены. Пра смерць І.Х. згадвае яўр. гісторык Іосіф Флавій. Памяці І.Х. прысвечана самая стараж. базіліка Рыма — Латэранская. Выявы І.Х. вельмі пашыраны ў сярэдневяковым мастацтве (жывапіс у баптыстэрыях, скульптуры ў Ам’енскім, Шартрскім, Рэймскім саборах) і новага часу (Данатэла, Л.Гіберці, Анджэліка, Д.Гірландайо, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Эль Грэка, М.Караваджа, Рэмбрант, Б.Э.Мурыльё, Н.Пусэн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ВЫЯЎЛЕ́НЧЫХ МАСТА́ЦТВАЎімя А.С.Пушкіна ў Маскве,
збор замежнага мастацтва; другі ў Расіі па значнасці (пасля Эрмітажа). Утвораны на аснове Кабінета прыгожых мастацтваў пры Маскоўскім ун-це, існаваў з сярэдзіны 19 ст., пераўтвораны па ініцыятыве праф. І.Цвятаева ў Музей злепкаў. Адкрыты ў 1912 як Музей прыгожых мастацтваў імператара Аляксандра III пры Маскоўскім ун-це; з 1917 Музей прыгожых мастацтваў, з 1937 сучасная назва. Першапачаткова ў калекцыю музея ўваходзілі злепкі з шэдэўраў ант. і зах.-еўрап. скульптуры, складзены гісторыкам У.Галянішчавым: збор помнікаў мастацтва Стараж. Егіпта, твораў еўрап. жывапісу, ант. ваз і манет. Пасля 1917 фонды музея папаўняліся творамі з Эрмітажа, Траццякоўскай галерэі, Музея новага зах. мастацтва, інш. музеяў і прыватных калекцый (А.Бракара, В.Мандла, Дз.Шчукіна і інш.). Музей захоўвае помнікі мастацтва Стараж. Усходу, ант. Грэцыі і Рыма, Візантыі, краін Усх. і Зах. Еўропы. У карціннай галерэі вылучаюцца зборы палотнаў галанд. і флам. (Рэмбрант, Я. ван Ройсдал, Г.Тэрбарх, А. ван Астадэ, Я.Іорданс, Ф.Снейдэрс, П.П.Рубенс, А. ван Дэйк), франц. (Н.Пусэн, К.Ларэн, А.Вато, Ф.Бушэ, Ж.Л.Давід, К.Каро, Г.Курбэ) і інш. школ; адзін з лепшых у свеце збораў майстроў барбізонскай школы, франц. імпрэсіяністаў (К.Манэ, К.Пісаро, А.Рэнуар), постімпрэсіяністаў (В. ван Гог, П.Гаген, П.Сезан), а таксама творы А.Матыса і П.Пікасо. У аддзеле гравюры і малюнка каля 350 тыс. твораў еўрап., усх. і рас. графікі. З 1981 музей праводзіць муз. фестывалі, якія суправаджаюцца тэматычнымі маст. выстаўкамі. У 1985 створаны фонд маст. фотаздымкаў, у 1994 — Музей асабістых калекцый (на правах навук. аддзела).
Літ.:
Государственный музей изобразительных искусств им. АС.Пушкина: [Альбом]. М., 1989;
Государственный музей изобразительных искусств им. А.С.Пушкина: Кат. картинной галереи. Живопись. Скульптура. Миниатюра. М., 1986.
Будынак Музея выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна.Зала антычнай скульптуры Музея выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАПАРТРЭ́Т (ад аўта... + партрэт),
выява (вобраз) мастака, выкананая ім самім; разнавіднасць партрэта. Выконваецца звычайна з дапамогай люстэрка, фотаздымка, па ўяўленні. Адлюстроўвае не толькі вонкавае падабенства, але і раскрывае ўнутраны свет мастака, яго схільнасці, погляды.
Вядомы з антычнасці (Фідый) і сярэднявечча. Пашыраны ў творчасці мастакоў Адраджэння (Рафаэль, А.Дзюрэр). Аўтапартрэт маньерызму (16 ст.) характарызуецца ўскладненасцю вобразнай структуры. Аўтапартрэт 17 ст. мае спавядальны характар, у ім раскрываецца сац. аблічча мастака (Н.Пусэн, П.П.Рубенс, Рэмбрант). У аўтапартрэце 18 ст. падкрэсліваліся і рысы прыватнага жыцця мастака (Ж.Б.Шардэн, Дж.Рэйналдс). Істотнае месца займаў аўтапартрэт у мастацтве рамантызму, прадстаўнікі якога сцвярджалі каштоўнасць творчай асобы і яе багатага духоўнага жыцця. На мяжы 19—20 ст. жанр аўтапартрэта часта выбіраецца для адлюстравання ўласнага светаўспрымання і жывапіснай канцэпцыі мастака (П.Сезан, В. ван Гог, М.Урубель). У 20 ст. вобразна-кампазіцыйны кірунак аўтапартрэта значна ўскладніўся.
У бел.выяўл. мастацтве першыя спробы аўтапартрэта, верагодна, звязаны з Ф.Скарынам і яго малюнкамі для гравюр у шэрагу выданняў. Жывапісныя аўтапартрэты з’явіліся ў 2-й пал. 18 ст. У 19 ст. выдатныя аўтапартрэты стварылі К.Альхімовіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Я.Кругер, Ю.Пешка, А.Ромер, К. і Б.Русецкія, Н.Сілівановіч, Ф.Смуглевіч, Я.Сухадольскі; на пач. 20 ст. — Ю.Пэн, Ф.Рушчыц, М.Шагал. Аўтапартрэты 1920—30-х г. адметныя імкненнем спасцігнуць самога сябе (П.Гаўрыленка, П.Сергіевіч, М.Тарасікаў). У 1940—60-я г. ствараліся традыцыйныя аўтапартрэты, у якіх асн. ўвага аддавалася вонкаваму абліччу (І.Ахрэмчык, В.Грамыка, Н.Воранаў, Р.Кудрэвіч, Л.Лейтман, М.Манасзон, Ф.Мадораў, П.Раманоўскі, М.Тарасікаў, У.Кухараў). У 1970-я г. да аўтапартрэта звярталіся Г.Вашчанка, В.Варламаў, Н.Варвановіч, В.Грамыка, Л.Дударанка, Г.Лойка і інш. У 1980-я г. ў жанры аўтапартрэта з’яўляюцца творы са складаным прадметна-прасторавым асяроддзем, інтэлектуальныя, «маскарадныя», калі мастак выступае ў пэўным амплуа (Ф.Янушкевіч, Г.Ціхановіч). Часам тэматычнай асновай аўтапартрэтаў становяцца ўспаміны мастака, роздум над жыццём, уласныя думкі і ідэі (М.Савіцкі «Вязень № 32815», Г.Вашчанка «Роздум», В.Сумараў «Мой свет», М.Селяшчук «Датычнасць») або аўтапартрэт уводзіцца ў сюжэтныя кампазіцыі, тэматычныя ці групавыя партрэты (Л.Шчамялёў «Нядзеля», Э.Белагураў «Сямейны партрэт», І.Бархаткоў «Бацька і сын»). Сучасны перыяд развіцця аўтапартрэта адметны імкненнем да шматмернасці вобраза, узмацнення псіхал. асновы, філас. падтэксту.
Літ.:
Зингер Л.С. Автопортрет в системе жанров // Зингер Л.С. Очерки теории и истории портрета. М., 1986;
Яго ж. Автопортрет в советской живописи. М., 1986.
М.І.Цыбульскі.
Да арт.Аўтапартрэт. А.Дзюрэр. 1500.Да арт.Аўтапартрэт. Г.Серабракова. За туалетам. 1909.Да арт.Аўтапартрэт. В.Ваньковіч. 1880-я г.Да арт.Аўтапартрэт. Л Дударанка. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФАЛАГІ́ЧНЫ ЖАНР,
жанр выяўленчага мастацтва, прысвечаны героям і падзеям, прадстаўленым у міфахстараж. народаў. Творам М.ж. звычайна ўласцівы сімвалічнасць вобразаў (багоў, герояў, духаў і інш.), семантычная ўмоўнасць, своеасаблівая трансфармацыя прасторы і часу, ілюстратыўная апавядальнасць раскрыцця зместу міфа. У мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. яго кампазіцыі набылі большую вобразную і сэнсавую самастойнасць, часта змяшчаюць аўтарскія міфалагічныя мадэлі. Генезіс М.ж. цесна звязаны з біблейскім, а таксама гіст. і фантаст. жанрамі, традыц.нар. мастацтвам.
Вытокі М.ж. ў першабытным мастацтве. Вял. ролю ў яго станаўленні мела мастацтва Стараж. Егіпта, Грэцыі і Рыма. Міфы былі асновай традыц. мастацтва народаў Усходу, Афрыкі і Акіяніі. У эпоху сярэднявечча ў межах М.ж. склаліся сістэмы культавага мастацтва асн.рэліг. канфесій. Як жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння, што было абумоўлена цікавасцю да ант. культуры. Праз сюжэты міфаў мастакі ўвасаблялі складаныя этычныя, часта алегарычныя падтэксты (творы С.Батычэлі, Дж.Беліні, П.Веранезе, Данатэла, Джарджоне, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, Тыцыян Б.Чэліні ў Італіі, Х.Босха, Х. ван дэр Гуса, Р.Кампена ў Нідэрландах, Л.Кранаха Старэйшага ў Германіі і інш.). У 17—19 ст. у стылях класіцызму, ракако, рамантызму М.ж. стаў нормай высокага, ідэальнага мастацтва (Ж.Л.Давід, Ж.А.Д.Энгр, Н.Пусэн у Францыі, В.Сяроў, Д.Веласкес у Іспаніі, П.П.Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі, А.Канова ў Італіі, І.Мартас, А.Іванаў у Расіі і інш.). Ў 19—20 ст. разам з тэмамі ант. міфалогіі пашырыліся тэмы герм., кельцкіх, інд., слав. міфаў. У 20 ст. набыў сучаснае пераасэнсаванне ў стылях сімвалізму і мадэрну (М.Дэні ў Францыі, В.Сяроў, М.Урубель у Расіі), а таксама ў творах мастакоў А.Бурдэля, А.Маёля, П.Пікасо (Францыя), Д.Рыверы, Д.Сікейраса (Мексіка), Дж.Дэ Кірыка (Італія), С.Далі (Іспанія), Г.Каспара, Р.Кляйна (Германія), С.Канёнкава, А.Краўчанкі, М.Ульянава, С.Рамановіча (Расія) і інш.
На Беларусі найб. раннія элементы М.ж. ўвасоблены ў мастацтве першабытнага ладу і звязаны са слав. міфалогіяй. Пасля прыняцця хрысціянства яны захаваліся ў некаторых творах дэкар.-прыкладнога мастацтва і ў традыц.нар. мастацтве. З пашырэннем класіцызму і рамантызму адбыўся новы ўздым цікавасці да міфалагічных тэм. У 18 ст. да М.ж. звярталіся мастакі В.Ваньковіч, Я.Дамель, К.Ельскі, К.Рыпінскі, у 19 — пач. 20 ст. — А.Гараўскі, Г.Дмахоўскі, Б.Русецкі, Н.Сілівановіч, І.Трутнеў, І.Лавярэцкі, К.Каганец, Я.Драздовіч, Ю.Пэн. У сучасным бел. мастацтве тэмы язычніцкай міфалогіі распрацоўвае С.Цімохаў. Да М.ж. звяртаюцца Г.Вашчанка, Г.Гаравая, А.Зіменка, У.Кожух, А.Ксяндзоў, А.В.Кузняцоў, А.Марачкін і інш.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Міфалагічны жанр. Г.Вашчанка. Жыцень. 1990.Да арт.Міфалагічны жанр. Тыцыян. Венера і Адоніс. 1553.