ПУПЫ́ШКА ў раслін,

зародак парастка. Мае кароткую вось (сцябло) з конусам нарастання на верхавінцы і шчыльна размешчанае на восі зародкавае лісце, якое ўкрывае вось і адно аднаго (вегетатыўная П.), або мае, акрамя таго, зародкі кветак і суквеццяў (генератыўная П.). Вонкавыя лісцевыя органы ахоўваюць унутр. мерыстэматычную ч. ад высыхання і пашкоджвання і ўтвараюць у П. цёмную вільготную камеру. Кветкавая П., што мае 1 кветку, наз. бутонам. Адрозніваюць верхавінкавыя (тэрмінальныя) П. — забяспечваюць рост парастка ў даўжыню, і бакавыя (пазушныя) — забяспечваюць галінаванне і развіццё сістэмы парасткаў. У шматгадовых раслін П. перажываюць перыяд спакою, які звычайна звязаны з неспрыяльнымі ўмовамі, і з надыходам цёплага або вільготнага сезона даюць парасткі (П. ўзнаўлення). Спячыя П. захоўваюць жыццяздольнасць на працягу гадоў і пры пашкоджанні ч. ствала і галін, якія знаходзяцца вышэй, з іх развіваюцца т.зв. вадзяныя парасткі, часта у выглядзе пнёвых парасткаў. Гэтая ўласцівасць выкарыстоўваецца пры фарміраванні кроны пладовых і дэкар. дрэў. З прыдаткавых П. на каранях утвараюцца каранёвыя атожылкі. Многія П. служаць для вегетатыўнага размнажэння, а т.зв. вывадкавая П. (напр., у брыяфілуму) — для жыванараджэння ў жывародных раслін.

т. 13, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЧКА,

1) вегетатыўны орган у шматгадовых вышэйшых раслін (зімуючая ці часова спыненая ў развіцці відазмененая пупышка або комплекснае марфалагічнае ўтварэнне, якое аб’ядноўвае некалькі пупышак); у садоўніцтве — пупышка з прышчэпкай, што служыць для прышчэплівання на прышчэпу; у агародніцтве — ямка на клубнях бульбы з 3 (адной цэнтральнай і дзвюма бакавымі) укрытымі лускавінкамі пупышкамі (пасадачным матэрыялам могуць быць клубні, парэзаныя на часткі, якія маюць хоць адно вочка).

2) Орган зроку (адзін або некалькі) у мечахвостаў і членістаногіх.

3) Стыгма, або чырвоная плямка, — святлоадчувальная арганела жгуцікавых прасцейшых, аднаклетачных рухомых водарасцей і зааспор шматклетачных водарасцей.

т. 4, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТО́Н (франц. bouton),

пупышка, якая распускаецца ў кветку. Звычайна бутон адрозніваецца ад лісцевых пупышак той жа расліны памерамі і прытупленай верхавінкай. Усе часткі кветкі ў бутоне ўжо сфарміраваныя. Па папярочным зрэзе праз бутон складаюць дыяграмы кветкі, што даюць нагляднае ўяўленне пра лік і ўзаемнае размеркаванне яе асобных частак. Вывучэнне бутонаў мае значэнне ў марфал. характарыстыцы розных сям. раслін і іх сістэматыцы.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РАСТАК,

адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін; мае вось-сцябло, лісце і пупышкі. Рэпрадуктыўны П. мае яшчэ органы размнажэння — спарангіі, стробілы, кветкі. Узнік як прыстасаванне да наземнага спосабу жыцця. Адзіны орган: лісце і сцёблы фарміруюцца з агульнага масіву мерыстэмы і маюць адзіную праводзячую сістэму. Структурны элемент (метамер) П. — вузел з адыходзячым ад яго лістом, або кальчак лісця, міжвузелле, якое знаходзіцца ніжэй, і пупышка (зародкавы П.). Разнастайныя тыпы П. ўзніклі ў працэсе эвалюцыі як прыстасаванне да розных умоў жыцця, а ў культ. раслін — і пад уздзеяннем чалавека.

т. 12, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пупышы́, мн. л. пупушы́ ’дзьмухаўцы’ (свісл., Шатал.), мн. л. пупшэ ’пупышкі; сукараткі’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пупышка (у раслін) (ТСБМ), пупышка ’тс’ (Нас., Мядзв., Бяльк.), ’мякіш, кончык пальца’ (гом., Мат. Гом.), пу́пашка ’пупышка; сасок’ (ТС), pupūška ’пупышка; сасок; мяккая частка канца пальца’ (Варл.), пыпашка ’кончык пальца’ (віл., Шатал.), пу́пушок ’пупышка; кончык пальца’ (Сл. ПЗБ), рус. пу́пыш ’прышч; сасок; пупышка’. Звязана з пуп (Фасмер, 3, 408), варыянтнасць вакалізму тлумачыцца ўплывам акружэння губных зычных. Параўн. пу́пях, пупах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́тка ’пеніс’ (гродз., Цых.), ’палавы орган’ (Нас., Байк. і Некр.; гродз., кобр., Сл. ПЗБ), ’прарэх у штанах’ (гродз., Сл. ПЗБ), укр. по́тка ’жаночы палавы орган’, по́так ’мужчынскі палавы орган’, рус. по́тка ’membrum virile (у хлопчыкаў)’, палаб. pótkă ’жаночы або мужчынскі палавы орган’ (Олеш, Thesaurus, 805). Прасл. *pъtъka ’палавы орган’, роднаснае літ. paũtas, мн. л. paũtai ’муды, мужчынскія геніталіі’, што паўплывала, паводле Грынавяцкене, на ўжыванне множналікавай формы: яго поткі відаць — які срам (гродз., LKK, 12, 194), адсюль, верагодна, першаснае значэнне ’testicula’. Гэта, аднак, не дае падстаў лічыць слова запазычаннем, насуперак Карскаму (РФВ, 49, 16). Далейшым сувязі няясныя. Паводле Сноя₂ (502), потка ’пеніс’ узыходзіць да прасл. *pъtьka, роднаснага *pъtʼka ’пупышка’ (гл. почка), для якіх рэканструююцца першасныя значэнні ’яйка’ або ’орган размнажэння (у раслін)’, што сумнеўна. Часцей прымаецца перанос назвы птушкі, параўн. рус. по́тка ’птушачка (асабліва пеўчая)’, на назву membrum virile (у дзяцей) (Фасмер, 3, 344; ЕСУМ, 4, 539; 545), што мае шматлікія тыпалагічныя паралелі (параўн. балг. патка ’качка, гуска’ і ’палавы орган у малога хлопчыка’; англ. cock ’певень’ і ’пеніс’ і пад.), што дае падставы Тапарову (Зб. памяці Талстога, 2, 266) гаварыць пра membrum virile ў “арніталагічным” кодзе: *pъt‑ъka (< і.-е. *put‑uk‑) ’птушачка’ і ’пеніс’ параўноўваецца з лац. putus ’хлопчык’ (< і.-е. *pōu‑: *pəu: *pū̆ з пашырэннем ‑t‑), параўн. утворанае ад яго арум. puță ’penis, membre virile’ (Скок, 3, 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)