Прыям (міфал.) 10/294

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЯ́М,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі апошні цар Троі, бацька Гектара, Парыса, Касандры і многіх інш. сыноў і дачок. Амаль усе яго сыны загінулі ў Траянскай вайне. Адзін з самых хвалюючых эпізодаў паэмы «Іліяда» — знаходжанне састарэлага П. ў грэч. лагеры, дзе ён упрошвае Ахіла выдаць яму за вял. выкуп цела забітага Гектара. У ноч узяцця Троі грэкамі П. спрабаваў узброіцца і ўступіць у бой. Жонка Гекуба пераканала яго шукаць выратавання каля хатняга алтара Зеўса, дзе П. загінуў ад мяча Неапталема — сына Ахіла.

т. 13, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКУ́БА, Гекаба,

у грэчаскай міфалогіі жонка траянскага. цара Прыяма, маці Гектара, Парыса, Касандры і інш. Пры разбурэнні Троі перажыла смерць усіх блізкіх і стала нявольніцай Адысея, пазней ператворана ў сабаку. Загінула ў час пераправы цераз праліў Гелеспонт (Дарданелы). Вобраз Гекубы ўвайшоў у класічную л-ру (Эўрыпід, Дантэ, У.​Шэкспір і інш.).

Прыям і Гекуба ўзбройваюць Гектара. Размалёўка чырвонафігурнай амфары Эўфіміда. Каля 510 да н.э.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІ́Л, Ахілес,

у грэчаскай міфалогіі герой Траянскай вайны, адзін з гал. персанажаў «Іліяды». Паводле падання, маці Ахіла, марская багіня Фетыда, каб зрабіць сына бессмяротным, пакупала яго ў свяшчэнных водах р. Стыкс. Толькі пятка, за якую яна трымала дзіця, засталася паражальная. Загінуў Ахіл ад стралы Парыса, што трапіла ў пятку (адсюль выраз «ахілесава пята»). Ахіл — улюбёны герой стараж.-грэч. мастакоў і паэтаў, яму прысвечаны шматлікія малюнкі на ант. вазах, пампейскія фрэскі, рэльефы рым. саркафагаў. Міф пра Ахіла стаў сюжэтам твораў жывапісцаў А. ван Дэйка, П.​П.​Рубенса, Дж.​Б.​Цьепала, Н.​Пусэна, А.​Іванава.

Да арт. Ахіл. Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара. Мастак А.​А.​Іванаў. 1824.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАЎ (Аляксандр Андрэевіч) (28.7.1806, С.-Пецярбург — 15.7.1858),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1817—28; з 1836 акадэмік) у свайго бацькі А.Л.Іванава і ў А.​Я.​Ягорава. У 1830 пенсіянер у Італіі, у 1831—58 жыў у Рыме. Раннія творы маюць рысы класіцызму («Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара», 1824; «Белерафонт накіроўваецца ў паход супраць Хімеры», 1829; «Апалон, Гіяцынт і Кіпарыс», 1831—34; «Яўленне Хрыста Марыі Магдаліне», 1835). Значную частку жыцця прысвяціў працы над манум. палатном «Яўленне Хрыста народу» (1837—57). Евангельскі сюжэт трактуецца як рэальная гіст. падзея, асн. змест якой — абнаўленне старога свету хрысціянствам з яго ідэаламі роўнасці і духоўнага адраджэння людзей. Шматфігурная кампазіцыя паказвае шэраг выразных характараў, жывапісная форма і каларыт вылучаюцца жыццёвасцю. Самастойнае значэнне мае серыя «Біблейскія эскізы» (пейзажы, партрэты, накіды) да карціны.

Літ.:

Загянская Г.А. Пейзажи А.​Иванова. М., 1976;

Алленов М.М. А.​А.​Иванов. М., 1980;

Яго ж. А.​А.​Иванов: [Альбом]. Л., 1981.

В.​Я.​Буйвал.

А.А.Іванаў. Яўленне Хрыста народу. 1837—57.

т. 7, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)