ПРЫГО́ЖЫН (Prigogine) Ілья Раманавіч (н. 25.1.1917, Масква),

бельгійскі фізік і фізікахімік; адзін са стваральнікаў тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў. Чл. Бельгійскай каралеўскай АН (1953; у 1968—70 яе прэзідэнт). Замежны чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1960), Нац. АН ЗША (1967), Рас. АН (1982), Нац. АН Беларусі (1995) і АН многіх інш. краін свету. Бацька паходзіў з Магілёўшчыны. З 1929 у Бельгіі. Скончыў Брусельскі ун-т (1942), з 1943 працуе ў ім (з 1951 праф., з 1987 ганаровы праф.). Адначасова з 1959 дырэктар Міжнар. ін-та фізікі і хіміі імя Э.​Сальвэ (Брусель), з 1967 праф. Тэхаскага ун-та (г. Остын, ЗША) і дырэктар заснаванага ім пры гэтым ун-це Цэнтра даследавання статыст. механікі і складаных сістэм імя П. Навук. працы па тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў, статыст. фізіцы, фіз. хіміі, філасофіі. Увёў паняцці вытв-сці і патоку энтрапіі, даказаў тэарэму аб скорасці вытв-сці энтрапіі (тэарэма П.; 1947). Абгрунтаваў тэрмадынамічныя суадносіны для газаў у нераўнаважным стане (1959—60). Нобелеўская прэмія 1977.

Тв.:

Рус. пер. — Введение в термодинамику необратимых процессов. М., 1960;

Неравновесная статистическая механика. М., 1964;

Конец определенности. Время, хаос и новые законы природы. Ижевск, 1999.

Літ.:

Астапчик С.А., Мартыненко О.Г. И.​Р.​Пригожин // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1992. № 4;

Великие преобразователи естествознания: Илья Пригожин: XIV междунар. чтения: Тез. докл. Мн., 1998.

М.​М.​Касцюковіч.

І.Р.Прыгожын.

т. 13, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЧАІ́СНАСЦЬ,

аб’ектыўна рэальнае, актуальнае і наяўнае быццё. Р. адрозніваюць ад ідэальнага, нерэчаіснага зместу чалавечых вобразаў і паняццяў і патэнцыяльнага, магчымага быцця, якое яшчэ не ўзнікла, не стала наяўным. Складаецца са шматлікай колькасці матэрыяльных прадметаў, з’яў, рэчаў з іх уласцівасцямі і адносінамі, якія знаходзяцца ў працэсах развіцця і змен. Да Р. адносяцца і прыродныя, і грамадска-гіст. з’явы, у т. л. каштоўнасці матэрыяльнай і духоўнай культуры. Таксама ўключае псіхафізіял. ўласцівасці людзей (магчымасць адлюстроўваць з’явы свету ў форме адчуванняў і звязаныя з імі ўспрыняцце, уяўленні, паняцці, меркаванні, тэорыі і інш.), але ідэальны змест гэтых уласцівасцей да Р. не адносіцца: ён можа адпавядаць Р. ці скажаць правільнае ўяўленне аб ёй. Крытэрыем правільнага адлюстравання Р. ў ідэях з’яўляецца практыка.

Катэгорыя Р. выкарыстоўвалася яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі. Дэмакрыт проціпастаўляў Р. як «свет па ісціне» «свету па меркаванні». Платон разглядаў Р. як свет ідэальных сутнасцей, процілеглы пачуццёваму свету. У філасофіі 16—18 ст. Р. тлумачылася як сукупнасць матэрыяльных цел, якія аб’ектыўна існуюць у прасторы і часе і наглядна дадзены чалавеку ў адчуваннях. Г.В.​Ф.​Гегель прызнаваў у якасці Р. абсалютныя паняцці, якія аб’ектыўна існуюць і дыялектна развіваюцца ў сусв. розуме. Рас. філосафы М.​А.​Бярдзяеў, С.​Л.​Франк разглядалі Р. як абсалютнае (Божае) быццё і лічылі, што яго нельга даказаць, але трэба першапачаткова зыходзіць з яго; разам з тым яны прызнавалі першаснасць прадметнага быцця і сцвярджалі, што ўкаранёнасць чалавека ў гэтым быцці робіць магчымай яго свядомасць. Прадстаўнікі экзістэнцыялізму разглядалі Р. як перажыванне чалавекам свайго існавання. Бельг. фізік і філосаф І.​Р.​Прыгожын распрацаваў сінергетычны падыход у разуменні Р., якую разглядаў як самарэгулюемую сістэму, што грунтуецца на ўзаемапераходных працэсах хаосу і парадку, няўстойлівасці і ўстойлівасці, дэзарганізацыі і арганізацыі. Паняцце «Р.» цесна звязана з катэгорыяй магчымасці, якая з’яўляецца патэнцыяльнай Р., перадумовай Р. У развіцці пэўных з’яў Р. змешчана мноства нерэалізаваных магчымасцей. Іх рэалізацыя залежыць ад канкрэтных умоў, а часта ад выпадковых абставін развіцця Р. (гл. Магчымасць і рэчаіснасць). Працэсы рэалізацыі магчымасцей у Р. як самарэгулюемай сістэме даследуюцца ў сінергетыцы.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)