бельгійскі фізік і фізікахімік; адзін са стваральнікаў тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў. Чл. Бельгійскай каралеўскай АН (1953; у 1968—70 яе прэзідэнт). Замежны чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1960), Нац.АН ЗША (1967), Рас.АН (1982), Нац.АН Беларусі (1995) і АН многіх інш. краін свету. Бацька паходзіў з Магілёўшчыны. З 1929 у Бельгіі. Скончыў Брусельскі ун-т (1942), з 1943 працуе ў ім (з 1951 праф., з 1987 ганаровы праф.). Адначасова з 1959 дырэктар Міжнар. ін-та фізікі і хіміі імя Э.Сальвэ (Брусель), з 1967 праф. Тэхаскага ун-та (г. Остын, ЗША) і дырэктар заснаванага ім пры гэтым ун-це Цэнтра даследавання статыст. механікі і складаных сістэм імя П. Навук. працы па тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў, статыст. фізіцы, фіз. хіміі, філасофіі. Увёў паняцці вытв-сці і патоку энтрапіі, даказаў тэарэму аб скорасці вытв-сці энтрапіі (тэарэма П.; 1947). Абгрунтаваў тэрмадынамічныя суадносіны для газаў у нераўнаважным стане (1959—60). Нобелеўская прэмія 1977.
Тв.:
Рус.пер. — Введение в термодинамику необратимых процессов. М., 1960;
Неравновесная статистическая механика. М., 1964;
Конец определенности. Время, хаос и новые законы природы. Ижевск, 1999.
Літ.:
Астапчик С.А., Мартыненко О.Г. И.Р.Пригожин // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1992. № 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́ЎНАЯ РЭА́ЛЬНАСЦЬ,
сукупнасць незалежных ад чалавечай свядомасці аб’ектаў, сувязяў, адносін, узаемадзеянняў, працэсаў, аб’яднаных у нежывыя, жывыя і сац.-арганізаваныя сістэмы. Жывыя сістэмы ўключаюць усю сукупнасць арганізмаў, здольных да самаўзнаўлення на аснове генетычнай інфармацыі. Сац.-арганізаваныя сістэмы — гэта сукупнасць індывідуумаў і іх згуртаванняў, якія падтрымліваюць сваё існаванне праз пераўтварэнне навакольнай рэчаіснасці. У структуру такіх сістэм уваходзяць таксама створаныя чалавекам тэхн. сістэмы, з дапамогай якіх ён больш паспяхова асвойвае рэчаіснасць. Унутраная падпарадкаванасць і сістэмная арганізацыя, якімі валодае аб’ектыўная рэальнасць, законы яе эвалюцыі складаюць найважнейшы элемент даследаванняў. З улікам характару аспектаў аб’ектыўнай рэальнасці, якія даследуе тая ці інш. дысцыпліна, вылучаюць фіз. рэальнасць, біял. рэальнасць і г.д. і адпаведна карціну фіз. рэальнасці, карціну біял. рэальнасці і г.д. як найбольш буйныя блокі ведаў. Агульныя характарыстыкі аб’ектыўнай рэальнасці адлюстроўвае агульнанавук. карціна сусвету.
Літ.:
Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;
Пригожин И., Сонгере И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой. М., 1986;
Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ (франц. organisation ад позналац. organizo надаю зграбны выгляд, упарадкоўваю),
1) ступень і характар упарадкаванасці элементаў сістэмы, яе адэкватнасць функцыям, што выконвае гэта сістэма. Паняцце «арганізацыя» азначае сістэмны аб’ект, упарадкаванасць, мэтанакіраваную дзейнасць кібернетычных сістэм, сац. сістэму як сродак дасягнення мэты. Сама канцэпцыя арганізацыі, такім чынам, уключае агульнафіласофскі, сістэмны, кібернетычны і сацыялагічны падыходы. Стварыць агульнае вучэнне аб арганізацыі спрабаваў А.А.Багданаў (1913), які выказаў ідэю ізамарфізму розных арганізацыйных структур, блізкую да агульнай тэорыі сістэмы, кібернетыкі, сінергетыкі, канцэпцыі глабальнага эвалюцыянізму і інш. Вызначальныя рысы арганізацыі — упарадкаванасць, функцыянальнасць, іерархічнасць. Упарадкаванасць уключае парадак (разнастайнасць устойлівых сувязяў у патоку змен), кампазіцыю элементаў (від ўладкаванасці) і функцыянальную залежнасць (змена элемента вядзе да змены інш. элементаў ці ўсёй сістэмы ў цэлым і, наадварот, змена сістэмы вядзе да змены яе структурных элементаў). Функцыянальнасць характарызуе адносіны сістэмы з навакольным асяроддзем, дасягненне за кошт арганізацыі прыстасавальнага (функцыянальнага) эфекту. Сутнасць іерархічнасці ў тым, што кожная арганізацыя мае розныя ўзроўні (сістэмы і падсістэмы, ступені, формы, структуры, тыпы і г.д.), разуменне якіх спрыяе выяўленню генетычнай сувязі паміж імі: у нежывой прыродзе — ад субклетачнага да Метагалактыкі, у жывой прыродзе — ад субклетачнага да біясфернага (і наасфернага), у грамадстве — ад чалавека да соцыуму.
2) Аб’яднанне людзей для сумеснай рэалізацыі пэўнай праграмы ці мэты на аснове вызначаных правілаў дзеяння.
3) Сукупнасць працэсаў ці дзеянняў, якія вядуць да ўтварэння і ўдасканальвання ўзаемасувязяў паміж часткамі цэлага.
Літ.:
Богданов А.А. Текстология: Всеобщая организационная наука. Кн. 1—2. М., 1989;
Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ.М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭРМІНІ́ЗМ (ад лац. determino вызначаю),
вучэнне аб сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў рэчаіснасці. Ядром Д. з’яўляецца палажэнне пра існаванне прычыннасці, г. зн. такой сувязі з’яў, у якой адна з’ява (прычына) пры пэўных умовах з неабходнасцю нараджае іншую з’яву (вынік). Ідэя Д. ўзнікла ў стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Дэмакрыт, Эпікур) і найб. ярка выявілася ў ант.атамістыцы. Далейшае развіццё і абгрунтаванне Д. набыла ў прыродазнаўстве і матэрыяліст. філасофіі новага часу (Ф.Бэкан, Г.Галілей, Р.Дэкарт, І.Ньютан, М.В.Ламаносаў, К.Лышчынскі, Б.Спіноза, С.Шадурскі і інш.). Механістычны, абстрактны характар Д. гэтага перыяду знайшоў сваё выяўленне ў абгрунтаванні формы прычыннасці законамі механікі, адмаўленні аб’ектыўнага характару выпадковасці, што ў канчатковым выніку вяло да фаталізму. У розных кірунках Д. абгрунтоўваецца першапачатковая вызначальнасць усіх з’яў у свеце, уключаючы ўсе працэсы чалавечага жыцця, з боку Бога (тэалагічны Д.), або толькі з’яў прыроды (касмалагічны Д.), або спецыяльна чалавечай волі (антрапалагічны Д.). Прыхільнікі дыялект. матэрыялізму лічылі, што сувязі паміж з’явамі абумоўлены матэрыяльнымі працэсамі. Пра наяўнасць такіх узаемасувязей, на іх думку, сведчаць устанаўленне дакладнага становішча, прычыны і законаў руху цел у механіцы і класічнай фізіцы, устанаўленне верагоднаснай узаемасувязі паміж мікрачасціцамі ў квантавай механіцы, паміж асобінамі ў біял. папуляцыях, адкрыццё самарэгулявальных і самакіравальных сістэм у кібернетыцы і інш. Паводле гэтай канцэпцыі, гістарычна абумоўленым ва ўсіх сваіх праяўленнях з’яўляецца і грамадства, стан якога ў кожны дадзены момант з’яўляецца вынікам папярэдніх станаў і ўмоў, з якіх вынікае наступнае развіццё. Процілегласць Д. — індэтэрмінізм, які адмаўляе ўсеагульны характар прычыннасці або не прызнае яе наогул.
Літ.:
Детерминизм: системы, развитие. Мн., 1985;
Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ.М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТВО́РЫ,
гамагенныя сістэмы пераменнага саставу, утвораныя 2 ці большай колькасцю рэчываў (кампанентаў). Паводле агрэгатнага стану адрозніваюць газападобныя, ці газавыя сумесі (напр., паветра), вадкія і цвёрдыя (гл.Цвёрдыя растворы). Адносная колькасць кампанента ў Р. (гл.Растваральнасць) характарызуецца яго канцэнтрацыяй. Звычайна тэрмін «Р.» адносяць да вадкіх сістэм.
У вадкіх Р. адзін з кампанентаў наз.растваральнікам, астатнія — растворанымі рэчывамі. Растварэнне абумоўлена дыфузіяй і міжмалекулярным узаемадзеяннем. У Р. існуе блізкі парадак у адносным размеркаванні малекул (гл.Далёкі і блізкі парадак), але цеплавы рух малекул можа прыводзіць да флуктуацый шчыльнасці і канцэнтрацыі. Сувязь паміж малекуламі (іонамі) у Р. ажыццяўляецца за кошт Ван-дэр-Ваальса сіл і ў некаторых выпадках вадароднай сувязі. Пры хім. узаемадзеянні паміж малекуламі растворанага рэчыва і растваральніку магчыма ўтварэнне ўстойлівых комплексаў (гл.Сальватацыя). Уласцівасці рэальных Р. вызначаюцца характарам узаемадзеяння паміж малекуламі кампанентаў і адрозніваюцца ад уласцівасцей ідэальных Р., якія падпарадкоўваюцца Рауля законам.
Паводле наяўнасці або адсутнасці электралітычнай дысацыяцыі малекул раствораных рэчываў Р. падзелены на 2 асн. класы — Р. электралітаў і Р. неэлектралітаў. У асобны клас вылучаны Р. высокамалекулярных злучэнняў, якія паводле ўласцівасцей істотна адрозніваюцца ад Р. інш. рэчываў, што абумоўлена значным адрозненнем памераў малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Класіфікуюць Р. і паводле інш. прыкмет, напр., паводле прыроды растваральніку (Р. водныя і няводныя), значэння вадароднага паказчыка (кіслыя, нейтральныя, шчолачныя Р.). Водныя Р. адыгрываюць выключную ролю ў біял. працэсах. Выкарыстоўваюць Р. солей, кіслот і асноў у гідраметалургіі, няводныя Р. — у вытв-сці палімераў, фарбавальнікаў і інш.
Літ.:
Шахпаронов М.И. Введение в современную теорию растворов. М., 1976;
Герасимов Я.И., Гейдерих В.А. Термодинамика растворов. М., 1980;
Пригожин И.Р. Молекулярная теория растворов: Пер. с англ.М., 1990.