БАЛТЫ́ЙСКА-ПРЫДНЯСТРО́ЎСКАЯ ЗО́НА ПЕРЫКРАТО́ННЫХ ПРАГІ́НАЎ,

буйная монаклінальная структура каледонскага этапу тэктагенезу на З Усходне-Еўрапейскай платформы (кратона). Працягнулася з ПдУ на ПнЗ ад Чорнага да Паўночнага мораў, абмежавана з З Тэйсейра-Торнквіста лініяй. У будове вылучаюцца структурныя насы і залівы, якім адпавядаюць сучасныя структуры паверхні крышт. фундамента: Малдаўская монакліналь, Паўн.-Малдаўскае падняцце, Валынская упадзіна, Мазурскі і Лукаўска-Ратнаўскі выступы, Падляска-Брэсцкая ўпадзіна, Балтыйская сінекліза, ч. Балтыйскага шчыта, упадзіна праліваў Скагерак і Катэгат.

Узнікла пад уздзеяннем прагінання суседняй геасінкліналі. Нарастальнае на З апусканне суправаджалася верт. блокавымі рухамі з утварэннем разломаў і лакальных структураў. Развівалася ў кембрыі, ардовіку, сілуры, раннім дэвоне. Запоўнена магутнай тоўшчай (да 3500 м) тэрыгенных і карбанатных адкладаў, з якімі звязаны асн. запасы нафты і газу на З Усх.-Еўрап. платформы.

Г.​В.​Зінавенка.

т. 2, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прагі́н

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. прагі́н прагі́ны
Р. прагі́ну прагі́наў
Д. прагі́ну прагі́нам
В. прагі́н прагі́ны
Т. прагі́нам прагі́намі
М. прагі́не прагі́нах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

прагіна́ць

дзеяслоў, пераходны, незакончанае трыванне, незваротны, 1-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. прагіна́ю прагіна́ем
2-я ас. прагіна́еш прагіна́еце
3-я ас. прагіна́е прагіна́юць
Прошлы час
м. прагіна́ў прагіна́лі
ж. прагіна́ла
н. прагіна́ла
Загадны лад
2-я ас. прагіна́й прагіна́йце
Дзеепрыслоўе
цяп. час прагіна́ючы

Крыніцы: dzsl2007, krapivabr2012, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ТЭ́ЙСЕРА—ТО́РНКВІСТА ЛІ́НІЯ, Тэйсера—Торнквіста зона,

краявое шво Усходне-Еўрапейскай платформы. Адмяжоўвае Заходне-Еўрапейскую маладую платформу ад Балтыйска-Прыднястроўскай зоны перыкратонных прагінаў на З стараж. Усх.-Еўрапейскай платформы. Складаецца з серыі глыбінных (мантыйных) разломаў, уваходзіць у больш працяглы Дабруджска-Паўночнаморскі лініямент зямной кары.

т. 16, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНКЛІНО́РЫЙ (ад сінкліналь + грэч. oros гара),

комплекс складкавых дыслакацый слаёў зямной кары з агульнай сінклінальнай будовай, дзе люстэрка складкавасці (датычная паверхня да скляпенняў або замкоў антыкліналей) апушчана ў гал. восевай ч. структуры. Даўжыня — многія сотні кіламетраў, шырыня — дзесяткі, радзей больш за 100 км. Пашыраны ў складкавых збудаваннях і ўтвараюцца на месцы геасінкліналей або арагенных (міжгорных) прагінаў. Чаргуюцца з антыклінорыямі. Тыповыя С. — Залаірскі на Урале, Новарасійскі на Каўказе.

І.​В.​Клімовіч.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НА-ПАДО́ЛЬСКАЯ ПЛІТА́,

паўднёва-заходняя частка Усх.-Еўрап. платформы паміж Украінскім шчытом і Усх. Карпатамі. Складкавыя геасінклінальныя структуры Усх. Карпат аддзелены ад Валына-Падольскай пліты Тэйсейра-Торнквіста лініяй (на гэтым участку — Рава-Рускім глыбінным разломам). Крышталічны фундамент пліты складзены з архейска-сярэднепратэразойскіх метамарфічных парод, мае разломна-блочную будову, апускаецца на ПдЗ да 6—8 км, перакрыты верхнепратэразойска-кайназойскімі адкладамі. Платформавая структура пліты ўтварылася ў выніку фарміравання прагінаў рознага ўзросту і распасцірання, накладзеных адзін на адзін. Асн. карысныя выкапні: нафта, каменны вугаль.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 3, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІМА́НА-ПЯЧО́РСКАЯ НАФТАГАЗАНО́СНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ У Расійскай Федэрацыі на тэр. Рэсп. Комі і Ненецкай аўт. акругі Архангельскай вобл. Абмежавана на ПдЗ Ціманскім кражам, на У — Уралам. Пл. 350 тыс. км². Адкрыта больш за 75 радовішчаў нафты і газу (больш за 230 пакладаў). Гал. радовішчы: нафтавыя — Ярэгскае, Усінскае, газакандэнсатнае — Вуктыльскае і інш. Саматужная здабыча нафты пачалася з 1745, разведачнае свідраванне вядзецца з 1890. Правінцыя прымеркавана да паўн.-ўсх. ч. Усх.-Еўрапейскай платформы, таксама да Перадуральскага і Перадпайхойскага краявых прагінаў. Прадукцыйныя адклады сілуру, дэвону, карбону, пярмі і трыясу. Нафты метананафтэнавыя, шчыльн. 807—981 кг/м³.

т. 17, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,

адмоўная структура на ПнЗ Рускай пліты, частка Балтыйска-Прыднястроўскай зоны перыкратонных прагінаў. Займае тэр. Літвы, Латвіі, Эстоніі, Калінінградскай вобласці Расіі, Польшчы, Даніі, частку Швецыі і Балтыйскага мора. Сучляняецца на ПнЗ з Балтыйскім шчытом, на У з Латвійскай седлавінай, на ПдУ з Беларускай антэклізай, на ПдЗ аддзелена ад Паморскай упадзіны Тэйсейра-Торнквіста лініяй. Распасціраецца на ПнУ на 700 км, шыр. 250—500 км.

Фундамент апушчаны да глыб. 8 км (на ПдЗ). Запоўнена адкладамі ад вендскай да пермскай сістэм, часткова меза-кайназойскімі. Балтыйская сінекліза сфарміравалася ў каледонскі этап тэктагенезу. У платформавым чахле вылучаюцца верхнебайкальскі, каледонскі, герцынскі і кімерыйска-альпійскі структурна-фармацыйныя комплексы. З імі звязаны Балтыйская нафтагазаносная вобласць, радовішчы гаручых сланцаў, бурштыну і інш. карысных выкапняў.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭЗІЯ́НСКІЯ ВО́ДЫ,

напорныя пластавыя падземныя воды, якія залягаюць паміж водатрывалымі слаямі. Прымеркаваны да адмоўных геаструктур — сінкліналяў, мульдаў, прагінаў, упадзін. Напор узнікае пры гідраўлічнай ізаляванасці ваданосных гарызонтаў ад перавышэння вобласці жыўлення над вобласцю разгрузкі. Пры залішнім гідрастатычным ціску выліваюцца на паверхню зямлі або фантануюць пры ўскрыцці. Ва ўмовах актыўнага водаабмену артэзіянскія воды прэсныя, застойных — салёныя ці расолы (гл. Мінеральныя воды). Артэзіянскія воды звычайна звязаны з артэзіянскімі басейнамі. На Беларусі ўскрыты амаль на ўсёй тэр. на глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў, належаць да Аршанскага гідрагеалагічнага басейна, Брэсцкага гідрагеалагічнага басейна, Прыпяцкага гідрагеалагічнага басейна і Беларускага гідрагеалагічнага масіву. Артэзіянскія воды з’яўляюцца асн. крыніцай пітнога водазабеспячэння.

А.​В.​Кудзельскі.

Фарміраванне артэзіянскіх водаў у артэзіянскім басейне: 1 — гліністыя пароды; 2 — ваданосныя пяскі; 3 — вапнякі; Φ — месца (крыніца, свідравіна) выхаду вады на паверхню.

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦЫ́НСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ, варысцыйская складкавасць, варыская складкавасць,

эра тэктагенезу, які адбываўся ад сярэдзіны дэвону да сярэдзіны трыясу на ўсіх мацерыках зямнога шара. Выявілася ва ўтварэнні астраўных дуг, у вулканізме, намнажэнні магутных тоўшчаў граўвакавага флішу, утварэнні складкавых гор (герцынід, варыцыд), фарміраванні структур новага тыпу — краявых і перыклінальных прагінаў і запаўненні іх маласавымі фармацыямі (гл. Маласы). Герцынская складкавасць мела некалькі фаз: акадскур, брэтонскую, судэцкую, астурыйскую, заальскую. На большай ч. абласцей герцынская складкавасць у пермскім перыядзе сфарміраваўся платформавы рэжым. У Паўд. Еўропе, на Алтаі і ў Мангола-Ахоцкай сістэме гораўтварэнне завяршылася ў раннім трыясе. У час герцынскай складкавасці ўзніклі складкавыя структуры Урала, Мугаджараў, Цянь-Шаня, Цэнтр. Казахстана, Зах. і Цэнтр. Еўропы (паўд. Англія, Французскае плато, Вагезы, Шварцвальд, Ардэны, Рэйнскія Сланцавыя горы, Багемскі масіў, Судэты), Паўн. Амерыкі (Апалачы, Канадскі архіпелаг), Паўд. Амерыкі (Анды), Усх. Аўстраліі, Паўн. Афрыкі і інш.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)