Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
Вертыкальная пояснасць, гл. Вышынная пояснасць
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Вышынная пояснасць 3/211, 572; 4/491; 8/364
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́ННАЯ ПО́ЯСНАСЦЬ, вертыкальная занальнасць,
заканамерная змена ландшафтаў у гарах. Абумоўлена пераважна зменай клімату з вышынёй: паніжэннем т-ры паветра (у сярэднім на 6 °C на кожныя 1000 м вышыні), яго шчыльнасці, ціску, колькасці ў ім пылу, павелічэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, а таксама (да выш. 2—3 км) воблачнасці і гадавой колькасці ападкаў. Са зменамі клімату цесна звязаны змены геамарфалагічных, гідралагічных, глебаўтваральных працэсаў, характар расліннага і жывёльнага свету. У выніку ўтвараюцца вышынныя паясы. Многія асаблівасці вышыннай пояснасці залежаць ад экспазіцыі схілаў, іх размяшчэння адносна пануючых паветр. мас і аддаленасці ад акіянаў.
Колькасць паясоў звычайна павялічваецца ў высокіх гарах і з набліжэннем да экватара. Вылучаюць у асн. 3 тыпы вышынных паясоў: акіянскі, ці прыморскі (характарызуецца развіццём пояса дрэвавай расліннасці ад падножжа), кантынентальны (дрэвава-хмызняковыя фармацыі на пэўнай вышыні) і ультракантынентальны (пояс дрэвавай расліннасці прадстаўлены фрагментарна). Вышынны пояс пачынаецца з той прыроднай зоны, на якую апіраецца падножжа горнага ланцуга. Заканамернасці вышынных паясоў распрацаваны ням. географам К.Гумбальтам (19 ст.) і рус. даследчыкам В.В.Дакучаевым (канец 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНА́ЛЬНАСЦЬ ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ,
1) на сушы — заканамерная і паслядоўная змена паясоў геаграфічных ад экватара да полюсаў (шыротная пояснасць), ад падножжа гор да вяршынь у залежнасці ад вышыні (вышынная пояснасць) і зон геаграфічных у межах гэтых паясоў. Шыротная пояснасць выклікана пераважна нераўнамерным размеркаваннем прамянёвай энергіі Сонца паводле геагр. шыраты. Вышынная пояснасць абумоўлена заканамерным для трапасферы паніжэннем т-ры (каля 0,6 °C на 100 м). У межах шыротнай і вышыннай пояснасці З.г. ўскладняецца мясц. адрозненнямі ва ўмовах увільгатнення, араграфічных і літалагічных асаблівасцей тэрыторыі, уздзеяннем цыркуляцый атмасферы і акіянічных цячэнняў. Найб. З.г. адлюстроўваецца ў занальнасці глеб, расліннасці, кліматычных асаблівасцей і інш. 2) У акіяне назіраецца менш выразная паверхневая (або шыротная), вертыкальная (або глыбінная да 1500—2000 м) і донная занальнасць. Найб. выразна З.г. шыротная праяўляецца да глыб. 100—150 м, дзе фарміруюцца асн. ўласцівасці Сусв.ак. пад уздзеяннем сонечнай энергіі. На фоне занальных назіраюцца прыродныя ўтварэнні азанальнага характару, якія могуць перасякаць некалькі зон (даліны рэк) або знаходзіцца ў розных зонах (балота і інш.) і пры гэтым захоўваць асабістыя ўласцівасці. Гл.арт.Азанальнасць, Азанальная расліннасць і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАРЭЛЬЕ́Ф (ад макра... + рэльеф),
буйныя формы рэльефу (горныя хрыбты, пласкагор’і, раўніны, нізіны), што ўтвораны пераважна эндагеннымі працэсамі і вызначаюць асн. асаблівасці прыроды вял. рэгіёнаў. Для раўнінных ландшафтаў характэрна занальна-сектарная дыферэнцыяцыя, для горных — вышынная пояснасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫЯ ЛАНДША́ФТЫ,
ландшафты горных мясцовасцей, дзе назіраюцца вышынная пояснасць і яруснасць рэльефу. Падзяляюцца на высакагорныя, сярэднягорныя і нізкагорныя. Горным ландшафтам уласцівы кантрастнасць прыродных умоў, залежна ад геагр. становішча, асаблівасцей геал. будовы, рознай экспазіцыі схілаў, а таксама стракатасць глебавага покрыва, паясная змена расліннасці і інш.
самыя вялікія шыротна-занальныя падраздзяленні геаграфічнай абалонкі. Характарызуюцца асаблівасцямі рэжыму цяпла і вільгаці, цыркуляцыі паветраных мас [гл.Кліматычныя паясы (зоны)], рытмікай біягеахім. і геамарфал. працэсаў, вегетацыі расліннасці, складам глеб, расл. покрыва, жывёльнага свету і інш. Кліматычныя фактары ў межах пояса могуць рэзка адрознівацца, што дазваляе вылучаць унутры кожнага пояса зоны геаграфічныя і падзоны. На канфігурацыю П.г., іх памеры ўплываюць аддаленасць ад акіянаў (вылучаюцца сектары: прыакіянічны, унутрымацерыковы і пераходны паміж імі), рэльеф (вышынная пояснасць), марскія цячэнні. На сушы вылучаюць экватарыяльны пояс, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя паясы, трапічныя паясы, субтрапічныя паясы, умераныя паясы; у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я размяшчаюцца субарктычны пояс і арктычны пояс, у Паўд. паўшар’і — адпаведна субантарктычны пояс і антарктычны пояс. П.г. існуюць і ў Сусветным ак., дзе ім уласціва большая аднароднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНІ́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
паўвостраў на Пд Еўропы. Пл. 149 тыс.км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 1100 км, шыр. 130—300 км. На Пн абмежаваны Паданскай нізінай, на У абмываецца Адрыятычным, на Пд — Іанічным, на З — Тырэнскім і Лігурыйскім морамі. Берагі парэзаны слаба, больш расчлянёныя ў паўд.ч. (п-вы Калабрыя, Саленціна, Гаргана). Большая ч. Апенінскага паўвострава занята сярэдневышыннымі маладымі складкавымі гарамі Апенінамі. Уздоўж усх. і зах. ўзбярэжжаў невял. палосы хвалістых раўнін. На ПдЗ раён стараж. і сучаснага вулканізму і землетрасенняў (Везувій, Флегрэйскія палі і інш.). Паўд.ч. Апенінскага паўвострава займаюць Калабрыйскія горы. Карысныя выкапні: буры вугаль, ртуць, пірыты, баксіты, мармур, тэрмальныя крыніцы. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, з гарачым летам і дажджлівай зімой, у гарах — рысы ўмеранага і халоднага. Рэкі (асн. Тыбр, Арна) кароткія, летам моцна мялеюць. Для расліннасці гор характэрна вышынная пояснасць, лісцевыя лясы і міжземнаморскія вечназялёныя хмызнякі (маквіс, гарыга); на нізінах — культ. ландшафты: палі пшаніцы, вінаграднікі, алейныя і фруктовыя плантацыі (апельсіны, лімоны, міндаль, масліны і інш.). Жывёльны свет: воўк, серна, казуля, куніца, ласка, вавёрка; шмат паўзуноў і птушак. На Апенінскім паўвостраве дзяржавы: большая ч. Італіі, Сан-Марына і Ватыкан.