ПО́РАХАЎ (Фёдар Фёдаравіч) (10.7.1914, в. Падгорная Ферганскай вобл., Узбекістан — 4.4.1998),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1957), праф. (1959). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1974). Скончыў Арэнбургскі агравет. ін-т (1937). У 1964—93 у Віцебскім вет. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па этыяпатагенезе, прафілактыцы і лячэнні ўнутр. незаразных хвароб с.-г. жывёлы.
Тв.:
Внутренние незаразные болезни сельскохозяйственных животных. 5 изд. М., 1976 (у сааўт.);
Незаразные болезни молодняка. Мн., 1989 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Порахаў Ф. Ф. 3/124; 5/372; 8/518; 12/519
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАКСІЛІ́НАВЫЯ ПО́РАХІ,
група бяздымных порахаў, якія вырабляюць на аснове піраксіліну, пластыфікаванага лятучым растваральнікам (звычайна сумесь этанолу і дыэтылавага эфіру). У вытв-сці П.п. выкарыстоўваюць піраксіліны (нітраты цэлюлозы, што маюць больш за 12% азоту). Цеплата згарання каля 4000 кДж/кг. Выкарыстоўваюць пераважна для ствольнай зброі. Гл. таксама Порах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРА́ТЫ ЦЭЛЮЛО́ЗЫ, нітрацэлюлоза,
складаныя эфіры цэлюлозы і азотнай к-ты. Маюць агульную ф-лу [C6H7O2(OH)3-x (ONO2)x]n дзе x — ступень замяшчэння (змяняецца ад 0 да 3), n — ступень полімерызацыі (n = 150—3500). Паводле колькасці азоту тэхн. Н.ц. падзяляюць на калаксілін (мае 10,7—12,2% азоту) і піраксіліны (№ 2 мае 12,2—12,5%, № 1—13,0—13,5% азоту).
Цвёрдыя валакністыя рэчывы белага колеру, шчыльн. 1580—1650 кг/м³, т-ра раскладання 40—60 °C. З’яўляюцца брызантнымі выбуховымі рэчывамі (цеплата выбуху каля 3,6 МДж/кг). Няўстойлівыя ў к-тах і асновах. Атрымліваюць нітраваннем бавоўнавай цэлюлозы нітравальнай сумессю. Калаксілін выкарыстоўваюць у вытв-сці нітрацэлюлозных пластмас (этролаў), цэлулоіду, нітралакаў, нітраэмаляў, бяздымных порахаў, дынаміту і інш. выбуховых рэчываў, піраксіліны — у вытв-сці бяздымных порахаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНІЦЫІ́РУЮЧЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
першасныя выбуховыя рэчывы, якія лёгка ўзрываюцца пры нязначных цеплавых і мех. (удар, трэнне) уздзеяннях з вылучэннем энергіі, дастатковай для загарання ці дэтанацыі брызантных выбуховых рэчываў.
Адрозніваюць індывідуальныя І.в.р. (у тэхніцы выкарыстоўваюць пераважна тэтразен, грымучую ртуць, азід свінцу) і сумесевыя, якія акрамя І.в.р. маюць інш. кампаненты. Выкарыстоўваюць у ваен. тэхніцы і ўзрыўной справе ў выглядзе малых (долі грама) зарадаў, якія змяшчаюць у спец. канструкцыі — т.зв. капсулі-дэтанатары (для ўзбуджэння дэтанацыі) і капсулі-запальнікі (для запальвання порахаў і піратэхн. саставаў). Вытв-сць і абыходжанне з І.в.р. патрабуюць асаблівых мер засцярогі з-за магчымасці выбуху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАТЭ́ХНІКА (ад піра... + тэхніка),
галіна тэхнікі па вытв-сці і выкарыстанні піратэхнічных саставаў, аснашчаных імі вырабаў і наладжванні феерверкаў. Вядома з глыбокай старажытнасці (напр., у Кітаі элементы П. выкарыстоўвалі за некалькі стагоддзяў да н.э.). Да 19 ст. П. ўключала выраб порахаў і выбуховых рэчываў.
Вытв-сць піратэхн. вырабаў уключае здрабненне кампанентаў саставаў, іх сушку, прасейванне і змешванне ў спец. змяшальніках з дыстанцыйным кіраваннем. Запаўненне вырабаў (кардонных і метал. гільзаў) піратэхн. саставам ажыццяўляюць пад ціскам на прэсах, часам шнэкаваннем ці заліўкай. Вытв. аперацыі ў П. пажара- і выбухованебяспечныя.
Літ.:
Шидловский А.А. Основы пиротехники. 4 изд. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́КАЎ (Барыс Пятровіч) (н. 12.11.1912, г. Самарканд, Узбекістан),
расійскі вучоны ў галіне тэхн. хіміі. Акад.Рас.АН (1974; чл.-кар. 1968). Двойчы Героі Сац. Працы (1966, 1982). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал.ін-т (1937). З 1937 у Цэнтр.н.-д. ін-це хіміі і механікі (Масква), з 1955 у Федэральным цэнтры двайных тэхналогій «Саюз» (у 1955—88 ген. дырэктар). Навук. працы па вывучэнні фізіка-хім. працэсаў кандэнсаваных сістэм. Даследаваў працэсы гарэння і каталізу порахаў і цвёрдага паліва, пераўтварэння энергіі гарэння ў кінетычную і эл., распрацаваў метады атрымання і тэхналогію вытв-сці высокатрывалых канструкцыйных матэрыялаў. Ленінская прэмія 1976, Дзярж. прэміі СССР 1951, 1967.
французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай хіміі і заснавальнік тэрмахіміі. Чл. Парыжскай АН (1772). Скончыў Парыжскі ун-т (1763). У 1775—91 — дырэктар Упраўлення порахаў і салетраў, з 1768 член «Кампаніі водкупаў»; у час Вял.франц. рэвалюцыі разам з інш. адкупшчыкамі пакараны смерцю паводле прыгавору рэв. трыбуналу. Навук. працы Л. садзейнічалі ператварэнню хіміі ў навуку, заснаваную на дакладных вымярэннях: у хім. даследаваннях выкарыстоўваў колькасныя метады, у прыватнасці ўзважванне. Даказаў складаны састаў атм. паветра (1774—77), растлумачыў ролю кіслароду ў працэсах гарэння і акіслення. Стварыў кіслародную тэорыю гарэння (1780). Распрацаваў разам з К.Л.Бертале і інш.хім. наменклатуру і класіфікацыю цел (1786—87), напісаў «Пачатковы падручнік хіміі» (1789).
Літ.:
Дорфман Я.Г. Лавуазье. 2 изд. М., 1962;
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ННЕ,
фізіка-хімічны працэс пераўтварэння рэчыва, які суправаджаецца інтэнсіўным вылучэннем энергіі, цепла- і масаабменам з навакольным асяроддзем і звычайна яркім свячэннем (полымем). Гарэнне ў адрозненне ад выбуху і дэтанацыі адбываецца з меншай скорасцю і без утварэння ўдарнай хвалі.
Аснова гарэння — экзатэрмічныя хім. рэакцыі, здольныя да самапаскарэння з-за назапашвання вылучанай цеплыні (цеплавое гарэнне) ці актыўных прамежкавых прадуктаў рэакцыі (ланцуговае гарэнне). Найб. шырокі клас рэакцый гарэння — акісленне вуглевадародаў (напр., пры гарэнні прыроднага паліва), вадароду, металаў і інш. Акісляльнікі — кісларод, галагены, нітразлучэнні, перхлараты. Асн. асаблівасць гарэння — здольнасць распаўсюджвання ў прасторы з-за нагрэву ці дыфузіі актыўных цэнтраў. Гарэнне можа пачацца самаадвольна (самазагаранне) ці ў выніку запальвання (полымем, эл. іскрай). Паводле агрэгатнага стану гаручага рэчыва і акісляльніку адрозніваюць гамагеннае (гарэнне газаў і газападобных рэчываў у асяроддзі газападобнага акісляльніку), гетэрагеннае (гарэнне вадкага ці цвёрдага паліва ў газападобным акісляльніку) і гарэнне выбуховых рэчываў і порахаў. Выкарыстоўваюць для вылучэння энергіі паліва ў тэхніцы (маторабудаванне, ракетная тэхніка) і цеплаэнергетыцы, атрымання мэтавых прадуктаў у тэхнал. працэсах (доменны працэс, металатэрмія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРА́ТЫ,
неарганічныя і арган. вытворныя азотнай кіслаты.
Н. неарганічныя — солі агульнай ф-лы M(NO3)n (n — ступень акіслення металу М). Вядомыя амаль для ўсіх металаў. Н. амонію, шчолачных і шчолачназямельных металаў наз.салетрамі. Крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе. Вызначаюцца нізкай тэрмічнай устойлівасцю і здольнасцю акісляць арган. і неарган. злучэнні. Выкарыстоўваюць як мінер. ўгнаенні (гл.Азотныя ўгнаенні), кампаненты ракетнага паліва, піратэхн. саставаў і інш. Таксічныя: выклікаюць кашаль, ірвоту, вострую сардэчна-сасудзістую недастатковасць і інш. Дапушчальнае сутачнае спажыванне 5 мг/кг (смяротная доза для чалавека 8—15 г Н.). Н. арганічныя — эфіры азотнай к-ты. Маюць адну ці некалькі груп —O—NO2, звязаных з атамам вугляроду арган. радыкала. Бясколерныя ці бледна-жоўтыя вадкасці або цвёрдыя рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе. Добра раствараюцца ў этаноле і дыэтылавым эфіры. Многія выбухованебяспечныя (напр., нітрагліцэрына, нітраты цэлюлозы). Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, а таксама як кампаненты бяздымных порахаў і ракетнага паліва, дабаўкі да дызельнага паліва (для павышэння цэтанавага ліку), у медыцыне (нітрагліцэрына і інш. Н. шмататамных спіртоў). Таксічныя: акісляюць гемаглабін у метгемаглабін, выклікаюць галаўны боль, пачашчанае сэрцабіцце.