ПО́ЛАНІ ((Polanyi) Джон Чарлз) (н. 23.1.1929, Берлін),
канадскі фізікахімік. Чл. Канадскага каралеўскага т-ва (1966), Лонданскага каралеўскага т-ва (1971). Скончыў Манчэстэрскі ун-т (1949, д-р філасофіі 1952). З 1956 ва ун-це Таронта (з 1962 праф.). Навук. працы па хім. кінетыцы. Развіў новы кірунак у галіне дынамікі элементарных хім. працэсаў (1960—70-я г.). Распрацаваў метад вызначэння энергет. стану прадуктаў рэакцыі па вельмі слабым інфрачырвоным выпрамяненні асобных малекул. Нобелеўская прэмія 1986 (разам Лі Янам і Д.Р.Хершбахам).
т. 12, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОСТПАЗІТЫВІ́ЗМ (ад пост... + пазітывізм),
філасофскія канцэпцыі, што ўзніклі ў 1950—70-я г. ў працэсе крытыкі неапазітывізму. Не мае акрэсленага зместу, нярэдка атаясамліваецца з сучаснай аналітычнай філасофіяй, у інш. выпадках мае вельмі вузкую трактоўку. Тэарэт. абгрунтаваны ў працах К.Попера «Логіка навуковага адкрыцця» (1959) і Т.Куна «Структура навуковых рэвалюцый» (1963). Да асн. плыней П. адносяць крытычны рацыяналізм, прагматычны аналіз (У.Куайн, М.Уайт, ЗША), канцэпцыі І.Лакатаса, М.Полані (Вялікабрытанія), П.Феерабенда і Р.Рорці (ЗША), розныя варыянты сучаснага філас. рэалізму і інш. Агульным для ўсіх канцэпцый П. з’яўляецца адыход ад арыентацыі на сімвалічную логіку і звяртанне да гісторыі навукі, прызнанне вызначальнай ролі ў пазнанні тэарэт. ўзроўню ведаў, перанос акцэнту на сацыякульт. і каштоўнасныя аспекты навук. пазнання.
т. 12, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ТЫКА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ, крытыцызм,
кірунак у філасофіі і сацыялогіі, прадстаўнікі якога гал. задачай лічаць крытычны аналіз грамадскіх адносін. Некаторыя ідэі К.с. разглядаліся ў рамках эмпірыякрытыцызму (Э.Мах, Р.Авенарыус), крытычнага рэалізму (М.Мандэльбаўм, А.Венцль, К.Котэн), франкфурцкай школы (Т.Адорна, М.Хоркхаймер, Г.Маркузе, Дж.Уоткінс, І.Лакатас, Дж.Агасі, Г.Альберт) і блізкай да яго канцэпцыі П.Феерабенда. Паступова сфарміраваўся адносна самаст. кірунак крытыцызму (Ч.Мілс, Д.Рысмэн, Э.Фром, А.Гоўлднер і інш.).
Як філас. кірунак К.с. ўзнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў ходзе крытыкі неапазітывізму і сфарміравалася ў выніку дыскусій з прадстаўнікамі гіст. кірунку ў філасофіі навукі (М.Полані, Т.Кун, С.Тулмін). Гал. тэарэт. функцыя яе — мэтанакіраваная крытыка асн. тэорый грамадства, перш за ўсё «акадэмічнай» сацыялогіі і сац. інжынерыі, а таксама спроб стварэння сац. навукі («рэфлексіўнай сацыялогіі», «сацыялогіі сацыялогіі» і інш.), у якой сацыёлагу адводзіцца паліт. і сацыяльна актыўная роля, роля суб’екта, які мэтанакіравана ўплывае на развіццё грамадскіх працэсаў. К.с. асаблівае значэнне надае праблемам асобы, адмоўнаму ўплыву на фарміраванне і развіццё розных сац. працэсаў і з’яў (адчужэнне вытворцы ад сродкаў вытв-сці, дэгуманізацыя працы, наркаманія і прастытуцыя, беднасць, сац. няроўнасць, бюракратызацыя сац. ін-таў і г.д.), якія прыводзяць да негатыўных наступстваў. У галіне метадалогіі крытыцызм упэўнены, што не існуе метадаў, якія забяспечваюць строга лагічны прырост навук. ведаў і што неабходна з дапамогай фармальна-лагічных спосабаў выключаць з ужытку ненавук. тэорыі.
І.В.Катляроў.
т. 8, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)