ПЕРСЕФО́НА, Кора,

ў старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і падземнага царства мёртвых. Лічылася дачкой Зеўса і Дэметры. Бог падземнага царства Аід выкраў яе і зрабіў сваёй жонкай. Няўцешная Дэметра наслала на зямлю засуху і неўраджай. Зеўс загадаў Аіду адпусціць П. да маці, але П., якую Аід прымусіў з’есці чароўнае гранатавае зерне, штогод імкнецца да мужа ў царства мёртвых, дзе праводзіць трэць года. Дэметра ў гэты час зноў пакутуе, прырода на зямлі замірае. У міфе пра П. адбіўся штогадовы працэс замірання і ажывання прыроды. Стараж. рымляне шанавалі П. пад імем Празерпіны.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЗЕРПІ́НА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня падземнага свету і царства нябожчыкаў. Дачка Цэрэры, жонка выкраўшага яе Плутона. У грэч. міфалогіі П. адпавядала Персефона.

т. 12, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АІ́Д, Гадэс, Плутон,

у грэч. міфалогіі бог — уладар царства мёртвых, а таксама само царства. Аід — алімп. бажаство, але пастаянна знаходзіцца ў сваіх падземных уладаннях, дзе царуе з жонкай Персефонай. У хрысціянстве міф пра Аіда ператварыўся ў міф пра пекла, куды пасля смерці трапляюць душы грэшнікаў. Апісаны ў творах Гамера, Платона, Вергілія і інш.

Да арт. Аід. Аід і Персефона. Рэльеф з Локраў. 470—460 да н.э.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРА́НГАС (Lavrangas),

Лаўранга Дыянісіяс (17.10.1860 або 1864, г. Аргастоліян, Грэцыя — 18.7.1941), грэчаскі кампазітар, дырыжор, педагог. Вучыўся ў кансерваторыях Неапаля (1882—85) і ў Парыжы (з 1885) у Л.Дэліба, Ж.Маснэ і інш. Працаваў у вандроўных франц. оперных трупах, оперны дырыжор у Турыне і Венецыі. У 1894—96 кіраўнік Філарманічнага т-ва ў Афінах. Адзін з арганізатараў Нац. опернага т-ра («Лірыкі скіні», 1939). У 1901—05 праф. Афінскай кансерваторыі. У ліку першых грэч. кампазітараў звярнуўся да інстр. музыкі, у творчасці выкарыстоўваў нар. тэмы. Сярод твораў: 9 опер, у т. л. «Два браты» (паст. 1900), «Чарадзейка» (паст. 1901), «Дыдона» (паст. 1909), «Факанапас» (паст. 1950); балет «Персефона» (паст. 1936); 5 аперэт, у т. л. «Белы волас» (паст. 1917); сімф. паэма для аркестра «Пяцібор’е» (1896, для першых міжнар. Алімп. гульняў у Афінах); хары, песні; музыка да драм. спектакляў.

т. 9, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАЧО́Ў (Аляксандр Анатолевіч) (11.1.1955, г.п. Азарычы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 5.12.1987),

бел. жывапісец. Прафесійнай маст. адукацыі не атрымаў. Жыў пераважна ў г. Рэчыца Гомельскай вобл. У 1973 працаваў у Ленінградзе, дзе склаўся як мастак пад уплывам нефармальнага маст. асяроддзя. Працаваў у сюррэалістычнай манеры. Аўтар карцін на біблейскія («Рахіль», «Майсей», абодва 1976; «Укрыжаванне»,1977; «Андрэй Першазваны»,1980; «Ісус Хрыстос», 1983; «Іакаў», 1985; «Прарок», 1987) і міфалагічныя («Персефона», 1984—85; «Дрыяда», 1985—87) тэмы, партрэтаў («Аўтапартрэт», 1986—87), нацюрмортаў («Нацюрморт з люстэркам» з серыі «Магія», 1982 і інш.). Работам уласцівы лесіровачная манера пісьма, скрупулёзная прапрацоўка дэталей, імкненне да сімвалічнасці і метафарычнасці («Маленне пра чашу». 1981; «Магія», 1983—84; «Алегорыя мастацтва», 1983—87; «Ля крыніцы», 1987). У 1988 на кінастудыі «Беларусьфільм» пра І. зняты фільм «Не плачце па мне» (рэж. А.​Алай).

Літ.:

Алай А.И. Встречи на всю жизнь: Зап. кинооператора. Мн., 1989.

А.Ісачоў. Алегорыя мастацтва. 1983—87.

т. 7, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)