Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕГАРЭ́ЛАЕ,
гарадскі пасёлак у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл.. на р.Ператуць, чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы. За 10 км на ПдЗ ад Дзяржынска, 48 км ад Мінска. Аўтадарогамі злучана з Мінскам, Дзяржынскам, Баранавічамі, Уздой, Стоўбцамі. 1,1 тыс.ж. (2000).
Вядома з 16 ст. як перасадачная і паштовая станцыя на конным тракце Мінск—Навагрудак у Мінскім пав.ВКЛ. У 1588 у складзе Койданаўскага графства, уласнасць Радзівілаў. У 1620 вёска, 41 двор. З 1793 у Рас. імперыі ў Койданаўскай вол. У 1831 уласнасць Ю.Абрамовіча, з 1879 — Э.Чапскага. У 1871 праз Н. прайшла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, адкрыта станцыя. З 1908 працавала нар. вучылішча. У 1921—39 сав. пагранічная станцыя. мела заставу, мытню. З 1924 у Койданаўскім р-не, з 1932 цэнтр сельсавета Дзяржынскага р-на. З 1938 гар. пасёлак у Мінскім, з 1939 — Дзяржынскім р-нах. З 29.6.1941 да 6.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў 1941—43 стварылі тут канцлагер, філіял Масюкоўшчынскага лагера смерці, дзейнічала група Дзяржынскага патрыятычнага падполля. З 1988 працуе музей гісторыі ст. Н.
З-д па вырабе вулляў, камбінат быт. абслугоўвання. Сярэдняя і муз. школы, кінатэатр, б-ка, музей гісторыі станцыі Негарэлае, паліклініка, аддз. сувязі, гандл.цэнтр. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла сав. ваеннапалонных, помнік землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКІ РАЁН,
у цэнтральнай частцы Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,35 тыс.км². Нас. 35,7 тыс.чал. (1996), гарадскога 33%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Дзяржынск, гар. пасёлкі Негарэлае і Фаніпаль, 273 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Бараўскі, Валмянскі, Дабрынёўскі, Дзямідавіцкі, Дзяржынскі, Ляхавіцкі, Путчынскі, Рубілкаўскі, Станькаўскі, Старынкаўскі, Фаніпальскі.
Раён размешчаны ў межах Мінскага ўзвышша і Стаўбцоўскай раўніны. Паверхня ўзгорыстая і пласкахвалістая. Пераважаюць выш. 180—220 м, найвыш. пункт 345 м (Дзяржынская гара — самы высокі пункт Беларусі). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны для грубай керамікі. Сярэдняя т-растудз. -6,7 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 625 мм за год. Вегетацыйны перыяд 188 сут. Рака Уса з прытокамі Ператуць, Вязенская, Рапуса; на У — р. Жэсць з Алёхаўкай. Дзягільнянскае вадасх. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 31% раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і яловыя лясы.
Пад с.-г. ўгоддзямі 70,9 тыс.га, з іх асушана 14,7 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 16 калгасаў, 5 саўгасаў. 3 птушкафабрыкі. Жывёлагадоўчае плем. аб’яднанне «Шыкатовічы». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы металаапр., буд. матэрыялаў (жалезабетонныя і маставыя канструкцыі), лёгкай (швейнай, тэкст.) і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Мінск—Брэст, аўтадарогі ад Дзяржынска на Барысаў, Івянец, Заслаўе, Станькава—Дабрынёва і Негарэлае—Узда. У раёне 23 сярэднія, 3 базавыя і 11 пач. школ, 32 клубы, 37 б-к, 7 бальніц, абл. туберкулёзная бальніца, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: капліца-пахавальня (пач. 20 ст.) у в. Баравое, Успенскі касцёл (2-я пал. 18 ст.) у в. Волма; сядзібы (19 ст.) у вёсках Волма і Вял. Навасёлкі; капліца (1-я пал. 19 ст.) у в. Дабрынёва; сядзібна-паркавы ансамбль (2-я пал. 19 ст.) у в. Станькава, касцёл (1836) у в. Старынка. Выдаецца газ. «Сцяг Кастрычніка».