ПЕРАДГО́Р’І,

паніжаныя ўскраінныя ўчасткі горных краін, сістэм або хрыбтоў, якія характарызуюцца ўзгоркавым або нізкагорным рэльефам. Уяўляюць сабой пераход ад горнай краіны да прылеглай раўніны. Адносныя перавышэнні складаюць дзесяткі і першыя сотні метраў. Звычайна ўтвораны з больш маладых парод, чым уласна горы, або з прадуктаў іх разбурэння.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

перадго́р’е

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, ніякі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. перадго́р’е перадго́р’і
Р. перадго́р’я перадго́р’яў
Д. перадго́р’ю перадго́р’ям
В. перадго́р’е перадго́р’і
Т. перадго́р’ем перадго́р’ямі
М. перадго́р’і перадго́р’ях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

перадго́р’е, -я, мн. -і, -яў н.

Узвышаная мясцовасць перад гарамі.

Перадгор’і Каўказа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПАРАПАМІ́З,

горная сістэма на ПнЗ Афганістана (паўн. перадгор’і — у Туркменіі). Даўж. каля 600 км, шыр. да 250 км. Складзена пераважна з вапнякоў і сланцаў, на Пд і У з гранітаў і гнейсаў. Паўн. перадгор’і ўкрыты лёсавым чахлом. Асн. хр. Банды-Туркестан, Хісар (выш. да 4565 м). П. глыбока расчлянёны далінамі рэк Мургаб, Сурхаб, Герыруд і інш. Шматлікія восыпы. Горныя паўпустыні, стэпы, рэдкалессі і ўчасткі шыракалістых лясоў.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАРПА́ЦЦЕ,

1) прыродная вобласць на ПдЗ Украіны, у бас. р. Ціса, на стыку Сярэднедунайскай раўніны і Карпат. У межах З. вылучаюцца Закарпацкая нізіна і перадгор’і Украінскіх Карпат. Значная частка тэр. ўзарана. Участкі дубова-грабавых лясоў. Гл. Закарпацкая вобласць.

2) Тое, што Закарпацкая Украіна.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НД (Pindos),

горы на З Балканскага п-ва, у Грэцыі (паўн. перадгор’і ў Албаніі). Даўж. каля 200 км. Выш. да 2637 м (г. Змолікас). Складзены з вапнякоў, сланцаў, пясчанікаў; развіты карст. Утвараюць некалькі хрыбтоў, падзеленых глыбокімі рачнымі далінамі. Міжземнаморскія хмызнякі, мяшаныя і хваёвыя лясы.

т. 12, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЦ (Harz),

горны масіў ў Германіі. Працягласць каля 90 км. Выш. да 1142 м (г. Брокен). Складзены з гранітаў, кварцытаў, сланцаў. У рэльефе — платопадобная вяршыня, стромкія схілы, моцна расчлянёныя прытокамі рэк Везер і Эльба. Радовішчы медзі, серабра, свінцу, цынку. Піхтавыя і шыракалістыя лясы, лугі. Перадгор’і ўзараныя. Прыродны парк. Рэзерваты Обергарц, Бодэталь. Кліматычныя курорты: Бланкенбург, Вернігеродэ, Гернродэ і інш. Турызм.

т. 5, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДА (Adda),

рака на Пн Італіі, левы прыток р. По. Даўж. 313 км, пл. бас. 8 тыс. км². Пачынаецца ў Альпах з воз. Канкана.

У вярхоўі цячэ па даліне Вальтэліна, цераз воз. Кома, перасякае перадгор’і Ламбардскіх Перадальпаў, у ніжнім цячэнні — па Паданскай раўніне. Паводкі вясной, летам і восенню. Сярэдні расход вады каля 250 м³/с. ГЭС. Злучана каналам з г. Мілан.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЕСІЛЕ́ЗСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

наступальныя баі 1-га Украінскага фронту (Маршал Сав. Саюза І.​С.​Конеў) 15—31 сакавіка; частка стратэг. наступлення Сав. Арміі ў студз.сак. 1945 на фронце ў 1200 км ад Балтыйскага м. да Дуная ў час 2-й сусв. вайны. У выніку правядзення Вісла-Одэрскай аперацыі 1945 і Ніжнесілезскай аперацыі 1945 сав. войскі выйшлі да рэк Одэр і Нейсе. Мэта аперацыі — акружэнне і разгром групоўкі ворага на ПдЗ ад Опельна і выхад у перадгор’і Судэтаў. У паласе наступлення сав. войскаў абараняліся 1-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр». 2 ударныя групоўкі Укр. фронту (на Пн і на Пд ад Опельна) 15 сак. перайшлі ў наступленне, пераадолелі тактычную зону абароны праціўніка, 18 сак. акружылі 5 ням. дывізій на ПдЗ ад Опельна і 19—20 сак. ліквідавалі іх (каля 60 тыс. чал., у т. л. 18 тыс. палонных). У выніку сав. войскі авалодалі паўд.-зах. часткай Верхняй Сілезіі і да 31 сак. выйшлі на рубеж Штрэлен, р. Нейсе, Долен — у перадгор’і Судэтаў і занялі зручнае становішча для нанясення ўдару на Дрэздэнскім і Пражскім напрамках.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГО́БЫЧ,

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Львоўскай вобл., на р. Тысменіца (бас. Днястра), у перадгор’і Карпат. Вядомы з 11 ст. 79 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. Прам-сць: нафтаперапр., горнахім., машынабуд. і металаапр., дрэваапр., харч., швейная. Турызм. Пед. ін-т, агульнатэхн. ф-т Львоўскага політэхн. ін-та. Тэатр, краязнаўчы музей. Крапасная вежа раманскага стылю (канец 13 — пач. 14 ст.), гатычны касцёл 15 ст., 2 драўляныя царквы (16, 17 ст.).

т. 6, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)