пасіёны

т. 12, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЦІНУ ((Martinu) Багуслаў) (8.12. 1890, Полічка, Чэхія —28.8.1959),

чэшскі кампазітар. Чл. Чэш. акадэміі навук і мастацтваў (1931). Скончыў Пражскую кансерваторыю (1913). З 1913 скрыпач Пражскай філармоніі. У 1923—40 жыў у Парыжы. З 1941 у ЗША, выкладаў у Прынстанскім ун-це і інш. З 1953 у Францыі, Італіі, Швейцарыі. У яго разнастайнай паводле жанраў і форм творчасці спалучаліся традыцыі чэш. муз. класікі і чэшска-мараўскага фальклору з пошукамі новых шляхоў, у т. л. рысамі франц. імпрэсіянізму і неакласіцызму. Сярод твораў: оперы «Легенды пра Марыю» (паст. 1935), «Тэатр за варотамі» (паст. 1936), «Жульета» (паст. 1938), «Грэчаскія пасіёны» (паст. 1961), кіна-, радыё- і тэлеоперы; балеты «Хто самы дужы на свеце?» і «Мяцеж» (абодва паст. 1925), «Шпалічак» (са спевамі, паст. 1933) і інш.; араторыі і кантаты, у т. л. «Букет» (1937), «Палявая меса» (1939), «Гільгамеш» (1955), «Прароцтва Ісаі» (1959); 6 сімфоній (1942—53), «Помнік Лідзіцы» (1943), сімф. паэмы (1955, 1958) і інш. творы для сімф. арк.; канцэрты з арк.; камерна-інстр. ансамблі; п’есы для фп., хары, песні.

Літ.:

Гаврилова Н. Б.​Мартину. М., 1974;

Мигуле Я. Б.​Мартину. М., 1981.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАТО́РЫЯ (італьян. oratorio ад лац. oro гавару, малю),

буйная шматчасткавая кампазіцыя для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра пераважна эпіка-драм. характару, прызначаная для канцэртнага выканання. Мае агульныя рысы з операй (сюжэт, наяўнасць арый, рэчытатываў, ансамбляў, хароў), адрозніваецца ад яе адсутнасцю акцёрскай ігры, дэкарацый (як выключэнне бываюць сцэнічныя араторыі), перавагай апавядальнасці над драм. дзеяннем. У параўнанні з кантатай мае большыя памеры, ярка выражаную сюжэтную аснову.

Зарадзілася на мяжы 16—17 ст. ў Італіі. Напачатку араторыі пісалі на біблейскія, евангельскія або ант. сюжэты. Росквіт жанру ў 18 ст. звязаны з творчасцю Г.​Ф.​Гендэля, які стварыў класічны тып манум. героіка-эпічнай араторыі, і І.​С.​Баха, чые пасіёны (страсці) насычаны глыбокім філас. зместам. Пад уплывам асаблівасцяў розных нац. культур араторыя мадыфікавалася. Адбывалася яе сімфанізацыя (кампазітары венскай класічнай школы) або лірызацыя (кампазітары-рамантыкі). У 20 ст. адрадзілася цікавасць да араторыі, якая інтэнсіўна збліжаецца з операй, кантатай, сімфоніяй.

У бел. музыцы першыя араторыі створаны ў 1930-я г. (блізкая да араторыі вак.-сімф. паэма «Над ракою Арэсай» М.​Аладава, незакончаная араторыя «Вызваленне» Я.​Цікоцкага). У 1960-я г. напісаны араторыі «Песня пра Кубу» С.​Картэса, «Званы» Я.​Глебава, «Мы — беларусы» К.​Цесакова, першая камерная араторыя «Песні Хірасімы» (для чытальніка, салістаў — барытона і сапрана і 2 фп.) Дз.​Смольскага. З 1970-х г. бел. араторыі вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі і жанравымі разнавіднасцямі. Сярод найб. значных араторый «Мая Радзіма» Смольскага, «Свяці, зара» Глебава, «Зямля Беларусі» У.​Дарохіна (сл. П.​Броўкі), «Памяці паэта» Картэса і «Паэт» Смольскага на вершы Я.​Купалы, «Памяць Хатыні» В.​Войціка, «Хатынь» Цесакова, «Ванька-Устанька» (сл. Я.​Еўтушэнкі) і «Вольнасць» паводле кн. А.​Радзішчава «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Мдывані. У 1980 — пач. 1990-х г. створаны араторыі «Бітва за Беларусь» А.​Багатырова, «Думкі рускія» А.​Бандарэнкі, «Лісткі з календара» (сл. М.​Танка) А.​Залётнева, «Сказ пра Ігара» і «Іканастас» Л.​Шлег, «Куранты» В.​Капыцько, «Зорка паэта» Э.​Наско, «Беларускае вяселле» Цесакова, «Партызанскія песні» У.​Алоўнікава і інш.

Большасць бел. араторый ярка публіцыстычныя, напоўненыя грамадз. пафасам. Для іх характэрны апора на бел. паэзію, прыёмы развіцця, інтанацыйныя і ладавыя асаблівасці бел. муз. фальклору, увядзенне нац. інструментаў. У шэрагу араторый выкарыстаны новыя сродкі выразнасці, у т. л. прыёмы моўнай дэкламацыі з фіксаванымі гукавышыннай лініяй і рытмам, санорныя эфекты, элементы алеаторыкі, серыйнай тэхнікі, падпарадкаваныя маст. мэтам.

Літ.:

Розенов Э.К. Очерк истории оратории // Розенов Э.К. Статьи о музыке: Избр. М., 1982;

Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.

А.​У.​Валадковіч.

т. 1, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)