ГРЫНКЕ́ВІЧ Францішак (5.10.1884, в. Новы Двор Беластоцкага ваяв., Польшча — 26.7.1933),
бел.рэліг. і культ. дзеяч. Скончыў духоўныя Віленскую семінарыю (1905) і Пецярбургскую акадэмію (1907). У 1907 пасвячоны ў ксяндзы. З 1909 законавучыцель у гімназіях, настаяцель пры кляштары брыгітак у Гродне. У 1909—12 кіраўнік Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1932 капелан касцёла ў Гродне. Пераклаў з лац. мовы на бел. «Часіны Прачыстай Дзевы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРУЖЫ́НСКІ Францішак (3.1.1779, г. Орша, Віцебскай вобл. — 22.9.1850),
бел.рэліг. дзеяч, адзін з пачынальнікаў адукацыйнай сістэмы каталіцкай царквы ў ЗША. Скончыў езуіцкі калегіум у Оршы, у 1794 уступіў у ордэн езуітаў. У 1809 пасвячоны ў ксяндзы. Выкладаў тэалогію ў школах Аршаншчыны і Магілёўшчыны, у Полацкай езуіцкай акадэміі. З 1821 у ЗША, адзін з кіраўнікоў сістэмы адукацыі каталіцкай царквы ў краіне, з 1823 узначаліў ордэн езуітаў у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САК Аляксандр (14.8.1890, Навагрудчына — пасля 1937),
удзельнік бел. нац.-рэліг. руху пач. 20 ст. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це лясной гаспадаркі, з 1913 у Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У 1917 пасвячоны ў святара. Душпастырскую дзейнасць вёў у Магілёўскай губ., на Міншчыне, Мазыршчыне, у Койданаве, Хойніках. Удзельнік з’езда бел. каталіцкіх святароў у Мінску (24.—25.5.1917), чл. саюза ксяндзоў-беларусаў. Прыхільнік беларусізацыі рэліг. жыцця беларусаў-каталікоў. З-за праследаванняў сав. улад у 1929 вымушаны быў адмовіцца ад святарскага сану. Працаваў у Бел.дзярж. выд-ве, займаўся літ. творчасцю. 24.6.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», у 1930—34 на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. У 1937 зноў арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ШАЦЬ Язэп (28.7.1890, в. Рушчаны, Віленшчына — 15.2.1958),
бел.рэліг. і культ.-асв. дзеяч. Д-р філасофіі і тэалогіі. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1913). Вучыўся ў Грыгарыянскім ун-це ў Рыме (1913—19), папскім Усх. ін-це (1919—21) і ў Collegium Germanicum. Пасвячоны ў святары ў 1917 у Рыме. Пасля вяртання на радзіму ў 1921 вікарый-кааператар у Гродне, потым праф. філасофіі і апалагетыкі Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, выкладаў патрыстыку ў Віленскім ун-це імя С.Баторыя і Закон Божы ў Віленскай бел. гімназіі. Прымаў удзел у зах.-бел. нац.-рэліг. жыцці. У складзе бел. дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 5-га Уніяцкага кангрэса ў Велеградзе (Чэхаславакія, 1927). Член рэдкалегіі час.«Хрысціянская думка». У 1938 выехаў у Паўн. Амерыку, дзе ўступіў у ордэн бенедыкцінцаў у абацтве св. Пракопа (каля Чыкага). Аўтар рэліг. і навук. кніг — «З хрысціянскай апалагетыкі», «Святыя», «Кароткі катэхізіс для беларусаў-католікаў».
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІСЕ́ВІЧ Стафан (1836, Магілёўская губ. — 3.12.1913),
бел. каталіцкі рэліг. дзеяч. Скончыў Пецярб. каталіцкую духоўную акадэмію са ступенню магістра тэалогіі (1863) і пасвячоны ў святара. Служыў на розных пасадах у Магілёўскай губ. і Смаленску. З 1903 адміністратар Магілёўскай архідыяцэзіі, у 1908 атрымаў ганаровы тытул біскупа клаўдзіяпалітанскага. Быў прыхільнікам выкарыстання бел. мовы ў царк. жыцці. Садзейнічаў выданню «Элементара [буквара] для добрых дзетак каталікоў» (СПб., 1906, лацінкай), для якога напісаў прадмову. Быў цэнзарам кніг на бел. мове (лацінкай) «Кароткі катэхізм» (1907) і «Кароткая гісторыя святая» (1914).
Літ.:
Stankiewicz A Rodnaja mowa ŭ światyniach. Wilnia, 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БІЧ Ільдэфонс (1890, в. Дзедзіна Мёрскага р-на Віцебскай вобл. — 28.4.1944),
бел. рэлігійны і культ. дзеяч. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1911). Вышэйшую духоўную адукацыю атрымаў у Рыме (1911—13). Дамогся папскага блаславення на выданне першай бел. каталіцкай газ.«Беларус», у якой супрацоўнічаў пад псеўданімам Пётра Просты. 27.7.1915 пасвячоны ў ксяндзы. Служыў у розных прыходах, быў настаўнікам у Віленскай бел. гімназіі, карыстаўся бел. мовай у пропаведзях. Аўтар працы на бел. мове «Нядзелішнія эванэліі і навукі» (т. 1—3, 1921—22), артыкулаў па рэліг. і культ. пытаннях, вершаў. Склаў 2 кнігі казанняў «Роднае слова ў касцёле» і «Навучайце ўсе народы» (у рукапісах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАСЕ́ВІЧ (Пратасевіч-Шушкоўскі) Валяр’ян
(каля 1509, б. маёнтак Шушкова каля в. Крайск Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 31.12.1579),
дзяржаўны і рэліг. каталіцкі дзеяч ВКЛ. У 1532—44 пісар велікакняжацкай канцылярыі, з 1533 адначасова на духоўных пасадах. З 1544 пісар ВКЛ і сакратар вял.кн. Жыгімонта II Аўгуста. У 1549 прызначаны біскупам луцкім (пасвячоны ў 1554). З 1555 біскуп віленскі (афіцыйна з 1556). Супрацьстаяў націску Рэфармацыі ў час яе найб. ўздыму, але ў барацьбе з пратэстантамі не выкарыстоўваў гвалтоўных сродкаў. Паставіў свой подпіс пад Віленскім прывілеем 1563. Быў прыхільнікам аб’яднання ВКЛ з Польшчай на прынцыпах федэрацыі, а не інкарпарацыі. Люблінскую унію 1569 ад імя П. падпісаў яго прадстаўнік А.Р.Мялескі. Адзін з ініцыятараў адкрыцця ў 1570 Віленскага езуіцкага калегіума (пазней Віленская акадэмія, Віленскі універсітэт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАЯ́К Казімір (сапр.Стаповіч Канстанцін Мацвеевіч; 19.2.1890, в. Барані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 6.5.1926),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1914). У 1915 пасвячоны ў ксяндза. Абавязкі ксяндза спалучаў з адукацыйна-асветнай работаю: адкрываў бел. школы, збіраў бел. фальклор, казанні ў касцёле гаварыў па-беларуску, за што зазнаў нападкі касцельнай іерархіі. Друкаваўся з 1913. Аўтар публіцыст. трактата аб шкоднасці п’янства «Алкаголь» (1913), п’есы «Янка Канцавы» (1920), зб. вершаў «Мая ліра» (1924), вершаванага апавяд. «Чарку дай, браце» (1926), драм. паэмы «Купалле» (1930), філас. дзённіка «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» (1932). Пісаў вершы, апавяданні, эсэ, філас. эцюды, гумарэскі, публіцыст. артыкулы рэліг. і літ.-крытычнага зместу (нарыс пра Ф.Багушэвіча, арт. пра аповесць М.Гарэцкага «Дзве душы») і інш.Найб. раскрыўся ў паэзіі: творы прасякнуты патрыят. думкамі і гуманіст. ідэямі, напоўнены высокай духоўнасцю, ранімай чалавечнасцю, устаноўкай на асветніцтва, пошукамі «найвышэйшай справядлівасці».
Тв.:
У кн.: Ростані волі. Мн., 1990.
Літ.:
Станкевіч А. З жыцьця і дзейнасці Казімера Сваяка. Вільня, 1936;
Калеснік У. Зорны спеў. Мн., 1975;
Стаповіч Б. З успамінаў пра Казіміра Сваяка // Полымя. 1990. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРЫЙ РАСТО́ЎСКІ, Дзімітрый (свецкае Туптала Данііл Савіч; снежань 1651, мяст. Макарава каля Кіева — 8.11.1709),
украінскі і рус.царк. і культ. дзеяч, асветнік. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі (1662—65). У 1668 прыняў манаства, у 1675 пасвячоны ў іераманахі. Быў ігуменам у розных манастырах на Украіне. З 1702 мітрапаліт у Растове, заснаваў там семінарыю. Сярод яго шматлікіх маральна-павучальных, багаслоўскіх, драм. твораў найб. вядомыя 4-томны зб. «Чэцці-Мінеі» («Кніга жыцій святых»), выд. ў 1689, 1695, 1700, 1705. Філасофію разглядаў як неабходны элемент рэліг. вопыту. У духу містычнай плыні праваслаўя ісіхазму лічыў, што свет прасякнуты боскімі дзеяннямі, якія адкрываюцца чалавеку ў прыгажосці і гармоніі прыроды. На яго думку, узаемаадносіны душы і цела маюць характар антаганізму, бо ў адносінах да душы цела — турма; таму адной з жыццёвых мэт з’яўляецца ўстанаўленне панавання душы над целам. Выкрывальнік стараверства (кн. «Вышук пра раскольніцкую брынскую веру...», выд. 1745). Кананізаваны ў 1757.
Тв.:
Сочинения святителя Димитрия, митрополита Ростовского. Ч. 1—5. Киев, 1895—1905;
Жития святых на русском языке, изложенные по руководству Четий-Миней св. Димитрия Ростовского с дополнениями из Пролога. Т. 1—12. М., 1902—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛА І МЯФО́ДЗІЙ,
славянскія асветнікі, стваральнікі слав. азбукі, прапаведнікі хрысціянства. Браты; нарадзіліся ў г. Салунь (цяпер Салонікі, Грэцыя). Большасць вучоных лічаць іх балгарамі.
Кірыла (да прыняцця манаства ў 869 — Канстанцін; каля 827—14 2.869). Атрымаў адукацыю пры двары імператара Міхаіла ў Канстанцінопалі, прыняў сан святара і стаў бібліятэкарам патрыярха Фоція. Пазней прызначаны настаўнікам філасофіі, за што празваны Філосафам. У пач. 860-х г. з дыпламат.-рэліг. місіяй наведаў хазар у грэч. калоніі Херсанес (Крым).
Мяфодзій (815—6.4.885). Быў на ваен. службе і 10 гадоў кіраваў адной з падуладных Візантыі славяна-балг. абласцей, потым ігумен манастыра Паліхрон на беразе Мармуровага мора.
У 863 К. і М. запрошаны ў Маравію для пропаведзі хрысціянства на слав. мове. Прыбылі сюды са створанай імі слав. азбукай і ўласнымі перакладамі рэліг. кніг на слав. мову, царк. службу вялі па-славянску. З-за незадаволенасці ням. місіянераў, якія ў сваёй службе выкарыстоўвалі латынь, былі вымушаны пакінуць Маравію. У 867 па запрашэнні папы Мікалая I прыбылі ў Рым, дзе абаранялі права славян на родную мову ў літургіі. Пасля смерці ў Рыме Кірылы Мяфодзій пасвячоны ў сан епіскапа. У 882—884 жыў у Візантыі і Маравіі, дзе працягваў прапаведніцкую і асветніцкую дзейнасць. Імёны К. і М. сталі сімвалам культурнай еднасці і самастойнасці славян. Назва стараж.слав. азбукі кірыліца паходзіць ад імя Кірыла. Браты фактычна сталі стваральнікамі літ.стараслав. мовы, зразумелай тады ўсім слав. народам. На Беларусі пра дзейнасць К. і М. ведалі ўжо з 11 ст. праз творы Чарнарызца Храбра «О письменах» і праз жыціі К. і М. Асветнікі кананізаваны правасл. царквой як Роўнаапостальныя К. і М., настаўнікі Славенскія. 11 мая (с. ст.) — Дзень св. К. і М., які ў Балгарыі, а з 1986 і ў слав. рэспубліках б.Сав. Саюза, у т. л. на Беларусі, адзначаецца як дзень слав. пісьменства і культуры. Ушаноўваюцца як святыя і каталіцкай царквой. У Балгарыі існуе ордэн К. і М., якім на Беларусі ўзнагароджаны П.Броўка, Н.Гілевіч, В.Нікіфаровіч.
Літ.:
Сказания о начале славянской письменности. М., 1981;
Бернштейн С.Б. Константин-философ и Мефодий. М., 1984;
Истрин В.А. 1100 лет славянской азбуки. 2 изд. М., 1988.