Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́НА, Алена Прыгожая,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка Зеўса і Леды, жонка цара Спарты Менелая, якая лічылася надзвычайнай прыгажуняй. Паводле міфаў, сын траянскага цара Прыяма Парыс з дапамогай Афрадыты выкраў Алену, што стала зачэпкай Траянскай вайны. Міф пра Алену — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны Я.Тынтарэта, Ж.Л.Давіда), л-ры (Гамер, Эўрыпід, І.В.Гётэ), музыцы (К.В.Глюк, К.Сен-Санс, Р.Штраус) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ЎСКІ (сапр.Смірноў) Барыс Іванавіч
(1796, с. Сталбецкае Пакроўскага р-на Арлоўскай вобл. — 28.12.1837),
рускі скульптар. Прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў скульпт. майстэрнях С.Кампіёні ў Маскве (з 1809) і П.Трыскорні ў Пецярбургу (з 1816), у Пецярбургскай АМ (1822), з 1836 яе прафесар. Пенсіянер АМ у Рыме (1823—28). У творах Арлоўскага («Парыс», 1824, помнікі М.І.Кутузаву і М.Б.Барклаю-дэ-Толі ў Пецярбургу, 1828—37) велічная строгасць класіцыстычных формаў, часам не пазбаўленая рысаў патэтыкі, спалучаецца з рамант. прыўзнятасцю.
Б.Арлоўскі. Помнік М.І.Кутузаву ў Санкт-Пецярбургу. 1837.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЕ́ ((Gillet) Нікала Франсуа) (2.3.1709, г. Мец, Францыя —7.2.1791),
французскі скульптар. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (да 1745), у Франц. акадэміі ў Рыме (1746—52). Выкладаў ў Пецярб.АМ (1758—77), значна паўплываў на развіццё рас. скульптуры; сярод вучняў Ф.І.Шубін, М.І.Казлоўскі, Ф.Ф.Шчадрын, Х.П.Пракоф’еў і інш. Удзельнічаў у аздабленні Зімняга палаца ў Пецярбургу (1758—77). У 1778 вярнуўся ў Парыж. Працаваў у станковай і арнаментальна-дэкар. скульптуры, дзе спалучаў рысы ракако з асобнымі элементамі класіцызму («Парыс з яблыкамі», 1757, партрэт вял.кн. Паўла Пятровіча, 1765, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРАЦЫ́ЙНАЯ ТЭО́РЫЯ, тэорыя запазычання, тэорыя вандроўных сюжэтаў,
тэорыя, якая тлумачыла падабенства фальклору індаеўрап. народаў міграцыяй вусна-паэтычных твораў.
Вял. пашырэнне мела ў 2-й пал. 19 ст. побач з міфалагічнай тэорыяй (гл.Міфалагічная школа). Пачатак М.т. паклаў ням. філолаг Т.Бенфей. Прыхільнікі яе — зах.-еўрап. даследчыкі Р.Кёлер, Г.Парыс, А.Клоўстан, рускія А.М.Пыпін, У.В.Стасаў, У.Ф.Мілер. Недахопам М.т. было тое, што яна разглядала фальклор у адрыве ад асяроддзя, у якім ён бытаваў. Аднак увяла ў навук. ўжытак вял. фактычны матэрыял, пашырыла ўяўленне пра духоўную спадчыну індаеўрап. народаў. Бел. збіральнікі і даследчыкі фальклору ў 19 — пач. 20 ст. выявілі нямала фактаў фальклорнай міграцыі, узаемнага запазычання ў творчасці суседніх, асабліва слав. народаў (Р.С.Зянькевіч, Е.Р.Раманаў, Я.Ф.Карскі).
Літ.:
Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 1—4. СПб., 1890—92;
Коккьяра Дж. История фольклористики в Европе: Пер с итал. М., 1960;
Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;
Бараг Л.Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́СТАН (Boston),
горад на ПнУ ЗША. Адм. ц. штата Масачусетс. 551,7 тыс.ж.; у агламерацыі (Вялікі Бостан) — 4,17 млн.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт пры ўпадзенні р. Чарлз у зал. Масачусетс Атлантычнага ак.Міжнар. аэрапорт. Адзін з гал.прамысл. цэнтраў ЗША, буйны гандл.-фін., навук. і культ.цэнтр. У Бостане — праўленні буйных страхавых кампаній, банкаў і прамысл. карпарацый. Прамысловасць: прыладабудаванне, у т. л.вытв-сць кантрольна-вымяральных і навук. прылад, мед. інструментаў, фотатэхнікі (фірма «Паляроід»); радыёэлектронная (вытв-сцьЭВМ, сродкаў сувязі, мед. апаратуры, электронных кампанентаў), эл.-тэхн., аўтазборачная; вытв-сцьпрамысл. абсталявання, авіяц. дэталяў і вузлоў, авіяц. і суднавых рухавікоў; суднабудаванне і суднарамонт. Паліграф., гарбарна-абутковая, хім. (пераважна вытв-сцьбыт. хімікатаў), гумавая, лёгкая, харч.прам-сць. Метрапалітэн. Ун-ты, у т. л. Гарвардскі (з 1636). Масачусецкі тэхнал.ін-т. Акадэмія мастацтваў і навук. Марскі акварыум.
Засн. ў 1630 пурытанамі — выхадцамі з Англіі. З 1632 сталіца калоніі Масачусетс, гал. порт і горад Новай Англіі, важны гандл., навук. і культ. асяродак. У 2-й пал. 18 ст. ў Бостане распачалася барацьба супраць каланіяльнай палітыкі Вялікабрытаніі (паўстанне гараджан супраць гербавага збору ў 1765, іх узбр. сутычка з англ. войскамі ў 1770, т.зв. «Бостанскае чаяпіцце» 1773), якая стала пралогам Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Гар. правы з 1822. З 1831 адзін з цэнтраў абаліцыянізму, страціў пазіцыі ў гандлі, але стаў значным асяродкам банкаўскай справы, тут утварыўся саюз капіталістаў-ранцье, т.зв. Бостанская фін. група. У 19—20 ст. адзін з партоў масавага прыбыцця імігрантаў, у т. л. беларусаў.
Мае радыяльную сістэму планіроўкі, шматлікія паркі, паўкальцо бульвараў (з 1898, план Ч.Эліята). Сярод арх. помнікаў калан. перыяду: Дом сходаў (1729—30), Стары дом штата (1713; перабудаваны ў 1748), Фанейль-хол (1742—1805); пабудовы Ч.Булфінча ў стылі класіцызму — Дом штата (Капітолій; 1795—98, перабудовы да 1914), Масачусецкі гал. шпіталь (1818—20) і інш.; гандл. будынак Куінсі-маркет (1825—26, А.Парыс); Публічная б-ка (1888—95, неарэнесанс; размалёўкі П.Пюві дэ Шавана, Дж.С.Сарджэнта і інш.); пабудовы Г.Х.Рычардсана ў духу раманскага дойлідства — царква Трыніты-чэрч (1873—77) і інш. Сучасны адм. цэнтр уключае Новую ратушу (1969), будынкі «Дж.Ф.Кенэдзі», адм. службаў аховы здароўя, прафілактыкі і асветы (1971, П.Рудалф). Пабудаваны новы корпус гар. б-кі (1972, Ф.Джонсан), будынак Блакітнага Крыжа (1960, Рудалф), аэрапорт (1971), сфарміравана Рыначная пл. (1976, Б.Томпсан). Помнік-абеліск у гонар бітвы пры Банкер-Хіле (вып. 67 м, 1843) і інш.Бостанскі музей прыгожых мастацтваў.
Рака Чарлз у цэнтры Бостана.Да арт Бостан. Рыначная плошча. Арх. Б.Томпсан. 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ТЭА́ТР РАДЗІВІ́ЛАЎ,
прыдворны т-ркн.Радзівілаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. ў 1740—91. З 1746 пры кн. Ф.У.Радзівіл аматарскі, у спектаклях побач з прыгоннымі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, шляхта, кадэты нясвіжскага корпуса (першы спектакль — «Узор справядлівасці»), Паказы ў суправаджэнні Нясвіжскай капэлы Радзівілаў адбываліся ў спец. будынку — «камедыхаўзе» (пабудаваны ў 1747—48, арх. К.Ждановіч).
Паводле інвентара 1767 цэнтр. памяшканнем т-ра была вял. партэрная зала, вырашаная амфітэатрам, над якім размяшчаліся ложы. Сцены і столь былі аздоблены размаляванымі палатнянымі шпалерамі. Сцэна была адгароджана ад залы жоўтай тканай заслонай з выявамі герба Радзівілаў. Абапал сцэны былі хоры для капэлы. Тэатр. залу асвятлялі 53 метал. ліхтары. Спектаклі ставіліся таксама ў Альбе, пад адкрытым небам у «зялёным тэатры» і ў палацы «Кансаляцыя» (пабудаваны ў 1748, арх. М.Педэці, перабудаваны ў 1770-я г.арх. Л.Лутніцкім, рэстаўрыраваны ў 1809 М.Цэйзікам; не захаваўся).
Спектаклі ішлі на польск., італьян., ням. і франц. мовах. У рэпертуары творы Ф.У.Радзівіл: камедыі «Дасціпнае каханне» (1746), «Каханне — зацікаўлены суддзя» (1747), «Убачанае не мінае» (1749), «Гульня фартуны» і «Кансаляцыя ў клопатах» (1750); трагедыі «Суддзя, пазбаўлены розуму» (1748), «Золата ў агні» (1750), «Несумленнасць у пастцы» (1751); оперы «Сляпое каханне не зважае на вынікі» і «Шчаслівае няшчасце» (1752); перакладзеныя і пераробленыя Ф.У.Радзівіл творы Мальера, Вальтэра, балеты, пантамімы. Рэжысёр т-ра Я.П.Фрычынскі (з 1746), балетмайстар Шрэтэр (з 1746), капельмайстры Е.Бакановіч (з 1749), Я.Ценціловіч (з 1751). У 1753—62 кн. М.К.Радзівіл Рыбанька папоўніў трупу нанятымі акцёрамі, стварыў пры капэле Нясвіжскую музычную школу і Нясвіжскую балетную школу, аркестр нар. інструментаў (т.зв. «літоўская музыка»), павялічыў прыдворную капэлу. Тэатр набыў прафес. характар і стаў прыдворным. Рэпертуар папоўніўся творамі Ф.У.Радзівіл, камедыямі Мальера («Маскарыль» і «Сганарэль», 1755; «Жорж Дандэн», 1757, і інш.), Вальтэра («Заіра», 1757), С.Мыцельскага («Парыс» і «Іосіф Патрыярх»), В.Ржавускага («Жалкеўскі» і «Уладзіслаў пад Варнай», 1761), італьян. і ням. камічнымі операмі і балетамі. Тэатр выязджаў у Слуцк, Белае, Жоўкву, Алыку. Пры кн. К.С.Радзівілу Пане Каханку ў 1777—86 у т-ры працавалі антрэпрыза Л.Перажынскага (з 1783; сярод акцёраў К.Аўсінскі, комік Я.Закжэўскі, спевакі В.Ясінскі, М.Вернер, З.Закжэўская, М.Ясінская, М.Перажынская, Т.Маруноўская, М.Лазанская), група італьян. спевакоў, новы склад капэлы (44 чал.), балет (больш за 20 прыгонных танцораў). У рэпертуары балеты А.Пуціні, оперы Дж.Паізіела, Я.Голанда (камічная опера «Агатка, або Прыезд пана», лібр. М.К.Радзівіла), К.В.Глюка («Арфей і Эўрыдыка»; абедзве 1784) і інш. З 1786 т-р працаваў нерэгулярна.
Літ.:
Барышаў Г.І. Тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку // Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 170—180, 215—223.
Да арт.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Сцэна з оперы «Шчаслівае няшчасце». Мастак М.Жукоўскі.