Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ПРУ́ДНІКІ,
археалагічныя помнікі — гарадзішча і селішча каля в. Пруднікі Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча 5—16 ст. памерам 118 × 65 м, абкружана валам выш. 4,2 і шыр. 20 м (захавалася паўн. частка). У 5—10 ст. тут было ўмацаванае паселішча патрыярхальнай абшчыны, у 11—13 ст. — парубежны пункт (астрог) Полацкага княства, у 14—16 ст. — феад. сядзіба-замак. Пры даследаванні выяўлены рэшткі жытлаў зрубнай канструкцыі з каменнымі агнішчамі і печамі-каменкамі, вырабы з косці, бронзы і медзі, шкляныя пацеркі, плінфа, кафля, наканечнікі стрэл і дзідаў, баявыя нажы, рэшткі даспехаў, наверша булавы, крыжыкі, манетападобная падвеска-медальён з выявай маці Божай — Аранты, энкалпіён з багатай іканаграфіяй, ляпны і ганчарны посуд і інш. Селішча 3—10 ст. належала балтам. Выяўлены рэшткі жытлаў зрубнай канструкцыі з печамі-каменкамі, вырабы з косці, гліны, каменю, бронзы, жалеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ ВЕ́ЖА, Камянецкі стоўп, «Белая вежа»,
помнік абарончага дойлідства канца 13 ст. ў г. Камянец. Паводле Іпацьеўскага летапісу, пабудавана паміж 1276 і 1288 дойлідам Алексам па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча як парубежны апорны фарпост. Размешчана на ўзгорку на левым беразе р. Лясная, унутры кальцавога вала, дамінавала над драўлянымі ўмацаваннямі. З боку р. Лясная да ўмацавання падступала балоцістая нізіна, з трох бакоў яго акружаў роў. Вышыня 5-яруснай вежы каля 30 м, таўшчыня сцен 2,5 м. Вонкавы дыяметр 13,6 м, вышыня падмурка каля 2,3 м, дыяметр 16 м. Вежа змуравана з брусчатых цаглін цёмна-чырвонага і жаўтаватага колераў (26,5 × 13,5 × 8 см) з характэрнымі падоўжанымі паглыбленнямі ў ніжняй частцы. Муроўка «балтыйская — 2 «рубы» паслядоўна чаргуюцца з адным «старчаком»; звонку на сценах вежы захавалася шмат прамавугольных паглыбленняў ад рыштаванняў. Перакрыцці 2-га і 3-га ярусаў былі падвойныя. Паверхня сцен прарэзана байніцамі, паміж якімі размешчаны 4 плоскія нішы з паўцыркульным завяршэннем. Над 5-м ярусам захаваліся рэшткі цаглянага купальнага скляпення з патоўшчанымі рэбрамі, якія заканчваюцца ўнізе невял. кранштэйнамі з вузкім паяском. З 5-га яруса пачынаюцца цагляныя ўсходы, якія вядуць наверх да баявой пляцоўкі. Яны праразаюць тоўшчу сцяны і асвятляюцца 2 вузкімі акенцамі. Пляцоўка акружана 14 зубцамі. Аб’ём вежы звужаецца ўверсе, не мае ні верт., ні гарыз. чляненняў, аформлены стральчатымі вокнамі і праёмамі, паўцыркульнымі плоскімі нішамі і байніцамі. Вежа адносіцца да тыпу валынскіх і мае шмат агульнага з вежамі тыпу «данжон», пашыранымі ў 12—13 ст. ў краінах Зах. Еўропы. З 1960 будынак вежы выкарыстоўваецца як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.