Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
АЛАПАТРЫ́Я (ад ала... + грэч. patris радзіма),
тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць ва ўмовах прасторавай раз’яднанасці папуляцый. Пад дзеяннем натуральнага адбору кожная папуляцыя дадзенага віду прыстасоўваецца да спецыфічных умоў яе месцапражывання. Адаптацыя да новых умоў і выпадковы дрэйф генаў у невял. папуляцыях прыводзяць да змены частаты алеляў і генатыпаў. У выніку працяглага раз’яднання папуляцый паміж імі можа ўзнікнуць генетычная ізаляцыя, якая захоўваецца нават у тым выпадку, калі яны зноў апынуцца разам. Такім чынам могуць утварацца новыя віды. Напр., разнастайнасць відаў уюркоў сям. Goespizidae і пашырэнне на а-вах Галапагас лічаць вынікам алапатрычнага відаўтварэння. Гл. таксама Сімпатрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУ́ЗЕК ((Gajdusek) Даніэл Карлтан) (н. 9.9.1923, г. Іонкерс, ЗША),
амерыканскі педыятр, вірусолаг і эпідэміёлаг. Чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Нац.АН ЗША, Амерыканскай акадэміі неўралогіі. Скончыў Рочэстэрскі ун-т (1943). З 1949 у Гарвардскім ун-це, у 1954 — у Пастэраўскім ін-це ў Тэгеране, у 1955—57 у Ін-це мед. даследаванняў у Мельбурне, з 1958 у Нейралагічным цэнтры Нац. ін-та здароўя (ЗША). Навук. працы па вірусалогіі, эпідэміялогіі, педыятрыі, генетыцы і эвалюцыі чалавека ў ізаляваных папуляцыях. Стваральнік вучэння пра павольныя вірусныя інфекцыі чалавека (хваробы з працяглым інкубацыйным перыядам і пашкоджаннем ц. н. с.). Нобелеўская прэмія 1976 (разам з Б.Бламбергам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙФ ГЕ́НАЎ, генетыка-аўтаматычныя працэсы ў папуляцыі,
змяненне генет. структуры (частаты генаў) папуляцыі ў выніку выпадковых прычын. Тэрмін Д.г. прапанаваў амер. генетык С.Райт (1931). Праяўляецца звычайна пры невял. колькасці папуляцыі (напр., рэзкім яе скарачэнні ў выпадку стыхійных бедстваў, развіцці эпізаотый і інш.). Пад дзеяннем Д.г. узмацняецца працэс гомазігатызацыі структуры папуляцыі, што нарастае з памяншэннем яе колькасці. Нарастанне абумоўлена павелічэннем частаты блізкароднасных скрыжаванняў у невял. папуляцыях, калі ў выніку выпадковых ваганняў частот асобных генаў адбываецца замацаванне адных алеляў пры адначасовай страце іншых. Некат. з атрыманых гомазіготных формаў у новых умовах асяроддзя могуць стаць прыстасавальна каштоўнымі і дзякуючы адбору атрымаць вял. пашырэнне пры наступным павелічэнні колькасці папуляцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ДРАЎ-ЗІ́ХМАН (Аскар Аскаравіч) (4.8.1920, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 17.9.1991),
бел. вучоны-генетык. Д-рбіял.н. (1979). Сын А.К.Кедрава-Зіхмана. Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1953). З 1955 працаваў у Цэнтр.бат. садзе, з 1960 у Ін-це генетыкі АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні працэсаў і з’яў у папуляцыях перакрыжаванаапыляльных раслін. Распрацаваў на аснове палікрос-тэста новыя падыходы і прыёмы селекцыі азімага жыта, стварыў поўную серыю трысомікаў азімага жыта.
Тв.:
Генетические основы селекции гетерозисных популяций. Мн., 1971 (у сааўт.);
Поликросс-тест в селекции растений. Мн., 1974;
Получение и использование трисомиков озимой ржи. Мн., 1979 (разам з Т.С.Шылко).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЭВАЛЮ́ЦЫЯ (ад мікра... + эвалюцыя),
сукупнасць эвалюцыйных працэсаў, якія адбываюцца ў папуляцыях віду і вядуць да змены іх генафондаў і ўтварэння новых відаў. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» ўведзены рас. вучоным М.У.Цімафеевым-Расоўскім (1938). Мутацыі — адзіная крыніца з’яўлення якасна новых прыкмет, адбор — адзіны творчы фактар М., які накіроўвае элементарныя эвалюц. змяненні па шляху фарміравання адаптацый арганізмаў да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя. На характар працэсаў М. ўплываюць колькасныя ваганні папуляцый, абмен генет. інфармацыяй паміж імі, іх ізаляцыя і дрэйф генаў. М. вядзе або да змены ўсяго генафонду біял. віду як цэлага (філетычная эвалюцыя) або (калі папуляцыя ізаляваная) да яе адасаблення ад зыходнага віду ў якасці новай формы. Гл. таксама Відаўтварэнне, Макраэвалюцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНМІКСІ́Я (ад пан... + грэч. mixis змешванне),
выпадковае, свабоднае (неабмежаванае) скрыжоўванне разнаполых асобін з рознымі генатыпамі ў папуляцыі ці інш. унутрывідавой групе арганізмаў. У рознай ступені характэрна для большасці відаў жывёл і раслін і залежыць ад характару іх размнажэння. Тэрмін «П.» ўвёў А.Вейсман (1885). Поўная П. магчыма ў «ідэальных» папуляцыях (бясконца вял., у якіх кожная асобіна мае аднолькавыя магчымасці апладнення асобінай другога полу, пры адсутнасці адбору, ціску мутацый, міграцый і інш.), калі адбываецца выпадковае камбінаванне гамет і раўнаважнае размеркаванне частот генатыпічных класаў асобін у адпаведнасці з Хардзі—Вайнберга законам. У прыродзе ажыццяўляецца толькі ў той ці інш. ступені і забяспечвае генетыка-эвалюц. адзінства ўнутрывідавых груповак і віду ў цэлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАЗІГО́ТНАСЦЬ (ад гетэра... + зігота),
спадчынная неаднароднасць гібрыднага арганізма, звязаная з наяўнасцю ў яго гамалагічных храмасомах розных форм (алелей) таго ці іншага гена. Узнікае часцей у выніку зліцця разнаякасных паводле геннага або структурнага складу гамет у гетэразіготу, магчыма і праз мутацыі. Звычайна спрыяе высокай жыццяздольнасці арганізмаў і прыстасаванасці іх да зменлівых умоў асяроддзя, таму пашырана ў прыродных папуляцыях, падтрымлівае ў іх пэўны ўзровень генатыпічнай зменлівасці. У эксперыментах гетэразіготнасць атрымліваюць скрыжаваннем паміж сабой гомазігот па розных алелях. Нашчадкі ад такога скрыжавання аказваюцца гетэразіготамі паводле дадзенага гена. Маскіруючае дзеянне дамінантных алелей пры гетэразіготнасці — прычына захавання і пашырэння ў папуляцыі шкодных рэцэсіўных алелей, якія выяўляюць звычайна пры племянной і селекцыйнай рабоце; у мед. генетыцы важная пры вызначэнні спадчынных захворванняў. Гл. таксама Гомазіготнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕ́ТЫКА ЧАЛАВЕ́КА,
раздзел генетыкі, які вывучае спадчыннасць і зменлівасць нармальных і анамальных прыкмет чалавека. Да яго адносяцца: дэтэрмінацыя фізіял., біяхім. і марфалагічных уласцівасцей асобных тканак і органаў чалавека, роля спадчыннасці і асяроддзя ў фарміраванні асобы, мутацыі чалавека і метады аховы яго генатыпу ад пашкоджанняў рознымі фактарамі асяроддзя, роля спадчыннасці пры ўзнікненні і развіцці паталагічных змен у чалавека і інш. Генетыку чалавека падзяляюць на антрапагенетыку, дэмаграфічную генетыку (генетыка народанасельніцтва), экалагічную генетыку (вучэнне пра генет. аспекты ўзаемаадносін чалавека з навакольным асяроддзем), імунагенетыку, генетыку медыцынскую (найб. важную галіну генетыку чалавека для практычных задач аховы здароўя) і інш.Асн. метады даследавання генетыкі чалавека: блізнятны (гл.Блізняты), генеалогіі, папуляцыйна-статыстычны (вывучэнне пашырэння асобных генаў або храмасомных анамалій у папуляцыях чалавека), цытагенетычны (аналіз карыятыпу чалавека) і інш. Даследаванні па генетыцы чалавека маюць вял. значэнне для развіцця медыцыны (паляпшэнне дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі спадчынных захворванняў).