ПАНГЕ́Я (ад пан... + грэч. gē зямля),

старажытны гіганцкі суперкантынент, які аб’ядноўваў усе сучасныя кантыненты і ў геал. гісторыі Зямлі існаваў тройчы: П. 0, П. 1, П. 2.

Познаархейская кратанізацыя зямной кары пачалася 3 млрд. г. назад (на мяжы ранняга і позняга архею) і завяршылася 2,7—2,5 млрд. г. назад, пра што сведчыць узрост найб. стараж. адкладаў платформавага чахла. Магчыма, у гэты час зямная кара ўтварала суцэльную абалонку, або ўсеагульнае скучванне ў канцы архею прывяло да яе канцэнтрацыі ў выглядзе суперкантынента П. 0 у адным паўшар’і і ўтварэнню першаснага акіяна ў другім паўшар’і. У пач. пратэразою ўзніклі протагеасінкліналі, якія падзялілі П. 0 на вял. колькасць протаплатформ. Развіццё раннепратэразойскіх протагеасінкліналей завяршылася пераважна да 1,8—1,75 млрд. г. назад (у канцы ранняга пратэразою). Протаплатформы апынуліся моцна спаянымі протагеасінклінальнымі складкавымі сістэмамі і паясамі тэктона-тэрмальнай перапрацоўкі з нарошчваннем кантынент. кары. Утварыўся суперкантынент П. 1. З гэтага часу на плошчы сучасных стараж. платформ усталяваўся кантынент. рэжым з пашыраным наземным вулканізмам. Існаванне П. 1, як і П. 0, пацверджана палеамагн. данымі (падабенства крывых блукання полюсаў Зямлі) і пераходнымі палеаструктурамі. У раннім рыфеі фіксуюцца пач. працэсы распаду П. 1 у вобласці Паўд.-Усх. Азіі, новаўтварэнне акіянскіх басейнаў і ўзнікненне мікракантынентаў, з перыферыяй якіх звязана станаўленне афіялітавых паясоў. У познім рыфеі адбыўся распад П. 1 на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію, узніклі планетарныя рухомыя паясы. У канцы палеазою (позняя перм) зноў аднавілася суцэльнасць кантынент. кары: Лаўразія і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай утварылі адзіны звышкантынент, якому А.Вегенер (гл. Вегенера гіпотэза) даў назву П. (у адрозненне ад рыфейскага суперкантынента П. 1, мае назву П. 2).

Распад П. 2 пачаўся 200 млн. г. назад у канцы трыясавага — пач. юрскага перыяду мезазойскай эры і звязваецца, паводле гіпотэзы «Новая глабальная тэктоніка», з утварэннем новай сістэмы канвекцыйных ячэек у мантыі. Гл. таксама Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ГЕНЕРА ГІПО́ТЭЗА,

гіпотэза, паводле якой абгрунтоўваецца рух кантынентаў у гарызантальным напрамку. Выказана А.Вегенерам у 1912. У аснове гіпотэзы — падабенства зах. і ўсх. берагоў Атлантычнага ак., якія дакладна сумяшчаюцца. Паводле Вегенера гіпотэзы, каля 200 млн. гадоў назад пачаўся распад і разыходжанне кавалкаў першапачаткова адзінага звышмацерыка Пангея. На падставе тэорыі ізастазіі і геал. даных Вегенер лічыў, што мацерыковыя гранітныя глыбы перамяшчаліся на тысячы кіламетраў па нерухомым базальтавым слоі. Гэта першая гіпотэза мабілізму, якая атрымала развіццё пасля Міжнар. геафіз. года (1957—58) і адкрыцця сувязі паміж працэсамі ў мантыі і зямной кары (гл. таксама Дрэйф кантынентаў).

Т.​В.​Якубоўская.

Да арт. Вегенера гіпотэза. Гіпатэтычны мацярык Пангея і яго разыходжанне на сучасныя мацерыкі.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛАВА́Я СІСТЭ́МА (ПЕРЫЯД), мел (ад назвы характэрнай горнай пароды),

трэцяя (апошняя) сістэма мезазойскай эратэмы (эры). Адпавядае трэцяму перыяду мезазойскай эры геал. развіцця Зямлі. Пачалася каля 137 млн. гадоў назад, доўжылася каля 70 млн. гадоў. Выдзелена ў 1822 франц. геолагам Ж.​Амаліусам д’Алуа. Падзяляецца на 2 аддзелы (эпохі): ніжні (раннюю) і верхні (познюю); на 13 ярусаў (вякоў): берыяскі, валанжынскі, гатэрыўскі, барэмскі, апцкі, альбскі (ніжні аддзел); сенаманскі, туронскі, каньякскі, сантонскі, кампанскі, маастрыхцкі, дацкі (верхні аддзел). Некаторыя даследчыкі адносяць берыяскі ярус да юры, а дацкі да палеагену. Адклады М.с. (п.), пераважна верхняга аддзела, шырока развіты на платформах (Усх.-Еўрапейская, Паўн.-Амерыканская, Афрыканская і Аўстралійская) і ў межах геасінкліналей (Міжземнаморскі геасінклінальны пояс).

У раннемелавую эпоху ўсе платформы былі прыўзняты, на іх намнажаліся кантынентальныя асадкі. У геасінклінальных абласцях фарміраваліся вулканагенна-асадкавыя тоўшчы, якія ў познамелавую эпоху перакрыліся пераважна вапняковымі тоўшчамі. На мяжы ранняга і позняга мелу і ў канцы позняга мелу адбываліся інтэнсіўныя працэсы тэктагенезу (гл. Мезазойская складкавасць), што асабліва праявіліся ў Ціхаакіянскім геасінклінальным поясе. У пачатку позняга мелу, у выніку апускання вялізных участкаў сушы азначаных платформ, пачалася найб. ў гісторыі Зямлі познамелавая трансгрэсія, адметная намнажэннем магутных тоўшчаў карбанатных парод, у т. л. пісчага мелу. Да гэтага часу адносіцца і распад гіганцкага мацерыка Пангея, разам з Гандванай і Лаўразіяй. Арганічны свет істотна змяніўся ў 2-й пал. ранняга мелу. У складзе расліннасці шырокае развіццё атрымалі пакрытанасенныя (платаны, лаўры, магноліі, эўкаліпты і інш.), хвойныя (секвоі, цісавыя, кіпарысавыя). У жывёльным свеце значнага росквіту дасягнулі фарамініферы і галаваногія малюскі (аманіты, белемніты), якія з’яўляюцца кіруючымі відамі для пабудовы стратыграфічнай схемы мелавых адкладаў. З адкладамі М.с. (п.) звязаны шматлікія радовішчы баксітаў, фасфарытаў, вуглёў, нафты, мергельна-мелавых парод, трэпелаў, гіпсаў і інш.

На тэр. Беларусі адклады М.с. (п.) пашыраны на Пд ад шыраты Мінска, прадстаўлены ўсімі ярусамі, акрамя берыяскага і дацкага. Верхні аддзел падзелены па фарамініферах на 15 рэгіянальных зон. Ніжнемелавыя (даальбскія) адклады развіты на ПдУ (Прыпяцкі прагін, паўд.-зах. схіл Варонежскай антэклізы), прадстаўлены некарбанатнымі пясчана-алеўрыта-гліністымі пародамі, якія маюць у сабе фарамініферы, споры і пылок, альбскія — на З і У плошчы пашырэння мелавых адкладаў (некарбанатныя глаўканіта-кварцавыя пясчаныя пароды са спікуламі губак, луской і зубамі рыб, пеліцыподамі, спорамі і пылком). Магутнасць ніжнемелавых адкладаў да 77,5 м. Верхнемелавыя пароды развіты на ўсёй пл. пашырэння мелавых адкладаў, па далінах Дняпра, Сажа і іх прытокаў выходзяць на паверхню. Складзены 2 тоўшчамі: тэрыгенна-карбанатнай (вапняковыя пяскі, пясчаністы мел) і карбанатнай (мергельна-мелавая). Трапляюцца карбанатна-крамяністыя пароды (каньякскі ярус). Па ўсёй тоўшчы шмат фарамініфер, астракод, зрэдку брахіяподы, пеліцыподы, белемніты. Магутнасць 338 м (паўд.-зах. схіл Варонежскай антэклізы) і 241 м (Валынская монакліналь). З адкладамі М.с. (п.) звязаны радовішчы мергельна-мелавых і крэменязёмістых парод, фасфарытаў.

В.​С.​Акімец.

т. 10, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)