Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУ́ЗІЙ (ад лац. indusium жаночая верхняя туніка), пакрывальца,
невялікі эпітэліяльны выраст на паверхні ліста папарацей, які прыкрывае кучкі (сорусы) спарангіяў. Развіваецца з эпідэрмісу ліста, плацэнты, на якой сядзяць спарангіі, ці ўтвараецца загорнутым краем ліста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕГАПТЭ́РЫС (Phegopteris),
род папарацей сям. тэліптэрысавых. 15 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — Ф. звязвальны (Ph. connectilis). Трапляецца ў лясах, сярод хмызняку па берагах рэк.
Ф. звязвальны — травяністая расліна выш. да 45 см, з тонкім паўзучым карэнішчам, укрытым светла-карычневымі лускавінкамі. Лісце завостранае, з доўгімі рассеяна-валасістымі чаранкамі і трохвугольнай пласцінкай, з адагнутай ніжняй парай буйных перыстарассечаных сегментаў. Сорусы без пакрывальца, размешчаны паблізу ад краю сегмента. Гаметафіт маленькі, слаявінны, зялёны, двухполы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫСТАВУСТ (Osmunda),
род папарацей сям. чыставуставых. Каля 15 (паводле інш. звестак 27) відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 1 від — Ч. каралеўскі (O. regalis), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў вільготных хвойніках і прыбярэжных чорнаалешніках.
Шматгадовыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы моцныя, пераважна кароткія, увянчаныя кронай буйнога (даўж. да 3 м) лісця — перыстага, скурыстага ці плевачнага, падзеленага на вегетатыўную і спараносную часткі. Спарангіі буйныя, шарападобныя, на кароткіх ножках, сабраныя ў сорусы без пакрывальца. Некат. віды — дэкар. расліны.