Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІТАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад полі... + танальнасць),
адначасовае выкладанне розных гукавышынных пластоў, кожны з якіх належыць да розных канкрэтных танальнасцей (або арыентуецца на розныя танальнасці) адзінай танальна-гарманічнай сістэмы. П. — складаны сінтэз некалькіх танальнасцей, спец. драматургічны эфект у сістэме выразных сродкаў музыкі 20 ст.Гіст. перадумовы і аснова для ўзнікнення П. — храматызаваная ладатанальная структура з шматгучнай дысананснай акордыкай, якая пры ўспрыняцці падзяляецца на больш простыя акорды (субакорды) часта тэрцавай будовы. Існуюць П. акордавыя (аб’яднанне рознатанальных акордаў), меладычная (аб’яднанне рознатанальных меладычных ліній), мяшаная (рознатанальнае аб’яднанне акордаў і меладычных ліній).
Мяркуюць, што ўпершыню П. выкарыстаў амер. кампазітар Ч.Айвз у сімф. мініяцюры «Пытанне, якое засталося без адказу». Пазней П. выкарыстоўвалі Б.Бартак (п’еса для фп. «Стаката» з цыкла «Мікракосмас»), І.Стравінскі (тэма Пятрушкі з аднайм. балета), С.Пракоф’еў (у цыкле для фп. «Мімалётнасці»), Рысы П. сустракаюцца ў музыцы В.А.Моцарта («Музычны жарт»), М.Мусаргскага («Два яўрэі» з «Карцінак з выстаўкі»), у нар. музыцы (літоўскі сутарцінес).
У бел. музыцы П. шырока прадстаўлена ў выглядзе цэласных ладавых фармацый і прыёмаў ва ўсіх разнавіднасцях: П. акордавая — у музыцы А.Мдывані («Ванька-ўстанька»), В.Помазава («Батлейка»), меладычная — у творчасці Я.Глебава (1-я сюіта з балета «Выбранніца»), мяшаная — у В.Войціка (канцэрт для цымбалаў), Н.Усцінавай (канцэрты для скрыпкі з арк.), С.Картэса (канцэрт для фп. «Капрычас»). Маст. функцыі П. разнастайныя. Так, у «Капрычас» Картэса — дынамічны фактар, у араторыі «Ванька-ўстанька» — сродак стварэння вобразнай 2-планавасці, у канцэрце для скрыпкі з арк. Г.Гарэлавай — сродак вытанчанай экспрэсіі і інш.
Літ.:
Паисов Ю.И. Политональность в творчестве советских и зарубежных композиторов XX в. М., 1977;
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХМА́НІНАЎ (Сяргей Васілевіч) (1.4.1873, маёнтак Анег, цяпер Наўгародскі р-н, Расія — 28.3.1943),
рус. кампазітар, піяніст, дырыжор. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па кл.фп. (1891, у А.Зілоці) і кампазіцыі (1892, у С.Танеева і А.Арэнскага). У 1895 канцэртаваў па Расіі, у т. л. на Беларусі, і за мяжой. У 1897—98 дырыжор Маскоўскай прыватнай рускай оперы С.Мамантава, у 1904—06 — Вял.т-ра. З 1917 за мяжой, пераважна ў ЗША. У 2-ю сусв. вайну даваў канцэрты ў фонд Чырв. Арміі. Р. — адзін з апошніх кампазітараў-рамантыкаў, які завяршыў рус.рамант. традыцыю М.Глінкі, П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава. Яго музыцы ўласцівы яркі меладызм, маляўнічасць, арыгінальнасць гарманічнай мовы, багацце і разнастайнасць рытмікі; рамантычны пафас і напружаны драматызм спалучаюцца з праніклівай лірыкай і паэтычнай сузіральнасцю. Сярод твораў: оперы «Алека» (1892, паст. ў Бел. т-ры оперы і балета ў 1949), «Скупы рыцар» і «Франчэска да Рыміні» (абедзве паст. 1904); кантата «Вясна» (1902), вак.-сімф. паэма «Званы» (1913); сімф. паэма «Востраў мёртвых» (1909), «Тры рускія песні» для арк. і хору (1926); 3 сімфоніі (1895, 1907, 1936), Сімф. танцы (1940), 4 канцэрты (1891, 1901, 1909, 1926); Рапсодыя на тэму Паганіні (1934) для фп. з арк., фп. варыяцыі, 2 фп. санаты (1907, 1913), цыклы фп. п’ес, Элегічнае трыо для фп., скрыпкі і віяланчэлі (1893), саната для віяланчэлі і фп. (1901), больш за 80 рамансаў і інш. Выканальніцкае мастацтва Р. — адно з вышэйшых дасягненняў сусв. піянізму 20 ст.
Літ. тв.: Литературное наследие. Т. 1—3. М., 1978—80.
С.В.Рахманінаў.
Літ.:
Келдыш Ю. Рахманинов и его время. М., 1973;
Брянцева В.Н. С.В.Рахманинов. М., 1976;
Воспоминания о Рахманинове. Т. 1—2. 5 изд. М., 1988;
Паисов Ю. Жизнестойкость романтического миросозерцания: Рахманинов // Русская музыка и XX в. М., 1997.