падзо́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Брыжы, карункі, якімі абшываецца ніжні край чаго-н.

Карункавы п.

2. У архітэктуры: карніз з разьбой.

Вокны з падзорам.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

падзо́р

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. падзо́р падзо́ры
Р. падзо́ра падзо́раў
Д. падзо́ру падзо́рам
В. падзо́р падзо́ры
Т. падзо́рам падзо́рамі
М. падзо́ры падзо́рах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

падзо́р м., архит., мор. подзо́р

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

падзо́р, ‑а, м.

1. Брыжы, карункі, якімі абшываецца ніжні край чаго‑н. (прасціны, пакрывала і пад.). З-пад коўдры выглядае карункавы падзор. Палтаран.

2. У архітэктуры — карніз з разьбой. Вокны з падзорам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАДЗО́Р,

1) у драўляным дойлідстве — дошка з глухой, скразной або краявой разьбой, якая акаймоўвае навісь даху або страхі ці робіцца пад застрэшкам 2-схільнага даху; элемент дэкору. Выкарыстоўваецца пераважна ў жыллі, некат. гасп. пабудовах, брамах і варотах, культавых збудаваннях. Найб. простыя П. — дошкі з краявой разьбой у выглядзе зубцоў або хвалі. Ажурная скразная разьба П. з выкарыстаннем арнаментальных геам. ці расл. матываў характэрна для жыллёвага буд-ва У і ПдУ Беларусі (жылыя дамы ў Быхаве, Бабруйску, Ветцы, Гомелі і інш.).

2) У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве — карункі, якімі абшываецца край прасціны, пакрывала і інш.

Літ.:

Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978.

С.А.Сергачоў.

Падзоры ў дойлідстве.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Падзо́р ’брыжы, карункі, якімі абшываецца ніжні край чаго-н. (прасціны, пакрывала і г. д.)’ (ТСБМ), падзо́рнік ’тс’ (Сл. ПЗБ, Шатал., Нар. лекс.), ’прасціна з карункамі ці вышыўкай па краі’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), подзо́р, подзо́рнік ’подзор’ (Сл. Брэс.), подзо́рнікпадзор’ (ТС). Рус. подузо́рник, подзо́рник ’тс’. Да узор (гл.). Параўн. яшчэ рус. подузо́рить ’размаляваць або вышыць узорам'

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

подзо́рII архит., мор. падзо́р, -ра м.;

кормово́й подзо́р мор. кармавы́ падзо́р.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

valance [ˈvæləns] n.

1. падзо́р (у пасцельнай бялізне)

2. фальбо́на; фіра́нка (у зборкі)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

подзо́рI м. (оборка) падзо́р, -ра м., брыжы́, -жо́ў ед. нет; фальбо́на, -ны ж.; (кайма) шляк, род. шля́ка м., шлячо́к, -чка́ м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

КАРУ́НКІ,

тэкстыльны выраб без тканай асновы, у якім ажурны арнамент і выявы атрымліваюцца ў выніку перапляцення нітак (ільняных, шаўковых, метал. і інш.); від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вызначаюцца тонкасцю, лёгкасцю, эластычнасцю, узорыстасцю, зліццём ажурных узораў і сеткі фону або кантрастам шчыльнага ўзору (часам рэльефнага) і ажурнага фону, разнастайнымі рытмічнымі пабудовамі ўзору, выяўленнем колеру, бляску і фактуры нітак. Выкарыстоўваюцца для аздобы адзення, бялізны ў выглядзе тасьмы або ўставак і як самаст. вырабы (сурвэткі, пакрывалы, абрусы і інш.). Паводле тэхнікі выканання бываюць ручныя (плеценыя на каклюшках — точаных палачках; шытыя іголкай, вязаныя кручком або пруткамі) і машынныя.

Першыя К. (шытыя) вядомы з канца 15 — пач. 16 ст. ў Італіі. З канца 16 ст. з’явіліся ў Фландрыі (напачатку шытыя, пазней плеценыя «бенш», «валансьен», з канца 17 — пач. 18 ст. цюлевыя «малін», «англетэр», «дзюшэс», «брабанцкія»). У Італіі (Венецыя, Мілан, Генуя) пашырыўся гіпюр. З 1-й пал. 17 ст. выраб К. вядомы ў Расіі (валагодскія карункі, галіцкія, таржкоўскія, растоўскія і інш.), з сярэдзіны 17 ст. — у Францыі (седанскі гіпюр і алансон, цюлевы «аржант», чорныя шаўковыя К. з Шантыльі і інш.). У 18 ст. цэнтрамі вытворчасці К. сталі Фландрыя і Францыя. У 19 ст. чорныя шаўковыя К. з залатымі ніткамі выраблялі ў Іспаніі, вязаныя кручком — у Ірландыі. З 1930-х г. пашырыўся машынны выраб танных К. на цюлі з баваўняных нітак і інш., ручны спосаб ператварыўся ў нар. маст. промысел.

На Беларусі вядомы з 16 ст. на адзенні духавенства, магнатаў, шляхты і гар. знаці. Першапачаткова іх прывозілі з Францыі і Германіі, з 18 ст. пры манастырах і ў маёнтках стваралі майстэрні па вырабе К. з залатых і сярэбраных нітак, пазней з шаўковых і баваўняных. У 2-й пал. 18 ст. ў Гарадніцы (прадмесце Гродна) існавала мануфактура, дзе выраблялі К. па замежных узорах. З сярэдзіны 19 ст. пашырыліся машынныя К. На Беларусі найб. вязалі і плялі К. драўлянымі, пазней метал. кручкамі. Быў вядомы стараж. спосаб пляцення на каклюшках — «вылічальны», заснаваны на паўторы аднаго малюнка з дапамогаю вылічэння нітак без гатовага ўзору. Вылічальныя К. з роўнымі краямі выраблялі сяляне для ўпрыгожвання адзення, ручнікоў і інш. Узоры нар. К. блізкія да ўзораў нар. тканін і вышывак. Бел. К. характэрны геам. («ромбы», «шахматы», «палоскі») і раслінныя («кветкі», «зорачкі», «сняжынкі» і інш.) узоры. З сярэдзіны 20 ст. вядомы аб’ёмныя карункавыя вырабы (карзінкі, кошыкі, вазы). Шырока выкарыстоўваюцца мастакамі-прафесіяналамі для тэатр. касцюмаў, аздаблення вопраткі і бялізны. Бытуюць як нар. маст. промысел. Вырабляюць К. на ф-ках маст. вырабаў і ў хатніх умовах.

Літ.:

Беларускае народнае мастацтва. Т. 1. Мн., 1951;

Бирюкова Н.Ю. Западноевропейское кружево XVI—XIX вв. в собрании Эрмитажа. Л., 1959.

Да арт. Карункі. Падзор, Салігорскі раён Мінскай вобл.
Да арт. Карункі. Пакрывала. Чашніцкі раён Віцебскай вобл.
Да арт. Карункі. Валан рэльефнага гіпюру. Ільняныя ніткі, шыццё іголкай. Італія. Сярэдзіна 17 ст.
Да арт. Карункі. Валан французскага гіпюру. Пач. 18 ст.
Валагодскія карункі. В. Ельфіна. Пано «Лета». 1979.

т. 8, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)