Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНАЯ ЗДАБЫ́ЧАкарысных выкапняў,
спосаб здабывання цвёрдых карысных выкапняў з нетраў зямлі з дапамогай падземных горных вырабатак (раскрыўных, падрыхтоўчых, ачышчальных). П.з. пластавых пакладаў ажыццяўляюць пераважна суцэльнымі, стаўбавымі, камернымі і камбінаванымі сістэмамі.
Выбар сістэмы П.з. вызначаецца відам пакладу (пластавы, адвольнай формы, жыльны, россыпны і інш.), характарам залягання (пакатае, нахіленае, стромкае). Вырабаткі ў тоўшчы моцных парод вядуць буравыбуховым спосабам, у больш мяккіх пародах — праходчымі комплексамі. Непасрэдна здабыча выкапняў ажыццяўляецца ў ачышчальных вырабатках, якія праводзяцца па пласце, целе пакладу, па жыле і бесперапынна або цыклічна прасоўваюцца па пакладзе. Для комплекснай механізацыі П.з. выкарыстоўваюць комплексы, якія ўключаюць вузказахопныя ачышчальныя горныя камбайны, механізаванае горнае мацаванне, забойны канвеер і інш. Для вымання пакладу пры камерных сістэмах выкарыстоўваюць праходча-здабыўныя комплексы ў складзе праходча-здабыўнога камбайна, самаходных цыклічных транспартавальных машын (вагонаў, бункераў, перагружальнікаў і інш.) або неперарыўных (стужачных ці паслядоўных кароткіх канвеераў).
На Беларусі П.з. выкарыстоўваецца пры распрацоўцы Старобінскага радовішча калійных солей, дзе пабудаваны 4 калійныя руднікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНАЯ РАСПРАЦО́ЎКА РАДО́ВІШЧАЎ,
сістэмы горна-тэхн. працэсаў па здабычы карысных выкапняў з нетраў зямлі. Найб. пашырана распрацоўка цвёрдых выкапняў (руд, нярудных выкапняў, вуглёў) шахтавым спосабам з утварэннем горных вырабатак (у шахтах, на рудніках). Выкарыстоўваецца таксама свідравінны спосаб здабычы адносна мяккіх выкапняў, калі іх разбурэнне і транспартаванне адбываецца за кошт энергіі вадзяных струменяў (патокаў), і інш. спосабы змены агрэгатнага стану рэчыва (напр., ператварэння вугалю ў гаручы газ пры падземнай газіфікацыі вугалю).
Пры шахтавым спосабе робяцца раскрыўныя работы, падрыхтоўка радовішча да эксплуатацыі, выманне выкапняў з выкарыстаннем мех. і выбуховага разбурэння забояў, горных мацаванняў вырабатак, транспартавання горнай масы. Свідравінны спосаб уключае стварэнне буравой свідравіны, разбурэнне пласта выкапня і ператварэнне яго ў гідрасумесь гідрадынамічным, ультрагукавым і інш. метадамі, адпампоўку гідрасумесі на паверхню. Шырока выкарыстоўваецца для здабычы солей іх растварэннем і адпампоўкай расолаў на паверхню.
На Беларусі П.р.р. шахтавым спосабам ажыццяўляецца пры здабычы калійнай солі (акрамя гідраздабычы) на Старобінскім радовішчы; свідравінны спосаб — пры здабычы кухоннай солі на Мазырскім радовішчы.
Б.А.Багатаў, П.Я.Антонаў.
Падземная распрацоўка радовішчаў: а — агульная схема распрацоўкі (1 — руднае цела, 2 — квершлаг, 3 — клецевы пад’ём, 4 — скіпавы пад’ём, 5 — капры); б — механагідраўлічным спосабам (1 — вадавод, 2 — грунтапомпа, 3 — пульпаправод вертыкальны, 4 — пульпаправод штрэкавы, 5 — механа-гідраўлічны камбайн); в — гідраманіторным спосабам (1 — вадавод, 2 — гідраманітор).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНАЯ ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ВУ́ГАЛЮ,
метад ператварэння каменных і бурых вуглёў у гаручыя газы непасрэдна ў зямных нетрах. Ажыццяўляюць пад уздзеяннем высокай т-ры (1000—2000 °C) і акісляльніку (паветра, кісларод, вадзяная пара) у свідравінах для падвядзення акісляльніку (выдзімання) і адвядзення газу, што ўтвараецца. Свідравіны, размешчаныя ў пэўным парадку, утвараюць т.зв. падземны газагенератар, у якім адбываюцца тыя ж хім. рэакцыі, што і ў звычайных газагенератарах (гл.Газіфікацыя паліва). Ідэю П.г.в. выказаў у 1888 Дз.І.Мендзялееў. Распрацоўка і ўкараненне тэхн. рашэнняў П.г.в. пачаты ў СССР у 1930-я г. Работы па П.г.в. праводзяцца ў ЗША, Германіі, Францыі і інш. краінах.