НЯСПЫ́ННАЯ РА́ДА,

вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай, гл. Пастаянная Рада.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

няспы́нны

прыметнік, якасны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. няспы́нны няспы́нная няспы́ннае няспы́нныя
Р. няспы́ннага няспы́ннай
няспы́ннае
няспы́ннага няспы́нных
Д. няспы́ннаму няспы́ннай няспы́ннаму няспы́нным
В. няспы́нны (неадуш.)
няспы́ннага (адуш.)
няспы́нную няспы́ннае няспы́нныя (неадуш.)
няспы́нных (адуш.)
Т. няспы́нным няспы́ннай
няспы́ннаю
няспы́нным няспы́ннымі
М. няспы́нным няспы́ннай няспы́нным няспы́нных

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

МА́СЛЕНІКАЎ (Уладзімір Паўлавіч) (н. 12.1.1956, Мінск),

бел. жывапісец. Сын П.В.Масленікава. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). Творы вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, лірычным настроем, стрыманай жывапіснай палітрай, пошукамі выразных танальных вырашэнняў. Сярод пейзажаў: «Захад» (1989), «Зямля дзядоў», «Навальніца» (абодва 1993), «Цішыня», «Ліпень», «Восень у Драздах», «Верасень» (усе 1994), «Прыпяць» (1995), «Магілёў. Падніколле», «Дняпроўскія далячыні» (абодва 1996), «Княжыцы», «Бярэзіна» (абодва 1997), «На радзіме бацькі» (1999). Аўтар партрэтаў рэжысёра В.​Маслюка (1987), «Мае бацькі. Май 1945» (1995), В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (1998), некалькіх партрэтаў бацькі.

Літ.:

Фатыхава Г. Жывыя традыцыі — творчасць няспынная // Мастацтва. 1996. № 10.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Масленікаў. Партрэт бацькі. 1995.

т. 10, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАЯ РА́ДА, Няспынная рада (польск. Rada Nieustająca),

вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай у 1775—89, 1793—94. Першы пастаянна дзеючы паміж сесіямі сойма цэнтр. ўрад, створаны на сойме 1773—75 пасля ратыфікацыі ўмоў 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) для замацавання пераважнага ўплыву Рас. імперыі на ўнутр. справы дзяржавы. Функцыі П.р. аформлены Статутам 1775. Складалася з караля, 18 сенатараў і 18 паслоў ад ваяводстваў са шляхты. Членаў П.р. выбіралі на сойме тайным галасаваннем на 2 гады, пасля чаго праводзіліся перавыбары ​1/3 яе складу. Старшынстваваў у радзе кароль (пры яго адсутнасці — прымас), які меў права заканад. ініцыятывы. Падзялялася на дэпартаменты замежных спраў, скарбу, паліцыі, войска, справядлівасці, якія ўзначальваліся сенатарамі. Стварэнне П.р. зафіксавала кампраміс паміж каралём і магнатамі. Кароль мог прызначаць сенатараў і міністраў з 3 кандыдатаў, прапанаваных соймам, страціў права аднаасобна раздаваць староствы, афіцэрскія чыны і прымаць рашэнні па кіраванні арміяй без згоды гетманаў. П.р. атрымала права склікаць звычайныя і надзвычайныя соймы нават без згоды караля, кантраляваць дзярж. скарб без справаздачы перад соймам. Пры падтрымцы Расіі П.р. ўвяла эмфітэтычнае (абмежаванае 50 гадамі) трыманне старостваў, адзінае мыта, вэксальнае права, градацыю падымнага падатку, пераўтварыла панцырныя і гусарскія харугвы ў брыгады нац. кавалерыі, увяла падзел арміі на 6 дывізій, удзельнічала ў заснаванні Адукацыйнай камісіі. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 апазіцыя дамаглася 14.1.1789 ліквідацыі П.р. як «сродку замежнага дыктату і пагрозы ўкаранення нязвыклага дынастычнага абсалютызму». Таргавіцкая канфедэрацыя аднавіла П.р. для склікання Гродзенскага сойма 1793 з мэтай ратыфікацыі 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Сойм абраў П.р. з 24 чал. Мела дэпартаменты скарбу, войска, паліцыі, справядлівасці, адукацыі і замежных спраў, наглядала за парадкавымі цывільна-вайсковымі камісіямі ў ваяводствах і паветах. Праіснавала да стварэння ў час паўстання 1794 Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве і Найвышэйшай літоўскай рады ў Вільні.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 12, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЮ́ ((Camus) Альбер) (7.11.1913, г. Мандові, Алжыр — 4.1.1960),

французскі пісьменнік, філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму. Скончыў Алжырскі ун-т (1937). З 1939 у Францыі. Займаўся журналістыкай, тэатр. дзейнасцю. Загінуў у аўтамаб. катастрофе. Творчасць умоўна падзяляюць на 3 перыяды: «абсурду» (зб-кі філас.-лірычных эсэ «Ніцво і твар», 1937; «Шлюбны баль», 1938; філас. эсэ «Міф пра Сізіфа». 1942; раманы «Шчаслівая смерць», нап. 1938, выд. 1971; «Чужаніца», 1942; п’есы «Калігула», «Непаразуменне», абедзве 1944), «бунту» (раман «Чума», 1947; п’есы «Аблога», 1948; «Праведныя», 1950; філас.-гіст. трактат «Чалавек, які бунтуе», 1951), «выгнання» (раман «Падзенне», 1956; зб-кі эсэ і апавяданняў «Лета», 1954, «Выгнанне і царства», 1957). Аўтар кніг «Злабадзённыя нататкі» (т. 1—3, 1950—58), «Шведскія прамовы» (1958), інсцэніровак твораў Ф.​Дастаеўскага, У.​Фолкнера і інш. У творах пераважаюць тэмы абсурднасці існавання, адзіноты, закінутасці чалавека і адначасова яго адказнасці за свае паводзіны, непазбежнасці маральнага выбару. Філас. глыбіня спалучаецца ў іх з моўным лаканізмам, амаль поўнай адсутнасцю метафар, рэмінісцэнцый. Зыходны пункт філас. разважанняў К. — трагічнае перажыванне смерці Бога, абвешчанай у свой час Ф.​Дастаеўскім і Ф.​Ніцшэ. Для К. яна азначала страту метафізічнага сэнсу жыцця чалавека.

На яго думку, вопыт чалавечага існавання, якое непазбежна заканчваецца смерцю, прыводзіць мыслячую асобу да ўсведамлення абсурднасці зямнога быцця; аднак гэта не павінна абяззбройваць чалавека, і ён выбірае бунт супраць усіх багоў, які надае каштоўнасць індывідуальнаму жыццю. Чалавек мусіць жыць і дзейнічаць так, каб адчуць сябе шчаслівым у гэтым абсурдным свеце. Трагічны вопыт вайны і Супраціўлення прывёў К. да эстэтыкі бунту, якая адраджала колішняе, антычнае значэнне л-ры і мастацтва, усёй духоўнай культуры, значэнне адзінства прыгажосці, дабра і справядлівасці ў жыцці як асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. Менавіта яны надаюць сэнс і веліч чалавечаму жыццю, творчасці і самой смерці; усведамленне абсурду прыводзіць да бунту, а бунт — да свабоды, у якой чалавек знаходзіць сэнс жыцця. К. лічыў, што жыццё чалавека — гэта пастаянная і няспынная творчасць, магчымая толькі ва ўмовах свабоды; без свабоды няма творчасці і ўсяго таго, што складае асноўныя вымярэнні чалавечых каштоўнасцей.

На бел. мову прозу К. перакладаў З.​Колас. У Бел. т-ры імя Я.​Коласа пастаўлена п’еса К. «Непаразуменне». Нобелеўская прэмія 1957.

Тв.:

Бел. пер. — Чужаніца. Мн., 1986;

Міф пра Сізіфа. Выгнанне Гэлены. Чума (урывак) // Крыніца. 1994. № 11(5);

Калігула // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;

Рус. пер. — Избранное. Мн., 1989;

Сочинения. М., 1989;

Избр. произв. М., 1993;

Бунтующий человек. М., 1990;

Творчество и свобода: Статьи, эссе, зап. книжки. М., 1990.

Літ.:

Великовский С.И. Грани «несчастного сознания»: Театр, проза, филос. эстетика, эстетика А.​Камю. М., 1973: Яго ж. В поисках утраченного смысла. М., 1979;

Кушкин Е.П. Альбер Камю: Ранние годы. Л., 1982;

Акудовіч В. Камень Сізіфа;

Білацэрківец Н. Ганебная «чалавечнасць» гісторыі;

Лявонава Е. Дастаеўскі і Камю // Крыніца. 1994. № 11(5);

Lottmann H.R. A.Camus. Paris, 1978.

Е.​А.​Лявонава, Н.​К.​Мазоўка.

А.Камю.

т. 7, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)