НЕРЭІ́ДЫ (Nereidae),

сямейства многашчацінкавых чарвей. 35 родаў, каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды ў прыбярэжнай зоне мораў. Некат. пераносяць моцнае апрасненне. Жывуць на дне ў норках, утвараюць вял. пасяленні. Найб. шматлікі род нерэіс (Nereis) — каля 150 відаў.

Даўж. ад 4 да 90 см (звычайна 5—10). Афарбоўка пераважна зялёных тонаў. Усёедныя. Раздзельнаполыя. Пры палавой спеласці ў многіх Н. адбываецца ператварэнне ў гетэранерэідныя формы (эпітакія); павялічваюцца вочы, параподыі, паяўляюцца плавальныя шчацінкі, і чэрві падымаюцца на паверхню вады для размнажэння. Корм для рыб і птушак.

Да арт. Нерэіды. Нерэіс.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЭІ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскія німфы, 50 дачок марскога бога Нерэя. Іх імёны ўказваюць на зменлівасць, глыбіню, імклівасць і капрызнасць мора. Лічылася, што Н. добра ставяцца да людзей і дапамагаюць ім у бедствах. Найб. вядомыя з Н.: Амфітрыта (жонка Пасейдона), Фетыда (маці Ахіла), Галатэя.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нерэі́ды

(гр. Nereis, -idos = дачка бога мора Нерэя ў старажытнагрэчаскай міфалогіі)

1) марскія німфы, якія, паводле старажытнагрэчаскага міфа, дапамагалі мараплаўцам;

2) сямейства кольчатых чарвей класа многашчацінкавых; пашыраны ў морах, пераважна трапічных.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нерэі́да

назоўнік, агульны, адушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. нерэі́да нерэі́ды
Р. нерэі́ды нерэі́д
Д. нерэі́дзе нерэі́дам
В. нерэі́ду нерэі́д
Т. нерэі́дай
нерэі́даю
нерэі́дамі
М. нерэі́дзе нерэі́дах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

НІ́МФЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі другарадныя божаствы, якія ўвасабляюць сілы і з’явы прыроды. Лічыліся дачкамі Зеўса, Акіяна і інш. багоў. Вядомы Н. рэк, мораў, крыніц (водныя Н.: акіяніды, нерэіды, наяды), азёр і балот (лімнады), гор (аграсціны, арэстыяды), гаёў (альсеіды), дрэў (дрыяды, гамадрыяды) і іх асобных парод. Паводле міфаў, Н. валодаюць стараж. мудрасцю, тайнамі жыцця і смерці, лечаць людзей, прадказваюць іх будучыню. Стараж. мастакі і скульптары звычайна паказвалі Н. у выглядзе прыгожых аголеных або паўаголеных дзяўчат.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНОГАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, паліхеты (Polychaeta),

клас кольчатых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн. г. назад). Продкі малашчацінкавых чарвей. 25 атр., каля 80 сям., больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некаторыя — у прэсных водах, на сушы — у подсціле трапічных лясоў. Большасць М.ч. — жыхары дна, трапляюцца да глыб. 10 км, поўзаюць па грунце або закопваюцца ў мул; многія жывуць у збудаваных з пяску ці інш. матэрыялу трубачках рознай формы. Сярод найб. характэрных і вядомых прадстаўнікоў М.ч. — нерэіды, афрадыты (марскія мышы), палола, пескажылы і інш.

Даўж. ад 2 мм да 3 м. Цела складаецца з мноства (да некалькіх соцень) кольцаў-сегментаў; у кожным з іх паўтараецца комплекс унутр. органаў. Сегменты тулава маюць прымітыўныя канечнасці (параподыі) са шматлікімі шчацінкамі (адсюль назва). З параподыямі часта звязаны галінастыя прыдаткі — шчэлепы; у некаторых М.ч. іх ролю выконвае венчык шчупальцаў. Кормяцца дэтрытам; многія драпежнікі, нярэдка каменсалы, зрэдку паразіты. Раздзельнаполыя; развіццё з метамарфозам, з яйца выходзіць лічынка трахафора.

Многашчацінкавыя чэрві: 1 — нераіс пелагічны; 2 — нераіс зялёны; 3 — афрадыта; 4 — пескажыл; 5 — лічынка нераіса зялёнага; 6 — лічынка пескажыла.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)