НЕ́МКІ, мутыліды (Mutillidae),

сямейства насякомых атр. перапончатакрылых. Каля 4,8 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі найб. трапляецца Н. еўрап. (Mutilla europaea), якая паразітуе ў гнёздах пчол і чмялёў.

Даўж. да 16 мм. Цела ўкрыта густымі валаскамі з яркімі плямкамі і палоскамі. У Н. еўрап. цела чорнае з сінім адценнем. Самцы крылатыя, самкі бяскрылыя, вонкава нагадваюць мурашак. Большасць відаў Н. развіваецца на лічынках і кукалках перапончатакрылых (адзіночныя пчолы, чмялі, сфецыды, дарожныя і складкавакрылыя восы), некат. відаў жукоў і мух. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі чэрвепадобныя.

Немкі: 1 — самка; 2 — самец.

т. 11, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

не́мка

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. не́мка не́мкі
Р. не́мкі не́мак
Д. не́мцы не́мкам
В. не́мку не́мак
Т. не́мкай
не́мкаю
не́мкамі
М. не́мцы не́мках

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

МУТЫЛІ́ДЫ,

сямейства насякомых, гл. Немкі.

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

не́мцы, ‑аў; адз. немец, ‑мца, м.; немка, ‑і, ДМ ‑мцы; мн. немкі, ‑мак; ж.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Германіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПЕРАПОНЧАТАКРЫ́ЛЫЯ (Hymenoptera),

атрад насякомых. Вядомы з трыясу (каля 220 млн. г. назад). 2 падатр.: сядзячабрухія (Symphyta, або Phytophaga) і сцяблістабрухія (Apocryta); сцяблістабрухіх падзяляюць на паразітычных (Parasitica) і джалячых (Aculeata). Больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Вызначаюцца складанымі паводзінамі (адзіночныя і грамадскія насякомыя), у многіх развіты інстынкт будовы гнязда і клопату пра патомства. На Беларусі каля 3 тыс. відаў, найб. пашыраны арэхатворкі, восы, мурашкі, наезнікі, немкі, пільшчыкі сапраўдныя, пчолы. рагахвосты, трыхаграмы, хальцыды, іхнеўманіды і інш.

Даўж. 0,2—60 мм. На галаве 1 пара фасетачных вачэй і 3 простыя вочкі. Вусікі простыя, перыстыя, булава- або грэбенепадобныя. Пярэдняспінка злучана нерухома з сярэднегрудзямі, а пярэднягрудзі — рухома з пярэдняспінкай. Маюць 2 пары празрыстых перапончатых крылаў (адсюль назва), зрэдку другасна бяскрылыя (мурашкі, немкі). Ротавыя органы грызучыя ці грызуча-лізальныя або сысучыя У самак на канцы брушка яйцаклад або джала. Ногі хадзільныя, бегальныя. Дарослыя пераважна расліннаедныя, некат. — драпежнікі, паразіты; лічынкі кормяцца рознымі ч. раслін. Самцы развіваюцца з неаплодненых (гаплоідных) яец, самкі — з дыплоідных (з двайным наборам храмасом), звычайна аплодненых, толькі ў некат. відаў — з неаплодненых яец (гл. Партэнагенез). Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія або вусенепадобныя. Многія П. — апыляльнікі раслін; наезнікаў выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднікамі с.-г. раслін; пчолы меданосныя даюць мёд, воск, пропаліс. Ёсць шкоднікі с.-г. культур і лясных парод.

С.​А.​Максімава.

Перапончатакрылыя: 1 — эфіяльт выяўляльнік; 2 — наезнік начніцавы; 3 — андрэна шэрая; 4 — сфекс зубасты; 5 — мурашка-шашаль звычайная.

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЫ,

зборная назва надсям. джалячых насякомых атр. перапончатакрылых, за выключэннем пчол і мурашак. Да восаў належаць надсямействы: блішчанкі, дарожныя восы, рыючыя восы, сапраўдныя восы, немкі, сколіі, найб. пашыраныя на Беларусі, і інш. У сусв. фауне больш за 20 тыс. відаў, пашыраных на ўсіх мацерыках, найб. у трапічнай і субтрапічнай зонах.

Лічынкі бязногія, маларухомыя, кормяцца павукамі, насякомымі і іх лічынкамі, нектарам і пылком раслін, некаторыя — паразіты інш. насякомых. Зрэдку восы шкодзяць лясной (абгрызаюць маладую кару ў дрэўцаў) і сельскай (шэршні знішчаюць меданосных пчол) гаспадарцы. Карысныя як апыляльнікі раслін.

Восы: 1 — аса германская; 2 — сколія-гігант; 3 — пампіл дарожны; 4 — адынер сценны; 5 — амафіла пясчаная; 6 — аса-блішчанка.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мацяры́нка 1, матэрынка, мацеры́нка ’мацярдушка звычайная, Origanum vulgare L.’ (Анох., бяроз., Нар. лекс.; Мат. Гом., Ян., ТС). Узнікла ў выніку намінацыі словазлучэння з прыметнікам мацерына. Матывацыя — гл. мацярдушка.

Мацяры́нка 2, матері́нка ’гусялапка звычайная, Alchemilla vulgaris L.’ (лельч., Бейл.). Намінізаваная калька з ням. Mutterkraut ’расліна мацерын корань, які немкі ўжывалі супраць бясплоднасці’ (Махэк, Jména, 109).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)