МІТАТЫ́ЧНЫ АПАРА́Т,

часовая структура з кампанентаў клеткі, якая дзеліцца. Ажыццяўляе рух храмасом да полюсаў клеткі і забяспечвае іх раўнамернае размеркаванне паміж даччынымі клеткамі. Мае ў сабе цэнтрыёлі з цэнтрасферамі і верацяно дзялення. Бялкі М.а. (пераважна рыбануклеапратэіды) валодаюць скарачальнымі ўласцівасцямі і па амінакіслотным складзе падобныя да бялкоў мышцаў. Утварэнне пачынаецца ў прафазе мітозу і заканчваецца ў метафазе, разбурэнне — у анафазе. Пашкоджанне М.а. прыводзіць да паталогіі мітозу. Адрозніваюць М.а. астральны (у жывёльных клетках) і анастральны (у раслінных клетках).

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФА́ЗА (ад грэч. pro раней, перад + phasis з’яўленне),

першая фаза дзялення клеткі і яе ядра шляхам меёзу ці мітозу. Найб. складаная і працяглая фаза. Важныя адзнакі П. — кандэнсацыя храмасом, спыненне сінтэзу РНК, растварэнне ядзерка і пачатак фарміравання верацяна дзялення. У клетках жывёл і некат. ніжэйшых раслін верацяно дзялення ўтварае мітатычны апарат разам з цэнтрыёлямі, у клетках вышэйшых раслін і некат. прасцейшых — без іх. У П. меёзу I, якая мае 5 стадый, акрамя таго адбываецца кан’югацыя гамалагічных храмасом. П. меёзу II адбываецца аналагічна П. мітозу.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)