МІ́РЧЫНК (Георгій Фёдаравіч) (25.4.1889, Масква — 10.4.1942),
бел. геолаг. Акад. АН Беларусі (1940), праф. (1918). Скончыў Маск. ун-т (1912). Навук. працы па стратыграфіі і палеагеаграфіі плейстацэну розных раёнаў СССР, неатэктоніцы, лёсах, пахаваных міжледавіковых тарфяніках, палеалітычных стаянках чалавека. На тэр. Беларусі вылучыў адклады трох ледавіковых эпох. У 1923 склаў першую карту чацвярцічных адкладаў еўрап. ч. СССР. Займаўся разведкай для дарожнага буд-ва і выяўленнем радовішчаў буд. матэрыялаў на У Беларусі, праблемай водазабеспячэння Мінска. Рэпрэсіраваны ў 1941. Рэабілітаваны ў 1990.
Тв.:
Геалагічныя ўмовы знаходжання палеалітычнай стаянкі каля в. Бердыжа на р. Сажы (Гомельшчына) // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1930. Кн. 11. Пр. археал. камісіі, т. 2;
Основы четвертичной истории на территории СССР // Тр. Ин-та географии АН СССР. 1946. Вып. 37.
Літ.:
Академик Г.Ф.Мирчинк: Знаток истории Земли. Мн., 1999.
т. 10, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мірчынк Г. Ф. 1/180, 362; 2/571; 7/261, 315, 470; 9/241; 11/217; 12/490, 495, 496
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТЭКТО́НІКА (ад неа... + тэктоніка),навейшая тэктоніка, раздзел тэктонікі, які вывучае тэктанічныя працэсы і створаныя імі структуры, што праявіліся ў 2-й пал. кайназойскай эратэмы (групы). Тэрмін «Н.» прапанаваў У.А.Обручаў (1948), «навейшая тэктоніка» — С.С.Шульц (1937). Некаторыя ідэі па Н. ёсць у працах М.В.Ламаносава, іх развівалі рас. геолагі М.А.Галоўкінскі, А.П.Карпінскі, Ф.Ю.Левінсон-Лесінг, А.П.Паўлаў, Г.Ф.Мірчынк, Обручаў, А.Дз.Архангельскі, М.І.Нікалаеў, Шульц і інш. Лічыцца, што навейшая актывізацыя тэктанічных рухаў, з якімі звязана ўтварэнне сучаснага рэльефу зямной паверхні, адбываецца з позняга алігацэну. Сучасныя тэктанічныя рухі вывучаюць пераважна метадамі паўторнага нівеліравання і трыянгуляцыі, больш стараж. неатэктанічныя — паводле залягання і структуры кайназойскіх адкладаў, звестак аб перамяшчэнні берагавой лініі марскіх і інш. вадаёмаў, асаблівасцях даліннай і рачной сеткі, дэфармацыях паверхняў выраўноўвання, сейсмічных, гідрагеал., аэракосмагеал. і інш. матэрыялаў. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца пры прагнозе землетрасенняў, выяўленні радовішчаў нафты, газу, каменнай солі і інш., буд-ве плацін, чыгунак, нафта- і газаправодаў, атамных эл. станцый і інш.
Э.А.Ляўкоў.
т. 11, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)