Мянёга ’мінога рачная, Lampetra planeri L.’ (бас. Нёмана, Жук.). У выніку кантамінацыі мянёк ’мянтуз’ і мінога.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МІНО́ГІ (Petromyzones),
падклас (атрад) пазваночных кл. кругларотых. 3 сям., 7 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных марскіх і прэсных водах. Прахадныя М. жывуць у моры, на нераст мігрыруюць у рэкі; у жылых ручаёвых М. жыццёвы цыкл адбываецца ў прэснай вадзе. На Беларусі 3 віды: М. рачная (Lampetra fluviatilis), М. ручаёвая еўрапейская (L. planeri) — у бас. рэк Зах. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман; М. ўкраінская (L. mariae, або Eudontomyzon mariae) — у бас. рэк Дняпро і Нёман. Бел.мясц. назвы: верацёнка, відун, вугрыца, вярцёлка, мянёга і інш.
Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Спінных плаўнікоў 1 або 2. Шчэлепных адтулін па 7 э кожнага боку. Вочы развітыя, ёсць цемянное вока, здольнае рэагаваць на святло. Рот лейкападобны, на дне прысмоктвальнага дыска; на языку і дыску рагавыя зубы. Сэрца двухкамернае. Многія віды — эктапаразіты рыб. Угрызаюцца ў цела рыбы, смокчуць кроў, выядаюць мышцы і вантробы. Кормяцца таксама беспазваночнымі, лічынкі — водарасцямі, дэтрытам. Пасля нерасту гінуць. З ікры вылупляецца пескарыйка, якая праз 3—4 гады ператвараецца ў дарослую М. Ядомыя. Другарадны аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Міног, мінога, мянёга ’рыбападобная жывёліна ручайная, марская, якая сваёй формай нагадвае вугра, Lampetra planeri L., Lampetra fluviatilis L., Lampetra mariae Berg.’ (ТСБМ, Інстр. II, ТС, Жук.; астрав., Сл. ПЗБ), ст.-бел.миногъ ’мінога’ (XVII ст.). Запазычана са ст.-польск.minóg ’тс’, якое з с.-в.-ням.niunouge ’дзевяцівокі’ — гэта рыба апрача вачэй мае збоку па адной ноздрыне і па сем жабравых шчылін (Булыка, Лекс. запазыч., 145; Варш. сл., 2, 991).