МУЛЕ́Н ((Moulin) Жан) (20.6.1899, г. Безье, Францыя — 8.7.1943),

герой франц. Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1940 прэфект дэпартамента Эр і Луар, адхілены ад пасады ўрадам «Вішы». З 1941 чл. руху «Змагарная Францыя», прадстаўнік яго кіруючага органа Франц. нац. к-та (ФНК) у паўд. зоне краіны (са студз. 1942), ген. прадстаўнік ФНК па ўсёй Францыі (з лют. 1943). Заснавальнік і першы старшыня (з 27.5.1943) Нац. савета Супраціўлення. 21.6.1943 схоплены гестапаўцамі і закатаваны. У г. Шартр — помнік.

т. 11, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРБАНЭ́ (Bourbonnais),

гістарычная вобласць у цэнтр. ч. Францыі. Пл. 7 тыс. км². Нас. каля 400 тыс. чал. (1990). Гал. горад — Мулен. У рэльефе пераважаюць паўн. адгор’і Цэнтр. Франц. масіву. Клімат умераны, блізкі да марскога. Бальнеалагічны курорт — раён (на базе мінер. крыніц) з цэнтрам Вішы.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЕ́ ((Meillet) Антуан) (11.11.1866, г. Мулен, Францыя — 12.9.1936),

французскі мовазнавец; прадстаўнік індаеўрапейскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. Чл. Французскай акадэміі, чл.-кар. Пецярбургскай АН (1906). З 1906 праф. Французскага калежа, сакратар Парыжскага лінгвістычнага т-ва. Аўтар прац па агульным мовазнаўстве, слав., герм., стараж.-грэч., армянскай стараж.-персідскай і татарскай мовах: «Індаеўрапейскія дыялекты» (1908), «Гістарычнае і агульнае мовазнаўства» (т. 1—2, 1921—36) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Общеславянский язык. М., 1951;

Сравнительный метод в историческом языкознании. М., 1954.

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАРЭ́ (франц. cabaret літар. карчма),

тэатральнае рэвю-прадстаўленне, у якім спалучаюцца муз. нумары і сатыра. Адбываецца ў кавярні, бары. Узнікла ў Парыжы ў канцы 19 ст. ў месцах для забаўляльных відовішчаў («Мулен руж» і інш.). Хутка прывабіла пісьменнікаў і мастакоў авангарда. З пач. 20 ст. пашырылася па ўсёй Еўропе (першыя К. ў Расіі вядомы з 1908). У 1920-я г. ў Берліне з’явіліся паліт. К., пазней скасаваныя фашыстамі. Паступова К. страцілі імправізаваны характар, на падмостках пачалі выступаць прафес. артысты эстрады. Часам К. ператвараюцца ў т-ры мініяцюр, рэстараны, дзе даюцца эстр. прадстаўленні.

т. 7, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАР’ЕТЭ́ (франц. variété літар. разнастайнасць),

від тэатра, у праграму паказаў якога ўваходзяць забаўляльныя нумары тэатр., муз. і цыркавых жанраў. Уключае аднаактовыя камічныя п’ескі, парадыйныя сцэнкі, выступленні спевакоў, чытальнікаў, танцораў, штукароў і інш. Назва паходзіць ад парыжскага т-ра, т.зв. Вар’етэ-Мантансье (засн. ў 1790, з 1807 Т-р вар’етэ). Т-ры тыпу вар’етэ былі пашыраны ў гарадах Зах. Еўропы ў канцы 19 — пач. 20 ст. Сярод найб. вядомых сучасных вар’етэ «Мулен-Руж», «Фалі-Бержэр», «Лідо» (Парыж). У эфектных, багата аформленых пастаноўках вар’етэ ўзнік і зацвердзіўся жанр рэвю. Існуюць радыё- і тэлевар’етэ, у праграмах якіх песні, скетчы і інш. эстр. нумары.

Літ.:

Gunther E. Geschichte des Varietes. 2 Aufl. Berlin, 1981.

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНУА́Р ((Renoir) П’ер Агюст) (25.2.1841, г. Лімож, Францыя — 17.12.1919),

французскі жывапісец, графік, скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. З 1845 жыў у Парыжы. У 1854—58 працаваў у майстэрні па размалёўцы фарфору і адначасова займаўся ў Школе малюнка і дэкар. мастацтваў. У 1862—64 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у майстэрні Ш.​Глейра, дзе зблізіўся з К.​Манэ, А.​Сіслеем. У ранніх творах зазнаў уплыў Г.​Курбэ («Карчма матухны Антоні», 1866; «Дыяна», 1877). На мяжы 1860—70-х г. перайшоў да жывапісу на пленэры, апрабоўваў метад перадачы вібрыруемай святло-паветранай прасторы ў пейзажы; выпрацаваныя прынцыпы перанёс і на выявы людзей («Купанне на Сене», 1869). Паступова яго пісьмо станавілася празрыстым, палітра больш светлай, каларыт насычаўся тонкімі рэфлексамі, мяккімі кантрастамі цёплых па тоне ценяў і багатых серабрыста-жамчужнымі адценнямі асветленых зон («Ложа», 1874). Пры выяўленні бытавых, нібыта выпадковых эпізодаў і жыццёвых сітуацый, Р. аддаваў перавагу святочным сцэнам гар. жыцця — балям, танцам, прагулкам («Мулен дэ ла Галет», 1876; «Танец у Бужэвалі», 1883). Асаблівае месца ў яго творчасці займаюць паэт. і абаяльныя вобразы жанчын («Пасля абеду», «Парасонікі», 1879; «Мадэмуазель Грымпель з блакітнай стужкай», 1880; партрэт актрысы Жанны Самары, 1877). У выяўленні аголенай натуры ён дасягнуў рэдкай вытанчанасці карнацый, пабудаваных на спалучэнні цёплых цялесных тонаў з лёгкімі зеленаватымі і шэра-блакітнымі рэфлексамі, што надаюць гладкасць і матавасць паверхні палатна («Аголеная жанчына сядзіць на кушэтцы», 1876). Як выдатны каларыст часта дасягаў. уяўлення манахромнасці жывапісу з дапамогай найтанчэйшых спалучэнняў блізкіх па колеры тонаў («Дзяўчаты ў чорным», 1883). З 1880-х г. усё больш імкнуўся да класічнай яскравасці і абагульненасці форм, жывапісу ўласцівы рысы дэкаратыўнасці і ідылічнасці («Вялікія купальшчыцы», 1884—87). Лаканізм, лёгкасць і паветранасць штрыха ўласцівы шматлікім малюнкам і афортам. Аўтар скульптур «Венера-пераможца», «Суд Парыса» і інш. Іл. гл. таксама да арт. Імпрэсіянізм.

Літ.:

Вельчинская И. Ренуар: [Альбом] М., 1970;

Перрюшо А. Жизнь Ренуара: Пер. с фр. М., 1979.

Т.​В.​Пешына.

А.Рэнуар.
А.Рэнуар. Партрэт актрысы Жанны Самары. 1877.

т. 14, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)