Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІЯ РУЧНІКІ́,
традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Вядомы з канца 18 ст. Даўжыня М.р. 210—240 см, шыр. 30—33 см. Ткуць «у елачку» пераборнай тэхнікай у 4 ніты, снуюць у 8—10 пасмаў. Традыц. колер узораў — чырвоны з чорным, пазней з сінім, зялёным. Кампазіцыя ручнікоў 2 відаў: у адным па аснове праходзяць 2—3-каляровыя, пазней 4-каляровыя палоскі-коскі, у другіх — па ўтку шмат каляровых арнаментальных палосак («затканыя беражкамі»), што перасякаюцца з каляровымі палоскамі асновы. Даўней іх аснова і ўток былі з ільняных нітак, а ўзор натыкалі горынню; у наш час ткуць з ільняных, баваўняных нітак, а ўзор натыкаюць мулінэ, ірысам. Па канцах ручнікоў арнаментальны малюнак («у зборы», «у кветкі», «у лісты», «у жучкі») займае 7—8 см. Заканчваюцца традыц. ручнікі карункамі, якія плялі з нітак асновы ўручную (цяпер вяжуць кручком). У 1977 у в. Моталь створаны ткацкі цэх Пінскай ф-кі маст. вырабаў.
М.П.Жабінская.
Да арт.Мотальскія ручнікі. В.Лукашэвіч. Ручнік. 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІЯ КАЖУХІ́,
бел традыцыйнае зімовае нар. адзенне з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пашыраны з даўніх часоў. Шылі з белых нядубленых аўчын. М.к. былі доўгія, шчыльныя да стану з адкладным каўняром. Кроілі іх з бакавымі клінамі («вусамі»), зашпільвалі на гаплікі, багата аздаблялі рознакаляровай вышыўкай «козлікам», гладдзю, нашыўкамі пярэстага шнура, раменьчыкаў, тканіны (найчасцей блакітнае, чырвонае, зялёнае сукно), пампонамі. З 1930-х г. М.к. шылі з дубленых аўчын, якім надавалі чырвона-цагляны ці вохрысты колер. Яны сталі кароткія, прамога ці паўпрыталенага сілуэта, найчасцей са стаячым каўняром і футравай аблямоўкай уздоўж верхняга крыса, па нізе і разрэзах кішэняў. Аздаблялі каляровымі раменьчыкамі, працягнутымі праз вузкія надрэзы ўздоўж швоў, а таксама вышыўкай на кішэнях, нізе рукавоў, верхняй прыкаўнернай частцы спінкі. Паступова выходзяць з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мо́тальскі
прыметнік, адносны
адз.
мн.
м.
ж.
н.
-
Н.
мо́тальскі
мо́тальская
мо́тальскае
мо́тальскія
Р.
мо́тальскага
мо́тальскай мо́тальскае
мо́тальскага
мо́тальскіх
Д.
мо́тальскаму
мо́тальскай
мо́тальскаму
мо́тальскім
В.
мо́тальскі (неадуш.) мо́тальскага (адуш.)
мо́тальскую
мо́тальскае
мо́тальскія (неадуш.) мо́тальскіх (адуш.)
Т.
мо́тальскім
мо́тальскай мо́тальскаю
мо́тальскім
мо́тальскімі
М.
мо́тальскім
мо́тальскай
мо́тальскім
мо́тальскіх
Крыніцы:
piskunou2012.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
КАЖУ́Х,
верхняе зімовае мужчынскае і жаночае адзенне з аўчын. Вядомы ў многіх народаў, асабліва ўсх. славян. У беларусаў шылі з нядубленых, пазней з вырабленых аўчын жоўта-карычневага, вохрыста-цаглянага, радзей белага колераў. Паводле крою былі прамыя, прыталеныя і з «вусам» (ушытым па баках ад таліі шырокім клінам; характэрныя для Палесся). Святочныя К. багата аздаблялі нашыўкамі паскаў белай або чорнай аўчыны воўнай наверх, паскамі і лапікамі сукна, тонкай скуры, плеценымі тасёмкамі, пярэстым шнурам, вышыўкай гладдзю. Сярод традыц. К. маст. афармленнем, дасканаласцю крою і шытва вылучаюцца мотальскія, калінкавіцкія, магілёўскія.
М.Ф.Раманюк.
Маладзіца ў мотальскім кажуху. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ.
Адкрыты ў 1995 у в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.Засн. ў 1993 на базе створанага ў 1982 аматарам П.Пташыцам калгаснага музея. Пл. экспазіцыі каля 1000 м², 17,1 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Аддзелы: гісторыі сял. побыту, рамёстваў, земляробства, ільноапрацоўкі, ткацтва, нар. адзення, вуснай нар. творчасці. Экспазіцыя прысвечана культуры Зах. Палесся. Сярод экспанатаў: археал., прылады працы, вырабы майстроў па дрэве, ганчароў, ткачых, калекцыі вышыўкі, бездзежскіх выкладаў і фартушкоў, маляваных, тканых, вышываных дываноў, адзення мотальскага і драгічынскага строяў, творы мастакоў У.Капшая, А.Марачкіна, У.Тоўсціка. Ёсць дыярама старадаўняга Моталя і яго ваколіц, інтэр’ер хаты пач. 20 ст., фотатэка і інш. Паводле матэрыялаў музея створаны кінастужкі «Палескія вяселлі» (1986, рэж. З.Мажэйка), «Пераблытанка» (1989, рэж. А.Мезенцаў), «Мотальскія анекдоты, жарты, байкі» (1990, рэж А.Пестаў). На базе фондаў музея праводзяцца выстаўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19—1-й пал. 20 ст. на невял. тэр. Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (вёскі Моталь, Тышкавічы, Асаўніца). Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па аснове, са шматлікімі складкамі вакол стаячага каўняра. Тыповым прыёмам аздаблення былі звычайныя строчкі, уручную прашытыя чорнай баваўнянай ніткай упоперак стаячага каўняра, манжэты. Спадніца — гладкафарбаваны, бурачковы ці чырвоны андарак або палатнянік з белага кужалю, сабранага па лініі таліі на матузок. Фартух кроілі з 4 полак кужэльнага палатна, якія злучалі дэкар. швом, што дазваляла насіць яго на два бакі. Арнамент натыкання вызначаўся дробным малюнкам чырвонага, чырвона-чорнага, блакітна-чырвона-чорнага геам. або расліннага арнаменту. Гарсэт шылі з чырвонага фабрычнага сукна, з серабрыстай парчы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы-галуна, стужак, пацерак, запраўлялі яго ў спадніцу і падпяразвалі шырокім бурачкова-чырвоным поясам ручнога пляцення. Галаўны ўбор — моцна накрухмаленая намітка, завітая на каробачку з чапцом, аздобленая кветкамі па баках або паўкругам спераду. Мужчынскае адзенне складалі нагавіцы і кашуля навыпуск, падперазаныя шырокім плеценым поясам з кутасамі, галаўны ўбор — саламяны брыль, магерка. Верхняе адзенне — світка, катанка, куртка з чорнага валенага сукна, аздобленая цёмна-сіняй аблямоўкай, з бакавымі клінамі-«вусамі». Прыгожым маст. аздабленнем вылучаліся аўчынныя кажушкі і паўкажушкі (гл.Мотальскія кажухі).
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Мотальскі строй. Летняе традыцыйнае адзенне жанчын. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1930-я г.