Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́ЛАРЫ (Malory) Томас [каля 1417, Уорыкшыр, Вялікабрытанія — 14(?).3.1471], англійскі пісьменнік. Сабраў і апрацаваў сюжэты шматлікіх легенд, паданняў, раманаў пра караля Артура і рыцараў Круглага стала, на іх аснове стварыў рыцарскую эпапею «Смерць Артура» (1469), у якой паказаў крушэнне феад. рыцарства, адлюстраваў настроі эпохі Стогадовай (1337—1453) і Пунсовай і Белай ружы (1455—85) войнаў. Блізкі да гіст. хронік раман М. паўплываў на развіццё англ. прозы.
Тв.:
Рус. пер. — Смерть Артура. Кн. 1—3. М., 1991.
Літ.:
Мортон А.Л. От Мэлори до Элиота. М., 1970.
т. 11, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РЫС ((Morris) Уільям) (24.3.1834, Лондан — 3.10.1896),
англійскі мастак, пісьменнік, тэарэтык мастацтва, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1853—56). З 1856 працаваў у арх. майстэрні Дж.Э.Стрыта ў Лондане. У 1857—62 займаўся жывапісам. З 1860-х г. пад уплывам ідэй прэрафаэлітаў, Т.Карлейля і Дж.Рэскіна выступаў з рамант. крытыкай бурж. ладу, машыннай вытв-сці проціпастаўляў нар. рамёствы, традыцыі ручной працы і індывідуальную маст. творчасць, у якіх бачыў сродак эстэт. выхавання і пераўвасаблення грамадства. У 1861—62 заснаваў (з П.Маршалам і Ч.Фолкнерам) маст. прамысл. кампанію (саматужныя майстэрні дэкар. размалёўкі, мэблі, тканін, метал. вырабаў, вітражоў, шпалер, вышывак і інш.), у 1890—91 — Келмскоцкае выд-ва. Вырабы яго майстэрняў, афармленне інтэр’ераў і кніг вызначаліся рысамі дэкар. стылізацый у духу сярэдневяковага мастацтва. Творчасць М. папярэднічала ўзнікненню стылю мадэрн і заклала асновы мастацкага канструявання. Імкненне да сярэдневяковых матываў і рамант. стылізацыі вобразаў уласціва і для яго літ. творчасці: паэмы «Абарона Гінеўры» (1858), «Зямны рай» (ч. 1—3, 1868—70), аповесці «Сон пра Джона Бола» (1888). Аўтар. сац.-утапічнага рамана «Звесткі ніадкуль, або Эпоха шчасця» (1891).
Тв.:
Рус. пер. — Искусство и жизнь. М., 1973.
Літ.:
Мортон А.Л. Английская утопия: Пер. с англ. М., 1956;
Гольдзамт Э. Уильям Моррис и социальные истоки современной архитектуры: Пер. с пол. М., 1973.
т. 10, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)