Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫЧЫ (Medici),
славуты род, які правіў у г.Фларэнцыя ў 1434—1737 (з перапынкамі) і значна ўплываў на паліт. і эканам. жыццё сярэдневяковай Італіі; адзін з буйнейшых банкірскіх дамоў Еўропы ў 15 ст. Першы вядомы прадстаўнік роду Сальвестра М. (1331—88), які выкарыстаў паўстанне чомпі 1378 для ўзмацнення становішча роду. Гал. прадстаўнікі асн. дынастыі: Джавані ды Бічы М. (1360—1429), заснавальнік вядучай лініі роду, паклаў пачатак эканам. магутнасці М.; Казіма Старэйшы М. (1389—1464), першы правіцель Фларэнцыі (з 1434) з роду М., фінансіст, мецэнат; Ларэнца Пышны М. (1449—92), паэт, філосаф, мецэнат, з 1469 правіў у Фларэнцыі як тыран; сын Ларэнца Пышнага Джавані М. (1475—1521) у 1513—21 быў рымскім папам пад імем Льва X. Прадстаўнік пабочнай лініі: Казіма I М. (1519—74) у 1569 атрымаў ад папы рымскага тытул Вял. герцага Тасканскага. З роду М. паходзілі рымскі папа Клімент VII [1523—34], франц. каралевы Медычы Кацярына (жонка Генрыха II) і Марыя М. (1573—1642; жонка Генрыха IV).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Марыя Медычы 7/122
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Медычы Ларэнца 5/175
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Кацярына Медычы 2/606; 7/122
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫЧЫ КАЦЯРЫ́НА, Кацярына Медычы (Catherine de Médicis; 13.4.1519, г. Фларэнцыя, Італія — 5.1.1589),
французская каралева (з 1533), жонка Генрыха II (гл.Генрых, франц. каралі). З роду фларэнтыйскіх герцагаў Медычы. У час праўлення сваіх сыноў Францыска II [1559—60], Карла IX [1560—74] і Генрыха III (гл.Генрых, франц. каралі) актыўна ўмешвалася ў кіраванне дзярж. справамі (у час маленства Карла IX рэгентша ў 1560—64). У перыяд рэлігійных войнаў не дапускала вяльмож да кіравання дзяржавай, прытрымлівалася палітыкі лавіравання. У 1570 настаяла на заключэнні Сен-Жэрменскага мірнага дагавора з гугенотамі. У 1572, баючыся ўзмацнення гугенотаў, была адным з арганізатараў Варфаламееўскай ночы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Казіма Старэйшы Медычы 7/122
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Ларэнца «Пышны» Медычы 7/122
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎ X (Leo; свецкае Джавані дэ Медычы; Giovanni de’ Medici; 11.12.1475, г. Фларэнцыя, Італія — 1.12.1521),
папа рымскі [1513—21]. Сын правіцеля Фларэнцыі Ларэнца Пышнага Медычы. Кардынал з 13-гадовага ўзросту. Імкнуўся ўмацаваць уплыў сям’і Медычы, вёў войны з іх праціўнікамі, удзельнічаў у розных кааліцыях у перыяд Італьянскіх войнаў 1494—1559. У 1516 заключыў канкардат з франц. каралём Францыскам I, які пашырыў правы караля над франц. царквой. Шырока практыкаваў продаж індульгенцый, што стала штуршком да пачатку Рэфармацыі. У 1520 адлучыў ад царквы М.Лютэра. Прыцягнуў буйнейшых мастакоў Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Д.Брамантэ, Рафаэль, Мікеланджэла) для працы над аздабленнем цэркваў і палацаў Рыма і Ватыкана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРО́К’Ё (Verrocchio) Андрэя дэль [сапр.Чоні
(Cioni) Андрэады Мікеле ды Франчэска; 1435 ці 1436, г. Фларэнцыя, Італія — 7.10.1488], італьянскі скульптар, жывапісец і ювелір ранняга Адраджэння. Вучыўся ў ювеліра Верок’ё, чыё імя ўзяў сабе. Зазнаў уплыў Дэзідэрыо да Сетыньяна і А.Палаёла. Майстэрня Верок’ё ў Фларэнцыі была цэнтрам маст. жыцця. Адсюль выйшлі Леанарда да Вінчы, П.Перуджына і інш. Выканаў шэраг твораў па заказах сям’і Медычы (надмагілле Джавані і П’ера Медычы, 1472; статуя Давід, 1473—75; «Дама з кветкамі», бюст Джуліяна Медычы, абедзве каля 1475, і інш.),
якія вылучаюцца арыстакратычнай вытанчанасцю, крохкай гармоніяй ліній і аб’ёмаў. Аўтар кампазіцыі «Нявер’е Фамы» (1476—83) на фасадзе будынка Арсанмікеле ў Фларэнцыі, помніка кандацьеру Б.Калеоні (1479—83) у Венецыі і інш. Жывапіс Верок’ё вызначаецца дакладнасцю малюнка, дасканалай мадэліроўкай формаў, панарамнасцю пейзажных фонаў («Мадонна», каля 1470; «Хрышчэнне», пасля 1470, у сааўт. з Леанарда да Вінчы, і інш.).