МАЦЯ́Ш (Ніна Іосіфаўна) (н. 20.9.1943, в. Нівы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1966). Настаўнічала. Друкуецца з 1962. Аўтар паэтычных зб-каў «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (1973), «Ралля суровая» (1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Шчаслівай долю назаві...» (1990), «Я вас люблю» (1998) і інш. За «Паэму жніва» (1983) Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1984. Асн. матывы яе лірыкі — чалавек і яго ўзаемаадносіны з прыродай і грамадствам, сяброўства і каханне. Для яе вершаў характэрны спавядальнасць, філас. заглыбленасць, шчырасць. Для дзяцей напісала казкі «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» (1982), «Краіна Белы Свет, або Прыгоды Краснічка» (1993), п’есы для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (паст. 1976), «Крок у бессмяротнасць» (паст. 1977), тэлесцэнарыі «Пясняр роднай прыроды» (паст. 1978), «Гэта я, Госпадзі» (паст. 1980). На бел. мову пераклала кнігі Ж.​Аліўе, Ж.​Сіменона, А.​Сент-Экзюперы, Л.​Кастэнкі, В.​Барны, В.​Шымборскай і інш., паасобныя творы П.​Беранжэ, П.​Мерыме, Ф.​Шылера, Ю.​Славацкага, Т.​Хрусцялеўскага, А.​Гаўрылюка, П.​Маха і інш.

Тв.:

Паварот на лета. Мн., 1986;

Паміж усмешкай і слязой. Мн., 1993;

Палёт над жытам. Брэст, 1997.

У.​С.​Ліпскі.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мацяш І. Т. 8/135

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Мацяш Н. І. 12/575

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Трыкі́р ‘трысвечнік’: наш трыкір, нашыя тры святліны (Н. Мацяш), укр. трикірій ‘тс’, рус. трики́рий ‘падсвечнік з трох свечак’, стараж.-рус. трикирии ‘тс’. Запазычана праз царкоўнаславянскую мову як сімвал святой Тройцы з грэч. τριχήριον ‘тс’ з адаптацыяй да асаблівасцей беларускай мовы; гл. Фасмер, 4, 102.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАСЬМІРАДКО́ЎЕ, актэт,

страфа з 8 вершаваных радкоў, для якіх характэрны сэнсавая, кампазіцыйная, інтанацыйна-рытмічная закончанасць і ўпарадкаванасць рыфмы. Радкі ў васьмірадкоўі могуць спалучацца адной — чатырма рыфмамі. Упершыню 8-радковую страфу ў бел. паэзіі выкарыстаў Сімяон Полацкі ў вершы «Стиси краесогласнии ко пресветлейшему... царю и великому князю Алексию Михайловичю...». Сустракаюцца васьмірадкоўе ў творах В.​Дуніна-Марцінкевіча («Гапон»), Ф.​Багушэвіча («Дурны мужык, як варона», «Мая хата»), Я.​Лучыны («Што думае Янка, везучы дровы ў горад»). Пашырана ў сучаснай бел. паэзіі — «Маім гераіням» П.​Панчанкі, «Відаць, і ў цябе...» Р.​Барадуліна, «Калыханка маме» Н.​Мацяш і інш.

А.​А.​Майсейчык.

т. 4, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЭ́НКА (Ліна Васілеўна) (н. 19.3.1930, г.п. Ржышчаў Кагарлыцкага р-на Кіеўскай вобл.),

украінская паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1956). Друкуецца з 1946. Аўтар паэтычных кніг «Промні зямлі» (1957), «Ветразі» (1958), «Вандроўкі сэрца» (1961), «Над берагамі вечнай ракі» (1977), «Непаўторнасць» (1980), «Сад нятаючых скульптур» (1987), гіст. рамана ў вершах «Маруся Чурай» (1979), драм. паэмы «Снег у Фларэнцыі» (1985) і інш. Паэзіі К. ўласцівы філас. роздум пра лёс чалавека на скрыжаваннях нац. і сусв. гісторыі, унутр. драматызм, інтэлектуальнае напружанне, гіст.-культуралагічная асацыятыўнасць. На бел. мову асобныя яе творы пераклалі В.​Аколава, Д.​Бічэль-Загнетава, В.​Вітка, У.​Карызна, В.​Коўтун, Н.​Мацяш, Р.​Семашкевіч, Я.​Сіпакоў, Я.​Янішчыц. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1987.

Тв.:

Бел. пер. — Лірыка. Мн., 1989.

Літ.:

Брюховецький В. Ліна Костенко. Київ, 1990.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТ ((Kant) Герман) (н. 14.6.1926, г. Гамбург, Германія),

нямецкі пісьменнік. Скончыў Грайсфальдскі (1952) і Берлінскі (1956) ун-ты. Дэбютаваў зб. апавяд. «Крышку Паўднёвага мора» (1962). У раманах «Актавая зала» (1965), «Выхадныя звесткі» (1972), «Прыпынак у дарозе» (1977), зб-ках апавяд. «Парушэнне граніцы» (1975), «У дадатак да анкеты», «Трэці цвік» (абодва 1981), «Бронзавы век» (1986) тэмы фашызму і вайны, індывід. і калект. віны, жыцця пасляваен. Германіі. Яго творам уласцівы мазаічнасць структуры, насычанасць сімваламі-лейтматывамі, спалучэнне гумару і іроніі, сатыры і сарказму. На бел. мову асобныя творы К. пераклала Н.​Мацяш. Нац. прэмія ГДР 1973.

Тв.:

Рус. пер. — Остановка в пути. М., 1979;

Объяснимое чудо: Рассказы. Очерки. М., 1982;

Актовый зал;

Выходные данные. М., 1987.

Літ.:

Леонова Е.А. Литературные реминисценции в романе Г.​Канта «Остановка в пути» // Проблема традиций и взаимовлияния в литературах стран Зап. Европы и Америки XIX—XX вв. Нижний Новгород, 1993.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 601

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ТЭА́ТР «ЛЯ́ЛЬКА».

Створаны ў 1990 у Віцебску з трупы лялечнікаў, якая працавала пры Бел. т-ры імя Я.​Коласа з 1986. Маст. кіраўнік В.​Клімчук, гал. мастак А.​Сідараў (з 1990). 20.4.1986 паказаны першы спектакль трупы «Дзед і Жораў» В.​Вольскага. Як самастойны тэатр адкрыўся ў 1990 спектаклем «Казка пра Ямелю» Я.​Тарахоўскай. У супрацоўніцтве з бел. аўтарамі створаны спектаклі: «Прыгоды трох парасят» Н.​Мацяш, «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» П.​Сіняўскага, «Іванава шчасце» А.​Дыбчы (паводле бел. нар. казак), «Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка» У.​Граўцова (паводле твораў Я.​Баршчэўскага). Сярод інш. пастановак: «Усмешка клоуна» Я.​Чапавецкага, «Казкі Андэрсена» (інсцэніроўка рэж. Я.​Угрумава), «Чорная курыца» А.​Пагарэльскага, «Папялушка» Я.​Шварца, «Лялечнік» М.​Стывенса, «Дапытлівы слонік» Р.​Кіплінга, «Хлопчык-зорка» О.​Уайльда. Акцёры працуюць з лялькамі розных сістэм (марыянеткі, трысцёвыя, планшэтныя, пальчатачныя).

Дз.​У.​Стэльмах.

Да арт. Беларускі тэатр «Лялька». Удзельнікі спектакля «Дзед і Жораў» В.​Вольскага.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРЫЛЮ́К (Аляксандр Якімавіч) (23.4.1911, в. Забалоцце Бельскага ваяв., Польшча — 22.6.1941),

украінскі пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Украіне і Зах. Беларусі. На працягу 1929—39 шмат разоў быў арыштаваны, двойчы быў вязнем канцлагера Бяроза-Картузская. Дэбютаваў вершам «Успаміны зняволенага» (1929), які стаў песняй падпольшчыкаў. Аўтар паэт. твораў «Паэма пра пятлю» (1932), «Плакаты» (1935), «Непрадбачаны эпілог» (1941), памфлета «Паны і панічы над «Кабзаром» (выд. 1936), паэмы «Песня з Бярозы» (1937, выд. 1941), «Львоў» (1941), дакумент. аповесці «Бяроза» (1941, выд. 1946) і інш., у якіх адлюстраваў жыццё працоўных былой Зах. Украіны і Зах. Беларусі, нязломнасць духу паліт. вязняў канцлагера. На бел. мову творы Гаўрылюка перакладалі Н.​Мацяш, М.​Рудкоўскі, Р.​Семашкевіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1952;

У кн.: Украінская савецкая паэзія. Т. 2. Мн., 1975;

Пісня з Берези (На ўкр., рус. і бел. мовах). Львів, 1979.

Літ.:

Калеснік У. Час і песні. Мн., 1962. С. 197—238.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў чэрв. 1968 з групы лялечнікаў, якая існавала пры Брэсцкім абл. драм. т-ры з 1963. Адкрыўся спектаклем «Салдат Даніла» («Птушынае малако») Е.​Тудароўскай і В.​Мятальнікава. Гал. рэжысёры А.​Сярогін, А.​Шкілёнак, В.​Казлова, С.​Юркевіч, А.​Жугжда (з 1990). У пастаноўках выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм, прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане, яны выступаюць у масках і без масак.

У рэпертуары т-ра: «Прыгоды трох парасят» і «Крок у бессмяротнасць» Н.​Мацяш, «Дзед і Жораў» В.​Вольскага, «Хлопчык з легенды» паводле Г.​Васілеўскай, «Прывід старога млына» В.​Навацкага і Ю.​Фрыдмана, «Па шчупаковай волі» Л.​Тарахоўскай, «Блакітнае шчаня» У.​Гюлы, «Чыпаліна» паводле Дж.​Радары, «Дзень нараджэння ката Леапольда» А.​Хайта, «Славутае качаня Цім» паводле Эн Блайтан, «...Забыць Герастрата!» Р.​Горына, «Крэслы» Э.​Іанеска, «Што здарылася ў заапарку» Э.​Олбі і інш.

Дз.​У.​Стэльмах.

Да арт. Брэсцкі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Славутае качаня Цім» паводле Эн Блайтан.

т. 3, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)