Мацяры́нка1, матэрынка, мацеры́нка ’мацярдушка звычайная, Origanum vulgare L.’ (Анох., бяроз., Нар. лекс.; Мат. Гом., Ян., ТС). Узнікла ў выніку намінацыі словазлучэння з прыметнікам мацерына. Матывацыя — гл. мацярдушка.

Мацяры́нка2, матері́нка ’гусялапка звычайная, Alchemilla vulgaris L.’ (лельч., Бейл.). Намінізаваная калька з ням. Mutterkraut ’расліна мацерын корань, які немкі ўжывалі супраць бясплоднасці’ (Махэк, Jména, 109).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МАГІЛЁЎСКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.

Створана ў 1990 у Магілёве пры Упраўленні культуры аблвыканкома на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Белдзяржфілармоніі. У яе складзе (1999): мужчынскі камерны хор «Унія» (маст. кіраўнік і дырыжор К.​Насаеў), аркестр нар. інструментаў (маст. кіраўнік і гал. дырыжор Л.Іваноў), камерны інстр. ансамбль «Барыня», шоу-балет, гурты — вак.-інстр. «03», сямейны нар. спеваў «Весялуха», эстр.-цыркавыя «Казіно смеху» і «М+М», «Цырк на сцэне» і інш.; сярод артыстаў — спявачкі І.​Абалян, А.​Мацярынка, Н.​Шарубіна, флейтыст У.​Буры, ілюзіяніст С.​Фельдман. У філармоніі пачынаў творчую дзейнасць А.Цівуноў, у яе студыі па падрыхтоўцы маладых артыстаў вучыліся спевакі С.​Франкоўскі, А.​Кавалеўскі. Вядзе актыўную дзейнасць па арганізацыі і правядзенні муз. фестываляў і конкурсаў, свят горада, у т. л. міжнар. фестывалю «Залаты шлягер» (з 1995), «Фестывалю харавой музыкі» (1991), міжнар. эстр. імпрэзы «Беларусь збірае сяброў» (1993), эстр. фэсту «Рэха «Славянскага кірмашу» (1994), «Магілёўскай музычнай вясны» (1995), «Каляднага фестывалю» i IV Сусв. кангрэса цымбалістаў (1997), Міжнар. пленэраў па жывапісе імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (у святкаванні 125-годдзя з дня яго нараджэння ўдзельнічалі камерныя аркестры «Віртуозы Масквы» і «Вівальдзі-аркестр» пад кіраўніцтвам С.​Бязроднай), удзельнічае ў фестывалі «Беларуская музычная восень», у працы міжнар. дабрачыннага Фонду У.Співакова. З 1997 прадстаўніцтва філармоніі працуе ў Мінску. Дырэктар і маст. кіраўнік філармоніі У.Браілоўскі.

Аркестр народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі.

т. 9, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мацярду́шка ’расліна Origanum vulgare L.’ (вільн., гродз., брэсц., маг., Кіс.; Маш.); ’маяран садовы, Majorana hortensis Moench.’ (гродз., маг., Кіс.), ’падбел звычайны, Tussilago farfara L.’ (гродз., Сцяшк.). Назва гэтых раслін перанесена з назвы набору (Thymus serpyllum L.) ⁺мацерына душа (параўн. укр. материнка, материна душка, рус. маткина душа, ст.-польск. macierza duszka, польск. macierduszka, чэш. mateřídouška, ст.-чэш. mateřie dúška, славац. materina dúška, славен. máterna dúšica, серб.-харв. ма́јкина (ма̏терина) ду̀шица, балг. ма̀щер(и)ка — усе яны з’яўляюцца перакладам лац. Matris animula, пададзенага біскупам Ісідорам Севільскім (VI–VII стст.) у кнізе «Origines», які выкарыстаў сюжэт антычнай легенды, у якой расказваецца аб тым, як дзеці-сіроты старанна прыходзілі да матчынай магілы, маці іх стала шкада, і яе душа вярнулася з неба і пасялілася ў дробналістай красцы з прыгожым пахам. Дзеці адразу пазналі душу сваёй маці і назвалі краску мацярдушкай (Махэк₂, 355). Са словазлучэння мацерына душа ў слав. мовах утварыліся намінацыі накшталт бел. мацярынка, мацярыца, польск. macierzanka, чэш. mateřenka і да т. п. (гл. таксама Фасмер, 2, 582; БЕР, 3, 700–701; Махэк, Jména, 202; Урбуціс, Baltistica, 15, 155).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)