МАСПЕРО́ ((Maspéro) Анры) (15.12.1883, Парыж — 17.3.1945),

французскі гісторык і філолаг, кітаязнавец, спецыяліст па мовах і гісторыі краін Індакітая. Сын Г.К.Ш.Масперо. З 1908 выкладчык, з 1911 праф. Франц. школы Д. Усходу ў г. Ханой (В’етнам), з 1920 праф. кіт. мовы і л-ры Калеж дэ Франс у Парыжы. З 1935 чл., з 1944 прэзідэнт франц. Акадэміі надпісаў. Аўтар больш як 150 прац, прысвечаных Кітаю і Індакітаю, у т. л. кн. «Старажытны Кітай» (1927, ахоплівае гісторыю і культуру Кітая з 12 да 3 ст. да н.э.), «Кітайская мова» (1931). Загінуў у лагеры смерці Бухенвальд.

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСПЕРО́ ((Maspéro) Гастон Каміль Шарль) (23.6.1846, Парыж — 30.6.1916),

французскі гісторык, егіптолаг. Бацька А.Масперо. Чл. франц. Акадэміі надпісаў (1883, з 1914 вучоны сакратар). Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы і ў егіптолага А.​Марыета. З 1873 праф. Калеж дэ Франс, у 1887—1916 — парыжскай Сарбоны. У 1881 заснаваў у Каіры ін-т усх. археалогіі, у 1881—86 і 1899—1914 дырэктар «Службы старажытнасцей» і Егіп. музея ў Каіры. Адкрыў у Егіпце стараж. тэксты на ўнутр. сценах пірамід Стараж. царства, сховішча мумій фараонаў XVII—XXII дынастый, шэраг помнікаў матэрыяльнай культуры. Аўтар прац па многіх галінах егіпталогіі (археалогія, стараж. мова, л-ра, мастацтва), фундаментальных даследаванняў: «Старажытная гісторыя народаў класічнага Усходу» (т. 1—3, 1895—99), «Даследаванні па егіпецкай міфалогіі і археалогіі» (т. 1—6, 1893—1912).

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Масперо Г. К. Ш. 4/376; 7/68

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІПТАЛО́ГІЯ,

комплексная навука, якая вывучае мову, гісторыю, культуру Стараж. Егіпта. Інтэнсіўнае развіццё Е. як навукі звязана з Егіпецкай экспедыцыяй 1798—1801, у якой удзельнічала каля 150 вучоных. У выніку іх дзейнасці заснаваны Ін-т Егіпта ў Каіры (дзейнічае і цяпер), выдадзена «Апісанне Егіпта» (т. 1—24, 1809—28). Дэшыфроўка ў 1822 Ж.​Ф.​Шампальёнам егіп.-іерагліфічнага пісьма на т.зв. Разецкім камені паклала пачатак навук. вывучэнню стараж.-егіп. помнікаў. У 1828—29 (Шампальён, І.​Раселіні) і ў 1842—45 (К.​Р.​Лепсіус) праведзена інвентарызацыя помнікаў егіп. архітэктуры і мастацтва. Франц. егіптолагі вялі археал. раскопкі (А.​Марыет), публікавалі помнікі егіп. філалогіі, перакладалі і выдавалі іерагліфічныя і іератычныя тэксты (Г.​Масперо, Ф.​Шаба, Э. дэ Ружэ, Э.​Навіль), даследавалі гісторыю Стараж. Егіпта (Э.​Дрыятон, Ж.​Вандзье і інш.), яго рэліг. і сац. ін-ты (А.​Марэ, Э.​Ф.​Гацье). Вялікае значэнне для развіцця Е. мела т.зв. берлінская школа, заснаваная ў 1890-я г. А.​Эрманам. Ням. егіптолагі вывучалі пераважна егіп. мовы. Лепсіус выдаў збор першакрыніц, стварыў асновы храналагічнай перыядызацыі гісторыі Стараж. Егіпта. У 1880 выйшла граматыка копцкай (Л.​Штэрн) і новаегіп. (Эрман) моў. Лексікаграфічныя даследаванні вёў Г.​Бругш (іерагліфічна-дэматычны слоўнік). У 1896 пад кіраўніцтвам Эрмана і Г.​Грапава пачалася праца над слоўнікам егіп. мовы. У пач. 20 ст. егіп. палеаграфію даследаваў Г.​Мёлер, рэліг. тэксты — К.​Зетэ і С.​Шот, інш. літ. помнікі — Г.​Штайндорф, гісторыю Стараж. Егіпта — Э.​Маер, А.​Шарф. Брыт. егіптолагі праводзілі інтэнсіўныя археал. раскопкі (У.​Пітры Фліндэрс). У сярэдзіне 19 ст. выдадзены адзін з першых іерагліфічных слоўнікаў (С.​Бёрч, 1867), апрацавана граматыка класічнай мовы (А.​Гардынер), выдадзены копцкі слоўнік (У.​Крам, 1939). Намаганнямі Дж.​Брыстыда ў Чыкага (ЗША) заснаваны Усходні ін-т, вакол якога групаваліся амер. егіптолагі. Заснавальнік Е. ў Расіі У.​С.​Галянішчаў сабраў вял. калекцыю стараж.-егіп. матэрыялаў, апублікаваў працы па егіп. філалогіі і археалогіі. Аўтар «Гісторыі Старажытнага Усходу» (т. 1—2, 1935—36). Б.​А.​Тураеў стварыў рус. школу егіптолагаў. Сац.-эканам. развіццё стараж.-егіп. грамадства даследаваў В.​В.​Струве. Над праблемамі Е. працавалі У.​І.​Аўдзіеў, І.​М.​Лур’е, Ю.​Я.​Перапёлкін і інш. З 1952 пытанні Е. больш актыўна даследуюць самі егіпцяне. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны для выратавання гіст. помнікаў, якія знаходзіліся ў зоне затаплення, у 1960 пры ЮНЕСКА быў створаны міжнар. к-т, у Егіпет і Судан накіраваны археал. экспедыцыі шэрагу краін. У Александрыі, Малаві, Асуане і інш. гарадах створаны музеі егіп. старажытнасцей. У 1976 у Каіры адбыўся 1-ы Міжнар. кангрэс егіптолагаў (з гэтага часу склікаецца кожныя 3 гады).

Літ.:

Постовская Н.М. Изучение древней истории Ближнего Востока в Советском Союзе (1917—1959 гг.). М., 1961.

У.​С.​Кошалеў, Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)