МАНАМЕ́РЫ (ад мана... + грэч. meros частка),

нізкамалекулярныя рэчывы, малекулы якіх здольныя ўзаемадзейнічаць паміж сабой ці з малекуламі інш. рэчыва з утварэннем палімера. Адрозніваюць М. полімерызацыйныя і полікандэнсацыйныя. Пераважную большасць М. полімерызацыйнага тыпу складаюць злучэнні з кратнымі сувязямі (напр., алефіны, дыенавыя вуглевадароды, альдэгіды, нітрылы) ці з цыклічнымі групоўкамі (напр., аксіды алефінаў, лактамы, лактоны). Полікандэнсацыйныя М. — злучэнні, малекулы якіх маюць аднолькавыя (напр., дыаміны, дыкарбонавыя к-ты) ці розныя (напр., аксікіслоты, амінакіслоты) функцыян. групы. Гл. таксама Полімерызацыя, Полікандэнсацыя.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

манаме́р

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. манаме́р манаме́ры
Р. манаме́ра манаме́раў
Д. манаме́ру манаме́рам
В. манаме́р манаме́ры
Т. манаме́рам манаме́рамі
М. манаме́ры манаме́рах

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ВІНІ́ЛАВЫЯ ЭФІ́РЫ,

ненасычаныя эфіры, простыя CH2=CHOR і складаныя CH2==CH—OCOR (R — алкіл ці арыл). Бясколерныя вадкасці, добра раствараюцца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе. Хімічна актыўныя злучэнні, лёгка далучаюць галагены, галагенавадароды і інш. Атрымліваюць узаемадзеяннем ацэтылену са спіртамі і карбонавымі кіслотамі. Выкарыстоўваюцца як манамеры ў вытв-сці палімераў (напр., полівінілацэтат) і супалімераў.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАГЛАБІ́Н (ад гема... + лац. globus шар),

Hb, чырвоны жалезазмяшчальны пігмент крыві і гемалімфы чалавека, пазваночных і некат. беспазваночных жывёл. Выконвае функцыю пераносу кіслароду з органаў дыхання да тканак і вуглякіслага газу ад тканак да органаў дыхання. У большасці беспазваночных гемаглабін раствораны ў крыві, у пазваночных і некат. беспазваночных знаходзіцца ў чырвоных крывяных клетках — эрытрацытах. Малекулярная маса гемаглабіну эрытрацытаў млекакормячых 64 500, растворанага ў плазме да 3 000 000. Паводле хім. прыроды гемаглабін — складаны бялок — хромапратэід, які складаецца з бялку глабіну і жалезапарфірыну — гему. У вышэйшых жывёл і чалавека гемаглабін уключае 4 субадзінкі — манамеры з малекулярнай масай каля 17 000; 2 манамеры маюць па 141 астатку амінакіслот (β-ланцугі), 2 іншыя — па 146 астаткаў (α-ланцугі). Колькасць гемаглабіну ў крыві чалавека ў сярэднім 13—16 г% (78—96% па Салі); у жанчын гемаглабіну крыху менш, чым у мужчын. Якасць гемаглабіну змяняецца ў антагенезе.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАНУКЛЕАТЫ́ДЫ,

арганічныя злучэнні, якія складаюцца з азоцістай асновы (пурынавай або пірымідзінавай), вугляводу (рыбозы або дэзоксірыбозы) і астатку фосфарнай к-ты. М. — манамеры, структурныя адзінкі нуклеінавых кіслот. Адрозніваюцца па азоцістай аснове. Лёгка ўтвараюцца пры гідролізе дэзоксірыбануклеінавай і рыбануклеінавай к-т у прысутнасці нуклеаз. Да М. адносяцца, напр., адэназінмонафасфат, гуаназінмонафасфат і інш. Прысутнічаюць у клетках у свабодным выглядзе, адыгрываюць значную ролю ў абмене рэчываў; уваходзяць у састаў каферментаў і з’яўляюцца рэчывамі-акумулятарамі энергіі. Гл. таксама Нуклеатыды.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСТЫРО́Л,

сінтэтычны тэрмапластычны палімер, прадукт полімерызацыі стыролу, [—CH2C(C6H5)H—]n, мал. м. (25—35)∙10​4.

Цвёрдае шклопадобнае рэчыва, шчыльн. 1050 кг/м³, т-ра шклавання 93 °C. Раствараецца ва ўласным манамеры, араматычных вуглевадародах, ацэтоне. Устойлівы да ўздзеяння шчолачаў і кіслот (акрамя канцэнтраванай азотнай і ледзяной воцатнай), радыеактыўных выпрамяненняў. Лёгка перапрацоўваецца, добра афарбоўваецца ў масе, выдатны дыэлектрык, крохкі, мае нізкую цеплаўстойлівасць. Больш цеплаўстойлівыя і менш крохкія супалімеры стыролу; у прам-сці найб. пашыраны П. ударатрывалы — тэрмапластычны матэрыял з 2-фазнай структурай (бесперапынная фаза — П., дыскрэтная фаза — каўчук) і АБС-пластык. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пенапластаў, карпусоў радыё- і тэлеапаратуры, дэталей для аўтамабіляў, для вырабу тавараў шырокага ўжытку (цацкі, посуд разавага выкарыстання і інш.).

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБАНА́ТЫ,

солі і эфіры вугальнай кіслаты H2CO3.

К. неарганічныя — сярэднія (з аніёнам CO3−2) і кіслыя (з аніёнам HCO3) солі (гл. Гідракарбанаты). Сярэднія К. — крышт. рэчывы, тэрмічна няўстойлівыя (акрамя К. шчолачных металаў). Пры награванні раскладаюцца да аксіду металу і дыаксіду вугляроду (напр., CaCO3 = CaO + CO2). У вадзе (акрамя К. шчолачных металаў, амонію і аднавалентнага талію Tl2CO3) не раствараюцца. У прыродзе складаюць адну з груп мінералаў, важнейшыя з іх — кальцыт, магнезіт, сідэрыт, смітсаніт і некат. інш. Выкарыстоўваюць прыродныя К. як каштоўныя метал. руды (напр., К. цынку, жалеза, марганцу, медзі), У буд-ве (вапняк, магнезіт, вітэрыт); сінт. — у асн. натрыю К. (гл. Coda). К. арганічныя — ацыклічныя і цыклічныя складаныя эфіры. Ацыклічныя К. бясколерныя вадкасці з эфірным пахам (напр., метылэтылкарбанат, tкіп 107 °C). Цыклічныя К. — вадкія ці легкаплаўкія цвёрдыя рэчывы (напр., OCH2CH2OCO этыленкарбанат, tпл 39 °C). Выкарыстоўваюць як растваральнікі прыродных і сінт. смол; манамеры ў вытв-сці сінт. каўчуку, валокнаў, пластмас; зыходныя рэчывы для сінтэзу гліколяў, пластыфікатараў, лек. сродкаў і сродкаў аховы раслін.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)