малі́нія

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. малі́нія малі́ніі
Р. малі́ніі малі́ній
Д. малі́ніі малі́ніям
В. малі́нію малі́ніі
Т. малі́ніяй
малі́ніяю
малі́ніямі
М. малі́ніі малі́ніях

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

МАЛІ́НІЯ (Molinia),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 3—5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі М. блакітная, або сіняўка (M. caerulea), трапляецца на забалочаных лугах, ускрайках тарфяных балот, сярод хмызняку.

Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м. Утвараюць густыя дзярніны. Светла-зялёныя сцёблы маюць укарочаныя ніжнія і падоўжаныя верхнія міжвузеллі. Лісце доўгае, лінейнае, цвёрдае, па краі шурпатае, блакітна-зялёнае. Суквецце — доўгая перарывістая шматкаласковая мяцёлка. Плод — зярняўка.

Малінія блакітная.

т. 10, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

малі́нія

(н.-лац. molinia)

травяністая расліна сям. злакавых з доўгім лісцем і суквеццем у выглядзе шматкаласковай мяцёлкі, пашыраная ў субтрапічных і ўмераных зонах; на Беларусі расце на забалочаных лугах, лясных палянах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МЕТЛЮЖКАКВЕ́ТНЫЯ (Poales),

парадак аднадольных раслін. 1 сям., каля 650 родаў, 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Дамінанты травяністых груповак расліннасці стэпаў, лугоў, прэрый, пампасаў і саваннаў. На Беларусі 55 родаў. Найб. вядомыя авёс, брыца, вострыца, грэбнік, жытняк, зуброўка, каласнец, купкоўка, лісахвост, малінія, маннік, пырнік, трыснёг, цімафееўка, ячмень і інш. Вырошчваюцца шмат інтрадукаваных відаў з родаў жыта, кавыль, кукуруза, перлаўка, проса, пшаніца, райграс і інш. Рэдкія віды (напр. ячменеваласнец еўрапейскі) занесены ў Чырв. кнігу.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя, радзей дрэвападобныя (напр., бамбук) расліны. Цыліндрычныя сцёблы (саломіны) уздутыя ў вузлах і падзеленыя на полыя межвузеллі. Лісце пераважна з адкрытымі похвамі, лінейнае (да ніткападобнага) ці ланцэтнае, звычайна мае язычок. Кветкі дробныя, пераважна двухполыя ў элементарных суквеццях (каласках), што ўтвараюць складаныя суквецці — мяцёлкі, каласы, гронкі або галоўкі. У каласку — 1—30 кветак. Апыленне звычайна ветрам. Плод — зярняўка. Да М. належаць асн. харч. расліны: пшаніца, рыс, кукуруза, жыта, ячмень, авёс, проса, сорга, цукр. трыснёг і інш.), што культывуюцца з глыбокай старажытнасці, і кармавыя (мятліца, цімафееўка, аўсяніца, купкоўка, каласоўнік і інш). Выкарыстоўваюцца для засеву газонаў, аэрадромаў, стадыёнаў, замацавання пяскоў, насыпаў. З некат. М. атрымліваюць буд. матэрыялы, паперу (напр., трыснёг, бамбук), ёсць шкоднае пустазелле (напр., аўсюк, брыца звычайная). Харч., кармавыя, тэхн., лек., дэкар. расліны.

Літ.:

Цвелев Н.Н. Злаки СССР. Л., 1976. Жизнь растений. Т.6. М., 1982.

т. 10, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Смалу́да ‘дзікая расліна, карэнні якой па смаку нагадваюць моркву’ (Адм.). Параўн. укр. смовдь ‘дзікая пятрушка, Peucedanum L.’, польск. smłod, smłód ‘гладыш шыракалісты, Laserpitium latifolium L.’, ‘расліна Peucedanum L.’, чэш. smldí, smldník ‘тс’, славен. smlȇd ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, харв. чак. smlȇd ‘herbae genus’, smudnjak ‘расліна Peucedanum L.’. Назва няяснага паходжання. Без беларускага матэрыялу рэканструююць формы *smьldъ, *smeldъ, *smoldъ і *sml̥dъ, а таксама адносяць да асноў з чаргаваннем прасл. *smeld‑/*smьld‑/*smold‑, што працягваюць і.-е. *smel‑ ‘тлець, гарэць’ (параўн. літ. smėla ‘тлее, гарыць’) з пашырэннем ‑d‑, параўн. смала1 (гл.), смо́лда ‘смолка, Viscaria vulgaris Bernh.’ (Мат. Гом.). Куркіна (Диал. структура, 114) на падставе славен. smlẹ̑d ‘жоўты’, якое супадае з славенскай назвай расліны Peucedanum, матывуючым прызнакам лічыць жоўты колер, што падмацоўваецца народнай назвай рус. желтолен, аднак гэта няпэўна. Фурлан (Бязлай, 3, 271), улічваючы паралельную назву ўкр. мовдь ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, параўноўвае з літ. meldà, méldas ‘чарот’, лат. męldi, męldri ‘тс’ і звязвае з *moldъ (гл. малады), якое значыла не толькі ‘які мае мала гадоў’, але і ‘мяккі, дробны’, а адпаведны корань і.-е. *mold‑ меў таксама значэнне ‘мачыць, памякчаць’, што магло б сведчыць пра ўжыванне расліны Peucedanum у якасці лячэбнага сродку. Менш верагодная версія Махэка₂ (561), звязаная з пераносам назвы з асновай *smld‑, параўн. ст.-чэш. smldie ‘купена, Polygonatum multiflorum All.’, чэш. smldíмалінія’, старое польск. smilz ‘вострыца, Deschampsia caespitosa P.B.’, на расліну Peucedanum, паколькі стабілізацыя значэння ‘Peucedanum’ адбылася яшчэ ў праславянскую эпоху, гл. Лабко, БЛ, 18, 60. Гл. таксама Брукнер, 503; Врубель, Term. bot., 31; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 324; Бязлай, Eseji, 81–82.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)