МАКО́ЎСКІ (Тамаш) (1562 або 1575, г. Гданьск?, Польшча — 1630),
бел. гравёр. У 1600—11 працаваў пры двары кн. М.К.Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы, кіраваў друкарняй. Творы вызначаюцца высокім майстэрствам, уплывамі маньерызму і галандскіх майстроў. Выгравіраваў першую дакладную карту Вял.кн. Літоўскага (каля 1603, захавалася 2-е выд., 1613, Амстэрдам), да якой склаў тлумачальны тэкст, уключыў у яго важнейшыя звесткі пра Беларусь, даў агульную характарыстыку краю (захоўваецца ў б-цы Вільнюскага ун-та). Аўтар гравюр да кніг «Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю» Радзівіла (1601, Брунсберг), «Гіпіка» К.Дарагастайскага (1603, Кракаў; 1620, Познань), да «Панегірыка братоў Скарульскіх — Яна, Захара і Мікалая» (1604, Нясвіж), «Панегірыка Казіміру» (1610, Вільня). Выканаў гравіраваныя партрэт Радзівіла, віды Нясвіжа, Масквы (каля 1600), Вільні, Гродна, Клецка, Коўна, Трокаў, некалькі гравюр пра падзеі вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй (серыя «Асада Смаленска», 1611; выява прадстаўлення сенату палонных братоў Шуйскіх, і інш.). Работы падпісваў Маковіус, Макоўскі, Т.М. У Нясвіжы ўстаноўлены бюст М.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;
Ткачэнка М. Аўтарству стагоддзі не замінка: Невядомы партрэт з творчай спадчыны Тамаша Макоўскага // Мастацтва Беларусі. 1990. № 12;
Alexandrowicz S. Rozwój kartografii Wielkiego Księstwa Litewskiedo od XV do połowy XVIII wieku. 2 wyd. Poznań, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКО́ЎСКІ ((Makowski) Юзаф Тадэвуш) (29.1.1882, г. Асвенцім, Польшча — 1.11.1932),
польскі жывапісец. Вучыўся ў АМ у Кракаве (1903—08) у Я.Станіслаўскага і Ю.Мехофера і ў Парыжы (1908) у А. Ле Факанье. Жыў пераважна ў Францыі. У ранні перыяд пад уплывам П.Пюві дэ Шавана ствараў манум. сімвалічныя карціны («Хрышчэнне ў Іардані», 1909), пазней зазнаў уплыў кубізму («Партрэт мужчыны ў белым капелюшы», 1912). З 1920-х г. рабіў геаметрызаваныя кампазіцыі, пераважна на тэмы з жыцця дзяцей, у якіх спалучаў рысы сімвалізму, кубізму і прымітывізму. Сярод твораў: «Дзіцячая капэла» (1922), «Дзеці і ліхтарыкі» (каля 1928), «Шавец» (1930), «Скнара» (1932), «Двое дзяцей з сабакам» (каля 1932) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКО́ЎСКІ (Канстанцін Ягоравіч) (2.7. 1839, Масква — 30.9.1915),
расійскі жывапісец. Брат У.Я.Макоўскага. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (з 1898). З 1851 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў С.Заранкі, з 1858 у Пецярбургскай АМ. У 1863 пакінуў АМ, адзін з членаў Арцелі мастакоў, член-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Зазнаў уплыў салоннага мастацтва. У канцы 1860 — пач. 1870-х г. звяртаўся да сюжэтаў з нар. жыцця («Балаганы на Адміралцейскай плошчы», 1869), партрэтаў. З сярэдзіны 1870-х г. схіляўся да акадэмізму («Вяртанне свяшчэннага дывана з Меккі ў Каір», 1876; «Балгарскія пакутніцы», 1877). У 1883 парваў з перасоўнікамі і пісаў знешне эфектныя партрэты і жанрава-гіст. сцэны: «Пацалункавы абрад» (1895), «Мінін на Ніжагародскай плошчы» (1896) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКО́ЎСКІ (Уладзімір Ягоравіч) (7.2.1846, Масква — 21.2.1920),
расійскі жывапісец. Брат К.Я.Макоўскага. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1861—66) у С.Заранкі; выкладаў у ім (1882—94) і ў Пецярбургскай АМ (1894—1918, з 1895 рэктар). З 1872 чл.Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). У творчасці пераважалі тэмы гар. побыту, камерныя, часта двухфігурныя кампазіцыі сац.-крытычнага зместу: «У прыёмнай у доктара» (1870), «Наведванне бедных» (1874), «Чаканне» (1875), «Асуджаны» (1879), «Крах банка» (1881), «Спатканне» (1883), «На бульвары» (1887) і інш. У некаторых работах блізкі да пленэрнага жывапісу («Тлумачэнне», 1889—91, і інш.). Звяртаўся і да рэв. тэматыкі: «Допыт рэвалюцыянеркі» (1904), «9 студзеня 1905 года на Васільеўскім востраве» (1905) і інш. Ствараў таксама партрэты і графічныя работы.