Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Міхаіл Якаўлевіч) (17.3.1931, в. Белы Мох Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 1.10.1970),
бел. жывапісец і графік. Скончыў Бел.тэатр.маст.ін-т (1960). У 1960—70 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у жанрах партрэта, быт., станковай графіцы. Жывапісныя работы вызначаюцца рэаліст. трактоўкай вобразаў, багаццем каларыту, псіхалагізмам: «Настаўніца» (1960), партрэты бел. пісьменнікаў Я.Брыля, Я.Семяжона (абодва 1967), Н.Гілевіча (1968) і інш. Аўтар шматлікіх малюнкаў, карыкатур і шаржаў на тэмы культ. жыцця (альбом «Няўрокам кажучы...», 1971).
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Аляксандр Юзаф) (каля 1575—1616),
военачальнік ВКЛ, стваральнік лёгкай нерэгулярнай кавалерыі — лісоўчыкаў. Вайсковую службу пачаў пад камандаваннем Я.Патоцкага, удзельнічаў у кампаніі 1599—1600 супраць валашскага гаспадара Міхала, у Кірхгольмскай бітве 1605 са шведамі. У 1607 далучыўся да войска Лжэдзмітрыя II. На чале данскіх казакоў рабіў рэйды па тэр. Расіі, захапіў Разань, Суздаль, Каломну і інш. Пад камандаваннем Я.П.Сапегі ўдзельнічаў у аблозе Масквы і Троіца-Сергіевай лаўры. Пасля паражэння Лжэдзмітрыя II на службе ў Жыгімонта III, удзельнічаў у зняцці аблогі рус. войск са Смаленска ў 1614—15, у 1615 арганізаваў паход у Северскія землі. За ўдалыя вайсковыя аперацыі атрымаў чын каралеўскага палкоўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Мікалай Васілевіч) (1.12.1885, г. Баранавічы Брэсцкай вобл. — 1957),
савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейтэнант. Скончыў Акадэмію Генштаба (1914). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З лют. 1918 у Чырв. Арміі: нач. аператыўнага аддзела штаба Беламорскай ваен. акругі; нач. штаба, каманд. войскамі Котласкага р-на, адначасова камандзір асобнай брыгады. У 1919 каманд. войскамі Дзвінска-Мезенскага р-на, Пінега-Пячорскага краю, камандзір брыгады, нач стралк. дывізіі. З кастр. 1919 нач. штаба 6-й і 3-й армій, каманд. 12-й арміяй. Удзельнік савецка-польскай вайны 1920 на Зах. фронце. З 1921 каманд. арміяй Самаркандскай вобл., Бухарскай групы войск, на інш. камандных пасадах. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Іраклій) (свецкае імя Іосіф; 1734, Полацкае ваяв. — 11.9.1809),
уніяцкі царк. дзеяч. Вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў ва Ушачах, там уступіў у ордэн базыльян. У 1784—1809 полацкі архіепіскап. З 1795 пасля скасавання Кацярынай II уніяцкіх епархій (акрамя Полацкай) фактычны кіраўнік усіх грэка-католікаў Рас. імперыі. У 1806—09 мітрапаліт кіеўскі (не зацверджаны папам рымскім). У царк. жыцці ў процівагу базыльянам абапіраўся на белае духавенства, вылучаў яго на кіруючыя пасады. Садзейнічаў стварэнню Гал. семінарыі пры Віленскім ун-це (1803), адкрыў семінарыю для белага духавенства ў в. Струнь (1803, каля Полацка). Быў прыхільнікам ачышчэння абраднасці ад лац. запазычанняў. Дамогся ад імператара Аляксандра I стварэння ўнутры рымска-каталіцкай калегіі асобнага дэпартамента для уніятаў (1805), старшынёй якога стаў сам. Курс Л. на збліжэнне грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем працягвалі ў 1820—30-я г. уніяцкія царк. дзеячы А.Зубко, І.Красоўскі, В.Лужынскі, І.Сямашка і інш.