ЛІМО́Ж (Limoges),

горад у цэнтр. ч. Францыі, на р. В’ена. Адм. ц. дэпартамента Верхняя В’ена і гал. горад гіст. вобласці Лімузен. 133 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Прам-сць: фарфора-фаянсавая, гарбарна-абутковая, паліграфічная. Цэнтр вытв-сці Ліможскай эмалі. Ун-т. Музеі: гарадскі, керамікі. Арх. помнікі: раманска-гатычны сабор Сент-Эцьен (12—16 ст.), гатычныя цэрквы (12—15 ст.), барочны палац епіскапа (18 ст.), шматлікія гатычныя і рэнесансавыя жылыя дамы.

т. 9, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лимо́ж г. Лімо́ж, -жа м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ЛІМУЗЕ́Н (Limousin),

гістарычная вобласць у цэнтр. ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Верхняя В’ена, Карэз, Кроз Пл. 16,9 тыс. км². Нас. каля 750 тыс. чал. (1995). Гал. горад і прамысл. цэнтр. — Лімож. Уся тэр. ў межах Цэнтральнага Французскага масіву, на плато Лімузен. Клімат умераны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважна с.-г. раён.

Найб. развіта жывёлагадоўля — развядзенне буйн. раг. жывёлы (у т. л. племянной), свіней, авечак. Пасевы пшаніцы, жыта, ячменю, грэчкі, бульбы, кармавых культур. У далінах вырошчваюць агародніну, садавіну, тытунь. Здабыча кааліну, уранавай руды. ГЭС на рэках Дардонь і Везер. У прам-сці пераважаюць тэкст. і харч. прадпрыемствы.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРДА́Н ((Jourdan) Жан Батыст) (29.4.1762, г. Лімож, Францыя — 23.11.1833),

французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804). Граф (1816). У 1779—83 удзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. У Франц. рэвалюцыю 1789—99 камандаваў батальёнам валанцёраў (з 1791), корпусам, арміяй (з 1793); перамог аўстр. войскі пры Флёрусе (1794). Ініцыятар закону аб канскрыпцыі (воінскай павіннасці). У час перавароту Васемнаццатага брумера 1799 выступіў супраць Напалеона Банапарта, пасля падтрымаў яго. У 1804—05 камандуючы Італьян. арміяй, у 1806—09 і 1812—13 ваен. саветнік і нач. штаба ісп. караля Жазефа Банапарта. З 1814 на службе ў Бурбонаў, камандаваў ваен. акругай. З 1819 чл. палаты пэраў.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТУА́Н ((Antoine) Андрэ) (31.1.1858, г. Лімож — 19.10.1943),

французскі рэжысёр і акцёр, тэарэтык т-ра. Арганізатар і дырэктар свабоднага т-ра (1887—95) і Т-ра Антуана (1897—1906), дырэктар т-ра «Адэон» (1906—14). З 1914 працаваў у кіно, займаўся тэатр. крытыкай. Прыхільнік і прапагандыст эстэт. прынцыпаў Э.​Заля, адстойваў рэалізм у тэатр. мастацтве. Выступаў супраць рамесніцкай «касавай» драматургіі, за ўключэнне ў рэпертуар парыжскіх т-раў прагрэс. франц. і замежнай драмы. Паставіў інсцэніроўкі паводле рамана бр. Ганкур, п’есы Ж.​Рэнара, Л.​Талстога («Улада цемры», 1888), Г.​Ібсена («Здані», 1890), Г.​Гаўптмана («Ткачы», 1893) і інш. Выступаў супраць штампаў у акцёрскім і рэжысёрскім мастацтве. Характарны акцёр, майстар мізансцэны. З лепшых роляў: Освальд («Здані»), Акім («Улада цемры») і інш.

Літ.:

Антуан А. Дневники директора театра, 1887—1906: Пер. с фр. М.; Л., 1939.

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМО́ЖСКАЯ ЭМА́ЛЬ,

вырабы з медзі з размалёўкай непразрыстай эмаллю майстроў з г. Лімож (Францыя) 15—17 ст. Яе вытокі — у мясц. традыцыях эмальернага мастацтва 12—15 ст. На развіццё паўплывалі маст. прынцыпы познагатычнага вітража, флам. і італьян. жывапісу. Т.зв. старая школа (апошняя чвэрць 15—1-я чвэрць 16 ст.) прадстаўлена пераважна культавымі рэчамі (абразы-складні, трыпціхі, рэлікварыі) з паліхромнымі кампазіцыямі на рэліг. сюжэты. Творы вызначаліся святочна яркай размалёўкай, увядзеннем у яе ліній і плям з золата, пераходам ад тэхнікі перагародчатай эмалі да размаляванай, блізкай да станковага жывапісу (майстар Н.​Пеніко), ад гатычных форм да рэнесансавых. Каля 1530 узнікла т. зв. новая школа, вырабы якой мелі пераважна свецкі характар (скрыначкі, блюды, чашы, збаны, пласціны-партрэты). Аздабляліся копіямі з гравюр А.​Дзюрэра, Рафаэля і інш. у тэхніцы грызайль на каляровым фоне, партрэты выконвалі па малюнках Ж.​Клуэ і яго паслядоўнікаў. Дэкор абрамлення блізкі да маньерыстычнай школы Фантэнбло (майстар Л.​Лімазен). У сярэдзіне 17 ст. вытв-сць Л.э. заняпала.

Да арт. Ліможская эмаль. Рэлікварый са сцэнамі з легенды пра святую Валерыю. Канец 12 ст.

т. 9, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНУА́Р ((Renoir) П’ер Агюст) (25.2.1841, г. Лімож, Францыя — 17.12.1919),

французскі жывапісец, графік, скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. З 1845 жыў у Парыжы. У 1854—58 працаваў у майстэрні па размалёўцы фарфору і адначасова займаўся ў Школе малюнка і дэкар. мастацтваў. У 1862—64 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у майстэрні Ш.​Глейра, дзе зблізіўся з К.​Манэ, А.​Сіслеем. У ранніх творах зазнаў уплыў Г.​Курбэ («Карчма матухны Антоні», 1866; «Дыяна», 1877). На мяжы 1860—70-х г. перайшоў да жывапісу на пленэры, апрабоўваў метад перадачы вібрыруемай святло-паветранай прасторы ў пейзажы; выпрацаваныя прынцыпы перанёс і на выявы людзей («Купанне на Сене», 1869). Паступова яго пісьмо станавілася празрыстым, палітра больш светлай, каларыт насычаўся тонкімі рэфлексамі, мяккімі кантрастамі цёплых па тоне ценяў і багатых серабрыста-жамчужнымі адценнямі асветленых зон («Ложа», 1874). Пры выяўленні бытавых, нібыта выпадковых эпізодаў і жыццёвых сітуацый, Р. аддаваў перавагу святочным сцэнам гар. жыцця — балям, танцам, прагулкам («Мулен дэ ла Галет», 1876; «Танец у Бужэвалі», 1883). Асаблівае месца ў яго творчасці займаюць паэт. і абаяльныя вобразы жанчын («Пасля абеду», «Парасонікі», 1879; «Мадэмуазель Грымпель з блакітнай стужкай», 1880; партрэт актрысы Жанны Самары, 1877). У выяўленні аголенай натуры ён дасягнуў рэдкай вытанчанасці карнацый, пабудаваных на спалучэнні цёплых цялесных тонаў з лёгкімі зеленаватымі і шэра-блакітнымі рэфлексамі, што надаюць гладкасць і матавасць паверхні палатна («Аголеная жанчына сядзіць на кушэтцы», 1876). Як выдатны каларыст часта дасягаў. уяўлення манахромнасці жывапісу з дапамогай найтанчэйшых спалучэнняў блізкіх па колеры тонаў («Дзяўчаты ў чорным», 1883). З 1880-х г. усё больш імкнуўся да класічнай яскравасці і абагульненасці форм, жывапісу ўласцівы рысы дэкаратыўнасці і ідылічнасці («Вялікія купальшчыцы», 1884—87). Лаканізм, лёгкасць і паветранасць штрыха ўласцівы шматлікім малюнкам і афортам. Аўтар скульптур «Венера-пераможца», «Суд Парыса» і інш. Іл. гл. таксама да арт. Імпрэсіянізм.

Літ.:

Вельчинская И. Ренуар: [Альбом] М., 1970;

Перрюшо А. Жизнь Ренуара: Пер. с фр. М., 1979.

Т.​В.​Пешына.

А.Рэнуар.
А.Рэнуар. Партрэт актрысы Жанны Самары. 1877.

т. 14, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)