Ляшч ’лешч, Abramis brama L.’ (Бес., Растарг.; швянч., Сл. ПЗБ), ля́шчэй — р. скл. мн. л. (р. Нёман ля Друскенікаў). Да лешч. Галосная ‑я‑ ўзнікла пад уплывам форм ускосных склонаў і, відавочна, пры націску (як у польск. мове) на другім складзе з канца. Сюды ж драг. лешчавочок ’малы лешч’ (Крыв.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лешч ’рыба Abramis brama L.’ (Жук., Дразд., ТС, Крыв., Бяльк., Касп., Яўс., Яруш., Яшк. З жыцця; полац., З нар. сл.; навагр., вільн., лудз., Сл. паўн.-зах.). Укр. лещ, лещик, лішч, ляшч, рус. лещ, ст.-рус. лещь, польск. leszcz, ст.-польск. kleszcz, н.-луж. klěšć, чэш. dlešť, dlešec, ляш. klesť, ст.-чэш. dlešč, славац. pleskač, plieskač, славен. ploščič, балг. (у Герава) лещ ’тс’. Паводле Махэка₂ (120–121), усе слав. назвы з’яўляюцца гукапераймальнымі ад слоў dleskati/pleskati/leskati — менавіта ў час нерасту ляшчы плёскаюцца, б’юцца аб ваду (Фэр’янц, Sloven. názvosl. ryb, 53). Аналагічна Слаўскі (4, 172, 173) прасл. lesk‑jь узводзіць да leskati ’ляскаць’ /leščati ’ляшчэць’. Пацвярджэннем гэтага служаць, напрыклад, бел. лешч ’удар далоняй рукі па ніжняй частцы цела’, ляшча ўзяць ’упасці задняй часткай цела’ (Нас.), круп. ляшч ’удар далонню’ (Нар. сл.), бялын. ’аплявуха, поўха’ (Яўс.). Фасмер (2, 430) звязвае лексему лещ з лат. leste, эст. lest ’камбала’. Іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 430–431. Гл. таксама ляшч. Каламіец (Происх. назв, рыб, 67) дапускае як самастойнае ўзнікненне прасл. leščь (ljaščь) на славянскім грунце, так і магчымасць запазычання лексемы з балтыйскіх гаворак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лягджа́й, ляґджа́й, ляжджа́й, лежджай ’від асакі, Carex L.’ (свісл., маст., КЭС; Сл. ПЗБ), ляжа́й ’тс’ (асіп., рагач., бярэз., Сл. ПЗБ); ’рагоз, Typha L.’ (Сл. ПЗБ). Балтызм, параўн. літ. lagėsčiai, lagesčiai, legė̃stas ’дзядоўнік, бадзяк, Cirsium oleraceum Scop.’ Для гэтай назвы ў бел. гаворках існуе і глухі варыянт, характэрны для балтызмаў: ляшч ’тс’ (там жа), плюшчэй ’тс’ (Кіс.), падпраўлены народнай этымалогіяй ад плюшч.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)