Ляда́ік, ліда́ік, ліда́ек, ляда́йка, ляда́шка ’сімптом ванітаў, непрыемнае, пакутлівае адчуванне перад ванітаваннем, моташнасць’, ліда́шна, лідаі́шна, ліда́шта ’моташна’, ляда́ча ’млосна, дрэнна’, лядае́к, лядая́к ’цяжка, невыгодна, нязручна’, ляда́ко ’дрэнна’, ляда́ка ’тс’, шчуч. ’непагадзь, вельмі дрэннае надвор’е’ (Мядзв., Мікуц., Касп., Шат., Бяльк., Мат. Маг., Яўс., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.). Сюды ж прыметнікі: ляда́кі, ляда́йкі, ляда́ікі ’дрэнны, нізкай якасці; пусты, непаслухмяны, абы-які’, ’паганы, сярдзіты’, ’плаксівы (дзіця)’, ’слабы, нездаровы’, ’брыдкі, непрыстойны, спешчаны’, ’нікуды не варты’ (Булг., Мікуц., Жд. 1, Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ). Запазычана са ст.-польск. leda jak ’абы-як’, якое складаецца з прасл. lěda ’толькі, абы’ (польск. lada > бел. леда) і jako ’як’ > jaki ’які’. Паланізмам лічыў гэту лексему і Шатэрнік (151).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лядойка ’дрэнна’ (Нас.). Да ляда́ік (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лядошна ’гідка, брыдка, агідна’ (Бяльк.). У выніку кантамінацыі з ляда́ік і рус. тошна, аднолькавых па значэнню.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліда́ік, ліда́ек ’моташнасць’ (лепел., КЭС; докш., круп., Сл. паўн.-зах.), бярэз. ліда́ць ’нудзіць’, докш. ліда́шна ’моташна’ (Сл. паўн.-зах.). Да ляда́ік (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мадзе́ць ’жыць у цяжкіх умовах, абы-як, гараваць’, ’марнець’, ’бязмэтна існаваць’ (ТСБМ; усх.-маг., КЭС; Гарэц., Янк. БП, Нас., Ян., Касп., Мат. Гом., Бяльк., Растарг.; рэч., Нар. сл.). Рус. паўн. моде́ть ’гніць, псавацца’, ’кіснуць’, ’паволі рабіць што-небудзь’, ’слаба гарэць’, ’прэць’, ’тлець’, ’вянуць’, ’чаўрэць, марнець, існаваць’, моделый ’слабы, знясілены’, ’стомлены’. Звязана з ц.-слав. измъдѣти ’самлець’, мъдити, умъднѫти ’марудзіць’, з назвай левага прытока р. Мсты (Наўгар. вобл.) — Мда ’павольная рака’, з чэш. mdlý ’слабы, бяссільны’, польск. mdłyлядаік’, ’слабы’, ’мізэрны’, в.-луж. módły ’тс’, славен. medǝ̀l ’слабы’, mǝ̀dléti ’марнець, чэзнуць’ (Фасмер, 2, 636 і 590–591; Праабражэнскі, 1, 544). Брукнер (347–348) у якасці і.-е. адпаведнікаў прыводзіць літ. maũsti ’ныць’, ’сумаваць’, ãpmaudas ’злосць, прыкрасць’, гоц. (ga)maudjan ’успомніць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)