Ляанін (правінцыя, Кітай) 6/468

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯАНІ́Н,

правінцыя на ПнУ Кітая. На Пд абмываецца Жоўтым м., на У прымыкае да мяжы з КНДР. Пл. 151 тыс. км2. Нас. 39,5 млн. чал. (1990). Адм. ц.Шэньян (Мукдэн). Больш за 1 млн. ж. у гарадах Шэньян, Фушунь, Аньшань. Паверхня пераважна гарыстая. На У Усх.-Маньчжурскія і Ляадунскія горы (выш. да 1367 м), на 3 адгор’і гор Ляасі, у цэнтр. ч. — нізінная раўніна. Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, гаручых сланцаў, магнезіту, алюмініевай сыравіны. Клімат мусоннага тыпу з гарачым вільготным летам і халоднай маласнежнай зімой. Ападкаў 500—1000 мм за год. Гал. рэкі Ляахэ і Ялуцзян. Л. — адзін з важнейшых індустр. раёнаў Кітая. На долю Л. прыпадае значная ч. здабычы каменнага вугалю (Фушунь і Фусінь), жал. руды (Аньшань і Бэньсі), сланцаў і інш. Буйныя ЦЭС і ГЭС. Агульнанац. значэнне мае чорная і каляровая металургія. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне (горназаводскае абсталяванне, станкі, эл.-тэхн. вырабы, чыг. рухомы састаў, судны, трактары), хім., нафтаперапр., буд. матэрыялаў, тэкст., харч. (алейная, мукамольная). У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства, часткова арашальнае. Вырошчваюць пшаніцу, рыс, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь. Агародніцтва і садоўніцтва. Рыбалоўства. Транспарт чыгуначны, марскі, рачны. Гал. марскія парты: Люйда, Аньдун, Інкоў.

І.Я.Афнагель.

т. 9, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯАЯ́Н,

горад на ПнУ Кітая, каля р. Тайцзыхэ (прыток р. Ляахэ), у прав. Ляанін. Каля 600 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак. Нафтахім. камбінат, прадпрыемствы машынабудавання, вытв-сць буд. матэрыялаў.

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЬША́НЬ,

горад на ПнУ Кітая, у даліне р.Ляахэ, у правінцыі Ляанін. Каля 1,4 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Цэнтр здабычы жал. руды і чорнай металургіі (найбольшы ў краіне металургічны камбінат). Цяжкае машынабудаванне, нафтаперапр., хім., цэментны з-ды.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭНЬСІ́,

горад на ПнУ Кітая, у правінцыі Ляанін. 751 тыс. ж. (1989). Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Адзін з гал. цэнтраў чорнай металургіі краіны, здабыча жал. руды і каксавальных вуглёў, вытв-сць вогнетрывалых матэрыялаў, кіслот, угнаенняў. Маш.-буд. (у т. л. вытв-сць трансп. сродкаў), хім., цэм., дрэваапр. прам-сць. Горны ін-т.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЯ́НЬ,

рус. Дальні, горад на ПнУ Кітая, у прав. Ляанін. Уваходзіць у адм. раён Люйда. 1,7 млн. ж. (1990). Буйны порт у зал. Даляньвань Жоўтага м., на паўд. канцы п-ва Гуаньдун. Знешнегандл. і прамысл. цэнтр. Прам-сць: металургічная, маш.-буд. (у т.л. судны), хім., нафтаперапр., электронная, буд. матэрыялаў, тэкст., харчовая. Рыбалавецкая база.

Першапачаткова рыбацкі пасёлак Цыніва. З 1860 наз. Д. Расія, атрымаўшы ў часовую арэнду ч. тэр. Кітая, у 1899 пабудавала на месцы пасёлка канцавую станцыю Усх.-Сіб. чыгункі і пераназвала яго Дальні. У 1904—45 акупіраваны Японіяй. У жн 1945 вызвалены Сав. Арміяй. Паводле сав.-кіт. дагавора 1945 кіт. ўрад прызнаў Д. свабодным портам. Прыстані і складскія памяшканні порта былі перададзены на 30 гадоў у арэнду СССР. У 1950 уся маёмасць бязвыплатна перададзена Кітаю.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮЙШУ́НЬ, Порт-Артур,

горад, порт і ваенна-марская база на ПнУ Кітая, у заліве Бахайвань Жоўтага м., у прав. Ляанін. Каля 1 млн. ж. (1997). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарогі. Цэнтр суднабудавання і суднарамонту. Могілкі рас. воінаў, якія загінулі ў час абароны Порт-Артура 1904—05 і сав. воінаў, што загінулі пры вызваленні Паўн.-Усх. Кітая ад японцаў у 1945.

Да 1880-х г. невял. рыбацкае паселішча са зручным для стаянкі караблёў рэйдам. З 1890-х г. кіт. ваен. крэпасць. У ходзе яп.-кіт. вайны 1894—95 узяты яп. войскамі, разам з Ляадунскім п-вам перададзены Японіі (крас. 1895). Пад націскам Расіі, Германіі і Францыі ў канцы 1895 вернуты Кітаю. Паводле канвенцыі 1898 Расія атрымала Л. у часовую арэнду ад Кітая. У канцы 19 — пач. 20 ст. рас. ваенна-марская база і г. Порт-Артур. У час рус.-яп. вайны 1904—05 горад гераічна абараняўся на працягу 329 дзён (гл. Порт-Артура абарона). У 1905—45 уладанне Японіі. 23.8.1945 вызвалены сав. войскамі (сумесная сав.-кіт. ваенна-марская база). У маі 1955 урад СССР вывеў з Л. свае войскі і перадаў збудаванні ў раёне базы ўраду Кітая.

т. 9, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)