люстра́цыя

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. люстра́цыя люстра́цыі
Р. люстра́цыі люстра́цый
Д. люстра́цыі люстра́цыям
В. люстра́цыю люстра́цыі
Т. люстра́цыяй
люстра́цыяю
люстра́цыямі
М. люстра́цыі люстра́цыях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

люстра́цыя ж., эк. люстра́ция

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

люстра́цыя, ‑і, ж.

У заходніх губернях царскай Расіі — перыядычнае апісанне дзяржаўных маёмасцей з мэтай вызначэння іх прыбытковасці.

[Польск. lustracja ад лац. lustrum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛЮСТРА́ЦЫЯ (ад лац. lustratio ачышчэнне ахвярапрынашэннем),

1) агульная назва рэліг. абрадаў, звязаных з уяўленнямі пра ачышчальную, душавыратавальную сілу магічных дзеянняў, рытуалаў.

2) У шэрагу ўсх.-еўрап. дзяржаў (Венгрыя, Чэхія, Эстонія, Латвія, Румынія) Л. — працэдура праверкі асоб, якія займаюць адказныя дзярж. пасады, а таксама кандыдатаў на гэтыя пасады на прадмет іх прыналежнасці ў мінулым да кіраўніцтва камуніст. партый, службаў дзярж. бяспекі або супрацоўніцтва з гэтымі службамі. Праверка праводзіцца на падставе закону аб Л. Калі выяўлена супрацоўніцтва асобы з рэжымам, ёй прапаноўваецца добраахвотная (з захаваннем тайны выяўленых фактаў) або прымусовая (з публічным абнародаваннем кампраметуючай інфармацыі) адстаўка.

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮСТРА́ЦЫЯ (польск. lustracja ад лац. lustrum падатковы або фіскальны перыяд),

перыядычны вопіс дзярж. маёмасці з мэтай вызначэння яе даходнасці. 1) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай Л. праводзілася ў 16—18 ст. (з 1562 кожныя 5 гадоў) з мэтай павелічэння даходнасці дзярж. уладанняў, а таксама пры перадачы іх новаму дзяржаўцу. Л. праводзілі спецыяльна прызначаныя чыноўнікі — люстратары; іх асоба лічылася недатыкальнай, а знявага разглядалася як цяжкае дзярж. злачынства. Паколькі Л. шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ не праводзіліся, то яны ахоплівалі толькі частку насельніцтва. У выніку праведзенай Л. складаўся дакумент, які таксама называўся Л.

2) У Расійскай імперыі Л. праводзіліся ў 1778—1876 рас. урадам на тэр. Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны (на Беларусі да 1867). Л. 1778 і 1779 праводзіліся з мэтай павелічэння даходаў дзярж. казны. У канцы 1839 міністрам дзярж. маёмасці П.​Дз.​Кісялёвым пачата Л. 1840—50-х г. Праводзілася ў 2 этапы: да 1844 пры захаванні фальваркова-паншчыннай сістэмы, з 1844 шляхам паскоранага пераводу сялян дзярж. маёнткаў на аброк, знішчэння фальваркова-паншчыннай сістэмы. Да 1857 на аброк пераведзены ўсе дзярж. маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. У 1858 і 1867 праводзіліся праверачныя Л.

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Люстра́цыя ’перыядычнае апісанне дзяржаўных маёмасцей з мэтай вызначэння іх прыбытковасці ў зах. губернях царскай Расіі’ (ТСБМ), ст.-бел. люстрация ’праверка, інспекцыя’ запазычана са ст.-польск. lustracja ’кантроль, агляд’, якое з лац. lūstratio ’агляд’ < lūstrāre ’рабіць агляд, прыглядацца, аглядаць, вандраваць’ (Слаўскі, 4, 386; Булыка, Лекс. запазыч., 31). Крукоўскі (Уплыў, 80) памылкова называе крыніцай запазычання рус. люстрация.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

люстра́ция эк. люстра́цыя, -цыі ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

1) сельскае феадальна залежнае насельніцтва, якое жыло на дзярж. землях у ВКЛ у 14—18 ст. Узніклі з асабіста вольных сялян-абшчыннікаў і чэлядзі нявольнай, пасаджанай на зямлі вял. князя. У склад Дз.с. уваходзілі таксама сяляне-слугі (гл. Слугі), асочнікі, бортнікі, конюхі і інш. Запрыгонены пры ажыццяўленні валочнай памеры. У 17—18 ст. з Дз.с. зліліся ніжэйшыя ваен. слугі, якія жылі на гаспадарскіх землях (баяры).

2) Катэгорыя сельскага насельніцтва ў Рас. імперыі ў 18—2-й пал. 19 ст. Вылучаны пры Пятру I з незапрыгоненых чарнасошных сялян, палоўнікаў, аднадворцаў і інш.

Жылі на казённых землях, плацілі казне феад. рэнту за карыстанне землямі і лічыліся асабіста вольнымі. Рас. ўрад раздаваў, прадаваў ці здаваў у арэнду дваранам дзярж. маёнткі з Дз.с. Гэта катэгорыя пазней павялічана за кошт сялян секулярызаваных царк. уладанняў і далучаных тэр. (Прыбалтыкі, Украіны, Беларусі, Крыма, Закаўказзя) і інш. У Беларусі і ў інш. зах. рэгіёнах пасля іх далучэння да Рас. імперыі (канец 18 ст.) у катэгорыю Дз. с. уключаны аднадворцы, панцырныя баяры, сяляне канфіскаваных маёнткаў, вайск. людзі, вольныя хлебаробы і інш. Ва ўмовах заняпаду дзярж. гаспадарак, збяднення і хваляванняў Дз. с. рас. ўлады ў 1830—50-я г. рэарганізавалі дзярж. вёску (у т. л. ў 1837—41 праведзена Кісялёва рэформа). У 1840—50-я г. ў зах. губернях Расіі праведзена люстрацыя (фіксацыя, упарадкаванне павіннасцей) Дз. с. У сярэдзіне 19 ст. яны складалі каля 45% усіх сялян. З 1857 паншчына поўнасцю заменена аброкам, ліквідавана практыка здачы дзярж. маёнткаў у арэнду, зменшаны памеры феад. павіннасцей і павялічаны зямельныя надзелы. Сялянская рэформа 1861 не пашырылася на Дз.с. Паводле рэформы дзярж. сялян 1867 у Беларусі яны пераводзіліся з аброку на выкуп.

Літ.:

Козловский П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1982;

Кабузан В.М. Государственные крестьяне России в XVIII — 50-х гг. XIX в.: Численность, состав и размещение // История СССР. 1988. № 1.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)