лы́чнік

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. лы́чнік лы́чнікі
Р. лы́чніка лы́чнікаў
Д. лы́чніку лы́чнікам
В. лы́чніка лы́чнікаў
Т. лы́чнікам лы́чнікамі
М. лы́чніку лы́чніках

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

ліпня́к Ліпавы лес Tilia, ліпавы зараснік (БРС). Тое ж лі́па, лі́пнік, лі́пі́шча, ліпаўё, лі́павічча, ліпняччо, лі́пічча, лі́пнівічча, лі́пішчаўе, лі́пачча, лі́пкі, ліпя́к, ліпча́, ліпня́, лі́піста, лі́пста, ліпа́к, лы́чнік, лы́кі (Слаўг.), лі́пнік, лі́пкі (Жытк.).

в. Ліпа і р. Ліпа каля Буда-Кашалёва, в. Вялікая Ліпаўка Хоц., пас. Ліпнік у в. Рэкта Слаўг., в. Ліпнікі Слуцк., ур. Наліпкі каля в. Беражцы Жытк.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Лы́ка1, лы́ко, лэ́ко, лы́чка ’луб з карой маладых, лісцевых дрэў (ліпы, лазы), з якога плялі лапці’, ’вязка, нізка’ (ТСБМ, Шат., Бес., Яруш., Бяльк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), лы́кі ’скруткі лыка’ (Касп.). Укр. ли́ко, рус. лы́ко, лы́ка (ж. род), польск. łyko ’тс’, lyka ’путы, няволя’, н.-, в.-луж. łyko, łyka ’лыка’, чэш. lýko ’тс’, ’вяроўка з лыка’, славац. lyko, славен. líkọ, lȋčje, серб.-харв. ли̏ка, устар. ли̏ко, макед. лико, лика, балг. ли́ко, лика́ ’тс’, ’вяроўка з лыка’, ’канапляная, шаўковая нітка’; рус. разан. лы́ко і макед. радопск. лика ’ліпа’. Прасл. lyko унутраны слой кары з маладых дрэў (ліпы)’ (Слаўскі, 5, 401–405 з аглядам л-ры). З і.-е. паралелей захаваліся толькі балт. з другасным ‑n‑: літ. lùnkas, лат. lûks ’лыка’, ст.-прус. lunkan ’тс’ і, паводле некаторых этымолагаў (гл. Фасмер, 2, 540–541), таксама ст.-інд. lúñcati ’рве, лушчыць, здзірае, лупіць’, ст.-в.-ням. (род. склон lōwes) ’мяздра, лыка’, — усе да і.-е. lū‑k‑o < *leuk‑ ’светлы’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 164–166). Сюды ж лы́чышніклычнік, які дзярэ лыкі на продаж’ (Бяльк.). Гл. таксама Скок (2, 301), Шустар-Шэўц, 11, 783; Бязлай, 2, 141; БЕР, 3, 400.

Лы́ка2 ў выразе: лы́ка ты сьвіноя (Шат.). Да лыч2 (гл.).

Лы́ка воўчае ’ваўчаягада звычайная, Daphne mezereum L.’ (віц., барыс., мін., Кіс.). Укр. лико вовче, польск. wilcze łyko, н.-луж. wʼelkowe łyko, чэш. vlčí lýko, серб.-харв. лико ву̀чје, балг. диво лико ’тс’, славен. volčja lika ’бружмель лясны’. Прасл. vl̥ʼčje lyko ’ваўчаягада звычайная’. Аналагічна ням. Wolfsbast ’тс’ (Слаўскі, 5, 404; Махэк, Jména, 152).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)