Лесапільная рама 4/295; 6/339 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ РА́МА, піларама,

разнавіднасць дрэварэзальнага станка для падоўжнай распілоўкі бярвён і брусоў. Аснашчаны камплектам паласавых рамных піл, замацаваных у пілавальнай рамцы.

З дапамогай крывашыпна-шатуннага механізма рамка робіць зваротна-паступальныя рухі і распілоўвае піламі бервяно, якое падаецца механізмам вальцовага тыпу. Л.р. аснашчаюць цялежкамі для падачы бярвён і ральгангамі для адвозкі піламатэрыялаў. Верт. Л.р. пашыраны ў лесапільнай вытв-сці, гарыз. (аднапільныя) — у вытв-сці фанеры пры распілоўванні бярвён на загатоўкі.

Схема вертыкальнай лесапільнай рамы: 1 — электрарухавік; 2 — бервяно; 3 — пілавальная рамка; 4 — камплект піл; 5 — вальцы; 6 — крывашыпна-шатунны механізм.

т. 9, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ, лесапілаванне,

вытворчасць дрэваапрацоўчай прамысловасці па вырабе піламатэрыялаў (дошкі, брусы, шпалы) з бярвён. Дадатковая прадукцыя — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Перапрацоўка бярвён ажыццяўляецца на лесапільных з-дах, якія ўключаюць лесапільныя, сушыльныя, дапаможныя цэхі, склады сыравіны і піламатэрыялаў. На складах праводзіцца выгрузка бярвён, сартаванне, укладка ў штабелі для зімовага захоўвання, акорванне і падача ў лесапільны цэх для распілоўкі. На гэтых работах выкарыстоўваюцца крану (кабельныя, казловыя, вежавыя), ланцуговыя і тросавыя транспарцёры, лябёдкі, бярвёнацягалкі і інш. У лесапільным цэху падоўжнае распілоўванне бярвён і брусоў робяць на стужка- і круглапільных станках, лесапільных рамах. Кавалкавыя адходы перапрацоўваюць на тэхнал. трэскі рубільнымі машынамі. Піламатэрыялы сартуюць, укладваюць у пакеты і адвозяць на склад для атм. сушкі або ў сушыльны цэх для камернай сушкі. Таварныя піламатэрыялы канчаткова сартуюць, тарцуюць, укладваюць у шчыльныя трансп. пакеты і адгружаюць спажыўцу. Выхад піламатэрыялаў з бярвён складае ў сярэднім 60—65%. На Беларусі Л.в. развіта вельмі шырока: на буйных прадпрыемствах канцэрна «Беллеспаперапрам», на большасці прадпрыемстваў як дапаможныя лесапільныя цэхі, у калгасах, саўгасах і інш. гаспадарках. 24 лесапільныя прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» вырабілі 467,8 тыс. м³ піламатэрыялаў (1998), у т. л. «Мастоўдрэў» 56,4 тыс., «Мазырдрэў» 49,5 тыс., «Фандок» 48,1 тыс., «Лунінецлес» 46,6 тыс., «Віцебскдрэў» 34,5 тыс., «Гомельдрэў» 32,2 тыс., «Пінскдрэў» 27 тыс., «Івацэвічдрэў» 22,8 тыс., «Магілёўлес» 28,8 тыс., «Магілёўдрэў» 20,1 тыс. м³ і інш.

Н.​Ю.​Пабірушка, П.​І.​Кавалёнак.

Да арт. Лесапільная вытворчасць. Лесапільны цэх у вытворчым аб’яднанні «Гомельдрэў».

т. 9, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАДЗІШЧА́НСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1895—1905 у в. Калодзішчы (цяпер пас. Калодзішчы ў Мінскім р-не). Вырабляла розныя лесаматэрыялы. На фабрыцы дзейнічаў паравы рухавік. У 1900 працавала 30 чалавек.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАБЕ́ЛІЦКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1896—1914 у мяст. Новая Беліца (цяпер у межах г. Гомель). Вырабляла дошкі. У 1900—13 была паравая машына (80 к.с.). У 1908—10 працавалі 64 чал.

т. 11, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІ́ЦКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1895—1914 на чыг. ст. Пціч Мазырскага пав. (цяпер вёска і чыг. станцыя ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл.). Мела паравыя рухавікі. У 1908—13 працавала 40 чал., у 1913 выраблена дошак на 80 тыс. руб.

т. 13, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЧЫНСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1899—1908 у в. Лочын, Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл. У 1899 мела паравы кацёл, у 1908 — лакамабіль (24 к.с.), 2 цыркулярныя пілы. У 1900 вырабляла 14 тыс. шт. дошак для скрынак. У 1904 працавала 175 чал.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВІ́ДСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1890—1914 у в. Мілавіды Слонімскага пав. (цяпер вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.). Вырабляла дошкі. Мела паравую машыну (20 к.с.), з 1913 лакамабіль (17 к.с.). У 1900—02 працавала 89 чал., выраблена дошак на 6,5 тыс. руб.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ШСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1908—13 у маёнтку Глуша Бабруйскага пав. (цяпер рабочы пасёлак у Бабруйскім р-не). Мела паравы рухавік (30 к.с.). У 1908 працавала 50 чал., выраблена дошак на 120 тыс. руб., клёпак і гонты на 9 тыс. руб. 20 рабочых у 1910 вырабілі прадукцыі на 130 тыс. руб.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лесапі́льны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаны, служыць для распілоўкі лесу (у 2 знач.). Лесапільная машына. Лесапільны станок. // Які займаецца распілоўкай лесу (у 2 знач.), вырабам пілаваных матэрыялаў. Лесапільны завод. Лесапільная прамысловасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)