Лакруа Ж. 8/395

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Клеменс) (1828, Вільня — ?),

бел. скульптар. Вучань К.Ельскага. Скончыў Пецярбургскую АМ, дзе атрымаў дыплом за бюст з натуры (1851). З 1861 жыў у Парыжы. Ствараў партрэтныя скульптуры (бюсты, медалі), надмагільныя помнікі, творы на рэліг. тэмы, выкарыстоўваючы пластыку з розных матэрыялаў — гіпсу, мармуру, бронзы. З 1867 дэманстраваў работы ў парыжскіх салонах. Сярод твораў: бюсты генерала В.​Замойскага (1867), Л.​Нядзведскага (1869), франц. мастака Э.​Дэлакруа (1873), рус. філосафа Р.​Вырубава, публіцыста З.​Кржыжаноўскага-Лакруа (абодва 1881), эпітафія А.​Чартарыйскага (1866—68), партрэтныя медальёны.

А.​К.​Лявонава.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

раздзел геаметрыі, у якім уласцівасці геаметрычных аб’ектаў (пунктаў, ліній, паверхняў) даследуюцца сродкамі алгебры на падставе метаду каардынат (праз вывучэнне ўласцівасцяў ураўненняў, графікамі якіх гэтыя аб’екты з’яўляюцца).

Узнікненне метаду каардынат звязана з развіццём у 17 ст. астраноміі, механікі, тэхнікі. Асновы аналітычнай геаметрыі заклалі Р.​Дэкарт (1637) і П.​Ферма (1629); далейшае развіццё звязана з працамі Г.​Лейбніца, І.​Ньютана, Л.​Эйлера, Ж.​Лагранжа, Г.​Монжа, С.​Лакруа і інш. Асн. задача аналітычнай геаметрыі на плоскасці — даследаванне ліній 1-га (прамыя) і 2-га (эліпс, гіпербала, парабала) парадку, якія ў дэкартавых каардынатах вызначаюцца алг. ўраўненнямі адпаведна 1-й і 2-й ступені. Аналітычная геаметрыя ў прасторы даследуе паверхні 1-га (плоскасці) і 2-га (эліпсоід, гіпербалоід, парабалоід, конус, цыліндр) парадку, якія вызначаюцца алг. ўраўненнямі адносна дэкартавых каардынат адпаведна 1-й і 2-й ступені.

Метад даследавання і класіфікацый ліній і паверхняў прадугледжвае адшуканне такой прамавугольнай сістэмы каардынат, у якой адпаведнае ўраўненне набывае найб. просты выгляд. Метадамі аналітычнай геаметрыі карыстаюцца ў матэматыцы, фізіцы, механіцы, тэхніцы і інш. На Беларусі значны ўклад у развіццё аналітычнай геаметрыі зрабілі У.​К.​Дыдырка («Цыркулярныя крывыя 3-га парадку» — 1-я на Беларусі матэм. манаграфія, 1928) і І.​К.​Богаяўленскі («Аналітычная геаметрыя» — 1-ы беларускамоўны падручнік па вышэйшай матэматыцы, 1932).

Літ.:

Тышкевич Р.И., Феденко А.С. Линейная алгебра и аналитическая геометрия. 2 изд. Мн., 1976.

А.​А.​Гусак.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСАНАЛІ́ЗМ (ад лац. persona асоба),

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць асобу першаснай творчай рэальнасцю і найвыш. духоўнай каштоўнасцю, а ўвесь свет — праяўленнем творчай актыўнасці вярх. асобы — Бога. Узнік у канцы 19 ст. ў ЗША (Б.​Боўн, Дж.​Ройс і іх паслядоўнікі — Э.​Брайтмен, Э.​Кент, Р.​Т.​Флюэлінг і інш.), у пач. 20 ст. ў Расіі (М.​А.​Бярдзяеў, М.​А.​Лоскі, Л.​І.​Шастоў) і Францыі (Э.​Мунье, Ж.​Лакруа, П.​Рыкёр, М.​Недансель). Упершыню тэрмін «П.» у гісторыі філасофіі ўжыў Ф.​Шлеермахер у «Прамове аб рэлігіі да адукаваных людзей, якія ёю пагарджаюць» (1789). Вытокі П. як асаблівай пазіцыі распрацоўваліся пачынаючы з перыяду хрысціянства, хаця немалаважнае значэнне мелі ант. канцэпцыі асобы, абгрунтаваныя Платонам, Сакратам, Эпікурам, неаплатонікамі. Непасрэднай тэарэт. асновай П. з’яўляецца манадалогія Г.​Лейбніца як вучэнне аб духоўных субстанцыях, якія валодаюць энергіяй і існуюць у гармоніі паміж сабой і Богам. Спецыфічнымі сродкамі выражэння персаналісцкіх поглядаў і ідэй сталі філас. вучэнні С.​К’еркегора, І.​Фіхтэ, М.​Шэлера і інш.

Паводле канцэпцыі П., прырода ўяўляе сабой сукупнасць духаў — «асоб», а чалавек — вобраз і падабенства вярх. асобы — Бога (мае ў сабе боскі элемент). Асоба чалавека ёсць непаўторная, унікальная суб’ектыўнасць, адзіная рэальнасць і праяўленне быцця; яе вытокі — у адзіным пачатку, царстве духа — у Богу, а яе прадвызначэнне — пошук, пазнанне духу ісціны і любоў да яе. Для асобы характэрны 3 вектары існавання: экстэрыярызацыя (знешняе самаажыццяўленне), інтэрыярызацыя (унутр. засяроджанасць, духоўны свет), трансцэндэнцыя (самавызначэнне, арыентацыя на вышэйшыя, боскія каштоўнасці). У адпаведнасці з прынцыпамі тэізму ўсю гісторыю чалавецтва персаналісты разглядаюць як гісторыю развіцця персанальнага духу, а ўнутр. свет асобы як сапраўдную арэну быцця, прычыну ўсіх магчымых канфліктаў. З гэтага пункту погляду культ.-сац. сітуацыя 20 ст. з’яўляецца сітуацыяй разарванасці, непаўнаты чалавечага існавання, яго падпарадкаванасці знешнім фактарам (рэлігіі, навуцы, маралі, вытв-сці, спажыванню); адбываецца разрыў асобаснага і сацыяльнага, які з’яўляецца выражэннем больш глыбокага метафіз. канфлікту чалавечага і касмічнага. У рамках П. быў сфармуляваны гуманіст. тэзіс аб свабодзе асобы як крытэрыі дэмакратычнасці грамадства; яе правы і свабоды — найвышэйшая каштоўнасць і сутнасць дэмакратыі. Персаналісты акцэнтуюць увагу на выхаваўчай ролі асобаснай філасофіі, бачаць у ёй педагогіку, нацэленую на абуджэнне асобаснага пачатку ў чалавеку. Ідэалам знешняга самаажыццяўлення чалавека-асобы прызнаецца маст. творчасць, якая абавязкова накіравана на вышэйшыя каштоўнасці і з’яўляецца спецыфічным відам дзейнасці, што ажыццяўляе сувязь чалавечага з боскім. Розныя аспекты праблематыкі П. распрацоўваюцца ў фенаменалогіі, экзістэнцыялізме, філасофскай антрапалогіі, герменеўтыцы і інш.

Літ.:

Вдовина И.С. Эстетика французского персонализма. М., 1981;

Проблема человека в западной философии. М., 1988;

Lacroix J. Marxisme, existentialisme, personnalisme. 6 éd Paris, 1966;

Яго ж. Personnalisme comme anti-idéologie. Paris, 1972.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)